31 сакавіка – дзень касмічнай рэвалюцыі Ілона Маска


Новая касмічная рэвалюцыя!

Шмат гадоў чакання, бесперапынныя напрацоўкі, шэраг няўдалых выпрабаванняў ды нарэшце – новая касмічная рэвалюцыя! Кампанія «Space X» паспяхова запусціла для дастаўкі спадарожніка сувязі на арбіту ракету «Falcon 9», якая летась у красавіку ўжо пабывала ў космасе ды гэтак жа паспяхова даставіла груз на міжнародную касмічную станцыю.

«Гэта як параўнаць з тым, калі ў вас ёсць некалькі самалётаў, і вы пасля кожнага палёту выкідваеце адзін з іх на сметніцу, а зараз можаце выкарыстоўваць некалькі разоў. Мы чакалі 15 гадоў, каб прыйсці да гэтага, таму я вельмі ганаруся камандай «Space X» за дасягненні гэтага неверагоднага этапу ў гісторыі прасторы», – заявіў генеральны дырэктар кампаніі Ілон Маск.

Запуск «Falcon 9» адбыўся напярэдадні

А 22:27 мясцовага часу з касмадрому імя Кенэдзі ў штаце Флорыда ракета паляцела. Ужо менш як праз 3 хвіліны пасля палёту першая ступень ракеты аддзялілася. А яшчэ праз 6 хвілінаў яна паспяхова прызямлілася на плывучай платформе ў Атлантычным акіяне – гэтак сама, як і год таму. Такім чынам, «Falcon 9» можна афіцыйна назваць першаю шматразоваю ракетай у свеце!

«Сталае паўторнае выкарыстанне ракетаў – гэта сапраўды ключ, які адкрывае нам магчымасці для асваення прасторы. Гэткія ракеты маюць вялікую будучыню ды неверагодна натхняюць, так што мы будзем з нецярплівасцю чакаць новых палётаў», – дзеліцца сваім уражанне Ілон Маск.

Усе ў захапленні!

Задаволеныя з палёту ракеты не толькі заснавальнік кампаніі ды генеральны дырэктар Ілон Маск і ягоная каманда, але і замоўнік паслугі – люксембургская кампанія СЭС (SES). Апошняй «Falcon 9» паабяцала зрабіць зніжку на паслугу: кожны запуск новай «Falcon 9» каштуе $ 62 млн!

«З усіх трох місіяў, якія мы мелі са «Space X», гэта самая спакойная. Не было аніякіх праблемаў, усё прайшло гладка. Нават не ведаю, ці магло б быць лепш. Аднак мы вельмі, вельмі ўсхваляваныя, бо толькі цяпер пачалі ўсведамляць, што мы частка гэтай гісторыі», – падкрэсліў Марцін Гэліўэл, галоўны тэхнічны дырэктар «SES».

Ракеты шматразовага выкарыстання, паводле Ілона Маска, будуць спрыяць камерцыйнаму асваенню космасу за кошт патаннення кошту пускаў, бо менавіта першая ступень ракеты – самы дарагі яе кампанент.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Red Huber / Zuma Press / Forum