1939–1945. Ніколі зноў


Вайна, якая ніколі не павінна паўтарыцца. Вайна, пра якую памятаюць. Сёння ў большасці еўрапейскіх краінаў адзначаецца дзень сканчэння Другой сусветнай. Далучылася ў 2015 годзе да ўрачыстасцяў і Украіна. А вось у Расеі і Беларусі традыцыйна асноўныя святкаванні пройдуць заўтра. Гістарычна разбежка ў датах тлумачыцца выключна розніцай у часе на момант падпісання міру. Але сёння да гэтага дадаўся і пасмак ідэалогіі.

73-я гадавіна сканчэння Другой сусветнай вайны. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон ушаноўвае памяць і дзякуе ветэранам пад Трыумфальнаю аркаю ў цэнтры Парыжа. Падпісанне мірнага пагаднення адбылося 8 траўня, згодна з еўрапейскім часам, і 9 траўня – паводле маскоўскага часу – 1945 года.

У Расеі ідзе падрыхтоўка да заўтрашняга параду. І там прапаганда гаворыць хутчэй пра Вялікую Айчынную вайну, узвышаючы ўласную значнасць у перамозе і замоўчваючы важны гістарычны факт.

«Не хочацца быць адной з краін, якая была пачынальніцай Другой Сусветнай. Лягчэй быць пераможцам Вялікае Айчыннае вайны, калі на цябе напалі – і ты вызваліў быццам бы яшчэ і палову Еўропы», кажа гісторык Ігар Кузьмініч.

Спачатку забаранілі, пасля дазволілі

Ужо традыцыйна ў тандэме з Расеяй 9-га траўня Дзень Перамогі адзначае і Беларусь. У Менску, што праўда, спачатку забаранілі акцыю «Несмяротны полк», але ўжо сёння дазволілі. А вось шэраг актывістаў прыйшлі менавіта сёння на Вайсковыя могілкі ў сталіцы, дзе былі і афіцыйныя ўрачыстасці.

«Тут ляжаць салдаты, якія ляжаць пры вызваленні Менску, мы ідзем да іх магіл – гэта па-чалавечы, а гэтыя танцы, гэтыя шоу, піяр, які так любяць улады вакол гэтай трагічнай даты, трагічнай перамогі, крывавай перамогі, калі за адно жыццё акупанта аддавалі пяць сваіх салдат толькі, – гэта нагода сумаваць», – мяркуе палітык Мікола Статкевіч.

Сумаваць ёсць чаму не толькі ў Беларусі, дзе загінуў кожны трэці жыхар, але і ў свеце. Другая сусветная вайна ўцягнула больш за мільярд сямсот тысячаў чалавек, у ёй удзельнічалі ажно 57 краінаў, агульныя страты склалі, паводле розных падлікаў, ад 50 да 80 мільёнаў загінулымі, калі лічыць вайсковае і грамадзянскае насельніцтва. Але гэтыя лічбы Другой сусветнай кропкі паставілі. Пажары вайны палаюць па ўсім свеце і сёння. Надалей гінуць людзі. Найбліжэй да нас – ва Украіне.

«Мы цалкам ад фашызму не вызваліліся, бо зараз працягваецца фашыстоўская палітыка маскоўскай дзяржавы. І таму я пакуль жывая павінна бараніць незалежнасць нашае дзяржавы. Я супраць фашызму – і гітлераўскага, і пуцінскага», – кажа грамадская актывістка Ніна Багінская.

Сімвалы

Менавіта гэта стала прычынай, што Украіна афіцыйна далучылася да святкавання ў еўрапейскім фармаце. 8 траўня з 2015 года ў нашых суседзяў Дзень памяці і прымірэння. Чырвоны мак – еўрапейскі сімвал крывавага следу ад стрэлу.

Таксама свой сімвал ужывае і афіцыйны Менск – кветка яблыні на стужцы колераў дзяржсцягу. А вось вядомы сімвал георгіеўскай стужкі, які выкарыстоўвае расейская прапаганда, пасля акупацыі Крыму і вайны да Данбасе ўсё больш асацыюецца з агрэсіяй. Пад рознымі сімваламі, у розныя дні і з рознымі мэтамі, але ўсе прыходзяць у тыя самыя месцы.

Могілкі-маўзалей савецкіх салдатаў у Варшаве. Падобныя помнікі, якія паўсталі пасля Другой сусветнай вайны, можна сустрэць у розных краінах. Сюды прыходзяць нашчадкі, ускладаюць кветкі. І незалежна ад таго, 8-га ці 9-га траўня, і як гуляе з датамі ідэалогія, – жыве памяць. Вось толькі калі глядзіш на сучаснасць, разумееш, што ўрокі гісторыі гэтак і не былі засвоеныя належным чынам.

Сяргей Падсасонны, «Белсат». Фота: Арт-Сядзіба