Украіна без міліцыі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/LxES7XIyQ-o”][vc_column_text]Ва Украіне з сённяшняга дня прыпыняе сваю дзейнасць міліцыя. Замест яе праваахоўныя функцыі будзе выконваць паліцыя.

Рэформа праваахоўных органаў стала першай і пакуль найбольш прыкметнай ва Украіне. Яна пачалася з перафарматавання найбольш карумпаванай структуры – ДАІ. Са жніўня дарогі патрулююць паліцыянты – у новым строі, з жэтонамі, яны не бяруць хабароў і намагаюцца дапамагчы грамадзянам у любой складанай сітуацыі – перайсці дарогу, замяніць прабітае кола і выратаваць жывёлу. Большая частка нованабраных паліцэйскіх ніколі раней не служылі ў міліцыі.

Нацыянальную паліцыю Украіны ўзначаліла Хація Дэканаідзе – яшчэ адзін грузінскі вараг-рэфарматар. У Грузіі яна была першым рэктарам Акадэміі паліцыі, і менавіта з гэтай пасады ў 2012 годзе была прызначаная міністрам адукацыі і навукі Грузіі. Цяпер яна мае прапанаваць Украіне новую сістэму грамадскай бяспекі і крымінальнай паліцыі.

 

«Мы цяпер распрацоўваем новую канцэпцыю спецназа, працуем над сістэмай новай атэстацыі. Мы хочам каб у паліцыю Ўкраіны трапілі толькі шчырыя, сумленныя, выдатныя людзі», – кажа Дэканаідзе.

 

Украінскія ўлады разлічваюць, што Міністэрства ўнутраных справаў, якому падпарадкоўваецца паліцыя, стане першым цывільным міністэрствам еўрапейскага ўзору. А ягоная структура абновіцца поўнасцю да вясны наступнага года.

Міліцыя ва Украіне, як і ў іншых рэспубліках Савецкага Саюзу, з’явілася адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У дзень чарговага яе юбілею міліцыя ва Украіне закрылася. А свята 7 лістапада перастала быць чырвоным днем календара.

Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў