Аб'ектыў 23.06.2018 24 гады таму Лукашэнка ўпершыню перамог на выбарах


Першы тур выбараў 1994-га адбыўся 23 чэрвеня. У ім было 6 кандыдатаў, усіх выперадзіў Аляксандр Лукашэнка.

У другім туры Аляксандр Лукашэнка перамог Вячаслава Кебіча, дасягнуўшы 80,6 %. Выбары былі дэмакратычныя. Але гэта быў адказ беларусаў на гаспадарчы, палітычны і псіхалагічны крызіс у краіне, якая апынулася на ростанях пасля распаду СССР.

«Падчас такога крызісу і з’явіўся Лукашэнка, які прапанаваў свой варыянт новага жыцця, які мала адрозніваўся ад таго варыянту, які быў у савецкія часы, але тым не менш людзі паверылі і яго падтрымалі», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Адразу пасля выбараў Аляксандр Лукашэнка правёў рэферэндум, пазбавіўшыся ад адзінае беларускае мовы ў якасці дзяржаўнае і нацыянальных сімвалаў. А хутка дайшло і да зменаў Канстытуцыі, неабмежаванасці кіравання ды расправы з найбольш яскравымі апанентамі. А дзяржава пакацілася на ўсход – у абдымкі Крамлю, хаця і пад маркаю незалежнасці.

«Паглядзіце, што робіцца ў Польшчы, у Літве, у Латвіі, не кажу ўжо пра Эстонію. Вазьміце проста адзін сярэдні заробак. У тры разы, у тры з паловай разы большы, чым у Беларусі. Пра гэта не заікаюцца ў нас. І гаварыць сёння пра тое, што ў нас будзе 800 рублёў праз два гады, – гэта старая гаворка, якая была дзесяць гадоў назад», – кажа першы кіраўнік незалежнае Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Менавіта за Шушкевіча галасавала б сёння большасць апытаных намі на вуліцы менчукоў.

Але ў 94-м беларусы абралі іншы варыянт – не той, што абяцаў Шушкевіч: зрабіць Беларусь «заможнай еўрапейскай краінай».

Замест еўрапейскага напрамку Лукашэнка абраў расейскі, і напярэдадні сваёй 24-гадовай перамогі раптам прыгадаў пра кошт гэтага хаўрусу.

«Мы на фронце: не вытрымаем гэтых гадоў, правалімся – значыць трэба будзе ці ў склад нейкай дзяржавы ісці, ці аб нас будуць папросту выціраць ногі. А не да бог, яшчэ і развяжуць вайну, як ва Украіне», – заявіў кіраўнік Беларусі.

«Нечаканае і трохі дзіўнае выказванне з вуснаў чалавека, які заўсёды апошнія гады пафасна распавядаў пра суверэнітэт як найвышэйшую каштоўнасць. Па-другое, чалавек, які заўсёды ганарыўся той нібыта выдатнай эканамічнай мадэллю дзяржавы, якую ён пабудаваў», – кажа метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

А калі мадэль неэфектыўная і пагражае незалежнасці, то закладнікамі аднаго будаўніка за 24 гады кіравання зрабіліся ўсе беларусы.

Сяргей Падсасонны

Глядзі таксама
Каментары