20 гадоў без паэткі Наталлі Арсенневай. Чаму трэба ведаць ейную творчасць?


Паэты, як вядома, – гэта душа народу. А таму і аддаўшы сябе цалкам роднае зямлі, яны і пасля скону працягваюць жыць у памяці ўдзячных суайчыннікаў. Сёння спаўняецца роўна 20 гадоў з дня смерці паэткі Наталлі Арсенневай – дзівоснай творцы, якую ўсцяж адкрывае для сябе Беларусь.

Яна літаральна жыла Беларуссю, хоць і нарадзілася ў сталіцы Азербайджану ды большую частку жыцця прабыла па-за межамі нашае краіны ў вымушанай эміграцыі. Між тым «Малітва за Беларусь», напісаная Наталляй Арсенневай у далёкім 1943-ім, актуальная і сёння, праз 20 гадоў, як паэтка адышла ў лепшы свет.

«Паэтаў, празаікаў, мастакоў, навукоўцаў беларускіх саджалі ў лагеры, знішчалі, стралялі… Арсенневу маглі сто разоў забіць! Ну, сто разоў, як мінімум – і яна засталася жывая, каб напісаць тое, што яна напісала, і каб гэта сёння было здабыткам нашай Айчыны», – падкрэсліў паэт Уладзімір Някляеў.

Непрызнаная ўладамі

Наталля Арсеннева, якую яшчэ савецкія ўлады абвінавацілі ў калабарацыі, дасюль не рэабілітаваная. І гаворка нават не пра помнікі паэтцы: вершы Арсенневай цяперашнія ўлады Беларусі папросту выкінулі са школьнае праграмы. Пісьменніца і літаратуразнаўца Лідзія Савік, якая кантактавала з паэткай-эмігранткай і перавыдала ейную кнігу «Між берагамі», падкрэслівае: Наталля Арсеннева сапраўды літаральна жыла Беларуссю!

Цікава, што духоўны гімн беларусаў «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага ў сярэдзіне 90-ых гадоў мінулага стагоддзя меў шанцы займець і афіцыйны статус ды зрабіцца дзяржаўным для нашае краіны.

А таму і доўгая дарога да Беларусі працягваецца. Разам з «Малітваю» Наталлі Арсенневай.

Валер Руселік, «Белсат»