3000 рэзервістаў прызвалі на вайсковыя зборы


У войска можна трапіць нечакана, нават калі 27-гадовы ўзрост даўно перакрочаны. Магілёвец, шараговы запасу Аляксей Дабрынец, які адслужыў тэрміновую службу ў 2002-ым годзе, атрымаў пазоў на праходжанне вайсковых збораў:

На пачатку мяне як маланкай ашарашыла, не чакаў я такога – у мяне немаўлятка-сын, яшчэ года няма.

Пазовы на адбыванне збораў да 25-ці дзён у вайсковых злучэннях атрымалі тры тысячы беларускіх вайсковаабавязаных – у межах комплекснага правярання баявой гатовасці беларускага войска. Як раней заявіў першы намеснік міністра абароны Беларусі, інспекцыю пройдуць 30 вайсковых частак і падраздзяленняў.

Каментуе Алег Белаконеў, кіраўнік Генштабу Узброеных сілаў:

Ніводны орган вайсковага кіравання, ні водны штаб, ні адзін пасадовец узброеных сілаў не застанецца без участка. Маштабы праверкі дастаткова абʼёмныя, гэта праводзіцца ўпершыню.

Вайсковае камандаванне, праўда, ніяк не назвала прычынаў, чым могуць быць выкліканыя такія маштабныя і нечаканыя рыхтаванні. Аднак паводле супадзенні ў апошнія тыдні ў незалежных медыях абмяркоўваецца сцэнар магчымай гібрыднай акупацыі Беларусі падчас агульных з Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад», запланаваных на верасень. Гэткія разважанні не засталіся незаўважанымі Аляксандрам Лукашэнкам падчас ягонага пятнічнага маналогу.

«Калі нехта мяркуе, што ўжо некалькі тысячаў вагонаў загрузілі ды нас акупуюць, Расея ўводзіць сюды свае войскі, – не будзьце вы наіўнымі. Войскі высадзяць недзе каля палігону, разабюць лагер, там будзе мізер баявых прыпасаў – толькі каб адстраляць па мішэнях, астатняе – халастыя боепрыпасы. Усё пад кантролем».

На меркаванне старшыні руху ветэранаў «Ахоўнікі Бацькаўшчыны» Аляксандра Камароўскага, маштаб правярання рэзервістаў мусіць быць большы ўдвая.

Досвед апошніх 3х гадоў Украіны паказаў што войска было аслабленае ў іх, у выніку частку тэрыторыі захваціў расейскі агрэсар. І трэці год ужо ідзе кровапралітная вайна, якая ўнесла ўжо жыццяў больш чым Аўганская вайна.

Падпалкоўнік вайскова-паветраных сілаў у адстаўцы мяркуе, што цяперашнія зборы могуць стаць добрым, але першым крокам у набліжэнні да баявой гатовасці.

Адпаведна з законам так, як Аляксея, мабілізаваць могуць любога вайсковаабавязанага беларуса, якому не споўнілася 50-ці гадоў. Вызваць з рэзерву маюць права нават 8 разоў цягам жыцця, а за ўхіленне можна атрымаць да двух гадоў турмы.

Сітуацыю з сумеснымі з Расеяй вучэннямі каментуе кіраўнік дзяржавы:

«Расейскія войскі, што будуць уведзеныя ў Беларусь, дакладна гэтаксама адсюль і сыдуць. Расея ніколі не акупуе Беларусі».

МВbelsat.eu