Аб'ектыў 20.07.2018 24 гады таму адбылася першая інаўгурацыя Лукашэнкі


20-га ліпеня – дзень у гісторыі, калі вялікі еўрапейскі народ, толькі-толькі атрымаўшы незалежнасць, зрабіў першы крок ад свабоды і закону да царства сілавікоў і спецслужбаў. Роўна 24 гады таму адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі – самая першая, самая сціплая і дзелавая. Бо тады прэзідэнт яшчэ быў гарантам дэмакратыі, а не валадаром усяго навокал.

Чаму гэта здарылася? Адная з прычынаў – беларусы не былі гатовыя да палітычнага і эканамічнага шоку 1990-ых. Кожны помніць пачатак незалежнасці па-свойму.

Жыхары Менску:

«Цяжка было. Талоны, чэргі…».

«Гэта быў час творчага нацыянальнага пад’ёму. Памятаю, па праспекце ладзілі палітычныя і мастацкія акцыі, туды-сюды хадзілі людзі».

«Сітуацыя ў эканоміцы была цяжкая пасля развалу СССР».

«Свабода і магчымасці. Усе думалі, што будзе лепш».

Тады яшчэ малады дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка на выбарах абяцаў і вярнуцца назад, у СССР, і перамагчы карупцыю, і забяспечыць дэмакратыю.

Кандыдат на прэзідэнта Лукашэнка кажа: «… І я, калі буду прэзідэнтам, калі так адбудзецца, ніколі не буду заціскаць!».

Пры гэтым, як згадваюць сведкі тых падзеяў, у другім туры Лукашэнка перамог, у пэўнай ступені… выпадкова.

«На той момант беларуская апазіцыя не разглядала Лукашэнку як магчымага будучага прэзідэнта, бо ўсе высілкі апазіцыі былі скіраваныя супраць кіраўніка выканаўчай улады Вячаслава Кебіча», – распавядае Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасці «Разам».

Не ўспрымалі сурʼёзна, бо на выбарах Лукашэнка зрабіў стаўку на імідж чалавека з народу, былога дырэктара саўгасу. Хоць насамрэч ён заўжды быў чалавекам з камуністычнага апарату і даўно навучыўся маніпуляваць людзьмі – яшчэ калі служыў палітруком спачатку ў памежных войсках КГБ, а потым у танкавых.

«Гэты імідж, таксама як і знакамітае слова «Бацька», гэта праца маскоўскіх паліттэхнолагаў, якія працавалі потым і на генерала Лебедзя, працавалі і ва Украіне, гэта звычайныя паліттэхналогіі, каб засунуць Лукашэнку на тую пасаду, на якую яму ўдалося забрацца, нечакана для беларускай эліты», – мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

Як палітрук Лукашэнка не раз праявіцца і ў заявах, і ў кіраванні Беларуссю. «Жэстачайшы кантроль», неабмежаваная ўлада спецслужбаў і сілавікоў, якія падпарадкоўваюцца толькі Лукашэнку, увядзенне ідэалогіі дзяржавы ў сістэме адукацыі – гэта ўсё ягоная савецкая сістэма каштоўнасцяў, дзе на першым месцы – Масква, а не свой народ.

«Той рэжым, які ўладкаваўся, ён прарасейскі ў сваёй сутнасці. Складана ўявіць сабе больш прарасейскага кіраўніка ў Беларусі», – тлумачыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Стварэнне ж Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Лукашэнку было патрэбнае і эканамічна – каб браць танныя энерганосьбіты і крэдыты, – і палітычна: кіраўнік Беларусі марыў стаць пераемнікам Барыса Ельцына. А потым аказалася, што і пераемнік ёсць іншы, і расейскія абдымкі не адпускаюць.

«Банкі некаторыя былі купленыя Расеяй, частка НПЗ была купленая «Славнефтью» і потым перададзеная іншай расейскай кампаніі, «Белтрансгаз» стаў расейскі», – адзначае Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Навукова-даследдчага цэнтру Мізэса.

Пасля продажу «Белтрансгазу» уся газаправодная сістэма ў Беларусі стала расейская, у выніку чаго мы пазбавіліся нават тэхнічнай магчымасці купляць газ у іншых краінаў. Зрэшты, і Астравецкая АЭС, якой сёння хваліцца Лукашэнка, можа працаваць выключна на расейскім паліве. І беларусы пад уплывам расейскіх і мясцовых афіцыйных медыяў не ўяўляюць, што можна зарабляць грошы па-за схемамі, навязанымі ўсходнім суседам, кшталту перапродажу нафты на Захад ды забароненых еўрапейскіх харчоў на Усход.

«Калі параўноўваць з такімі краінамі, як Чэхія, Эстонія, мы былі з імі на адным узроўні на пачатку 1990-х. Потым гэтыя краіны абралі шлях еўрапеізацыі, рынкавых рэформаў. Сёння ў Эстоніі ВУП на душу насельніцтва – 20 тыс долараў, у Чэхіі – 18 тыс долараў, а ў нас 5000 долараў», – дадае Яраслаў Раманчук.

Свабодны рынак працы і энергетыкі, фінансавая, крэдытная, экспертная і тэхналагічная дапамога Еўразвязу, высакаякасная еўрапейская адукацыя – вось што маюць нашыя заходнія суседзі, таксама былыя рэспублікі сацыялістычнага блоку.

«Беларусь, калі б задэкларавала мэту далучэння да Еўразвязу, таксама магла б стаць краінай Еўразвязу», – мяркуе Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

І калі б беларусы 24 гады таму выбралі шлях у Еўропу, цяпер, магчыма, заробак не тое што «папяцьсот», а нават і па тысячы еўраў нікога б у нашай краіне не здзіўляў.

«Што адназначна можна казаць пра тое, што б мела Беларусь у адрозненні ад сённяшняй сітуацыі – адкрытую палітыку, дэмакратыю, стабільнае функцыянаванне палітычных інстытутаў, незалежную судовую сістэму і справядлівы суд», – дадае Андрэй Ягораў.

Між тым жыццё як, у Еўразвязе, – гэта не толькі высокія заробкі. Але і магчымасць грамадзяніна засудзіць чыноўніка ці паліцыянта, які парушыў твае правы. А вось жыццё пры Лукашэнку – гэта, наадварот, магчымасць атрымаць крымінальную справу, калі не падзелішся бізнесам з сілавікамі. ((Галоўны ж змагар з карупцыяй усё працягвае сваю барацьбу, перажыўшы такіх жа ў двукоссі «народных прэзідэнтаў» – Мілошэвіча, Кадафі, Уга Чавэса. І ўвогуле 24 гады – гэта даўжэй, чым нават тэрмін кіравання Леаніда Брэжнева.

«Цяпер ён уваходзіць у пяцёрку самых доўгажыхароў-дыктатараў свету, што не робіць гонару ні гэтай персоне, ні нашай краіне. Таксама не надае гонар, што мы краіна, дзе адбыўся рэванш спецслужбаў Савецкага Саюзу», – кажа Вячаслаў Сіўчык.

Аднак надзея на іншае, лепшае, жыццё застаецца. І Савецкі Саюз, і Берлінская сцяна, і камуністычныя дыктатуры Еўропы падаваліся непарушныя, а ляснуліся ў адзін момант. І іх разбурылі грамадзяне, якія хацелі жыць свабодна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары