19 краінаў свету прызналі намер ЗША выйсці з Парыжскіх дамоўленасцяў пра клімат


Такі вынік G20 прэзідэнт ЗША Доналд Трамп у сваім Тўітэры ўжо назваў «вялікім поспехам» для ЗША.

Але далёка не ўсе сусветныя лідары падзяляюць энтузіязм Доналда Трампа і не хаваюць заклапочанасці.

«Як і іншыя сусветныя лідары, я занепакоеная рашэннем ЗША выйсці з Парыжскіх пагадненняў. І я заклікаю Доналда Трампа вярнуцца да гэтых пагадненняў. У сваю чаргу Брытанія пацвярджае свае абавязкі ў межах Парыжскіх дамоўленасцяў, звязаныя з барацьбой з глабальным змяненнем клімату», – кажа брытанскі прэмʼер Тэрыса Мэй.

У парыжскіх дамоўленасцях закладзеныя абмежаванні выкідаў парніковых газаў, каб стрымаць глабальнае павышэнне тэмпературы. Але на саміце ў Гамбургу тэмпература павышалася не толькі падчас дыскусіі пра глабальнае пацяпленне, але і, калі гаворка заходзіла пра ваенныя канфлікты, якія працягваюцца не без удзелу Расеі.

«Праблемы, якія існуюць паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўрапейскім Звязам, вядомыя – гэта Крым і ўсход Украіны. З боку Еўрапейскай камісіі мы хочам працягнуць працу, каб знайсці магчымасці для супрацы, у тых галінах, якія складаюць агульны інтарэс», – адзначыў прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер.

Сам жа прэзідэнт Расейскай Федэрацыі па выніках G-20 хваліўся не толькі тым, што знайшоў агульную мову і паразуменне з прэзідэнтам ЗША, але і між іншым згадаў бліжэйшыя выбары ў Нямеччыне. Словы Уладзіміра Пуціна як мінімум прагучалі двухсэнсоўна.

«Я ж вам казаў, мы з ЗША не ўмешваліся, навошта нам тут яшчэ ствараць нейкія праблемы? У нас добрыя дачыненні з федэратыўнай рэспублікай. Гэта самы буйны наш гандлёва-эканамічны партнёр», – заявіў кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін.

Нямеччына неаднаразова выказвала свае засцярогі з прычыны магчымага хакерскага ўмяшання Расеі ў хаду выбараў. Але выклікам для нямецкага кіраўніцтва падчас G20 былі пратэсты антыглабалістаў.

Вынікі сумныя: каля пяцісот параненых паліцыянтаў, больш за дзвесце затрыманых левых пратэстоўцаў.

Ангела Мэркель ужо падзякавала гамбургскай паліцыі і мэру гораду за працу ў такіх экстрэмальных умовах і паабяцала кампенсаваць страты.

Пасля трохдзённых пагромаў у сам дзень закрыцця саміту прайшлі і мірныя пратэсты.

«Мы тут, таму што шматлікія з удзельнікаў гэтай падзеі: ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя, праводзяць войны ў шматлікіх краінах на працягу апошніх гадоў, яны знішчылі там інфраструктуру. І таму ў нас ёсць войны, нягоды і ўцекачы», – кажа адзін з пратэстоўцаў.

«Па-першае, я за тое, каб больш дапамагаць Афрыцы», – дадае іншы ўдзельнік пратэстаў.

Пра дапамогу для Афрыкі, шляхам барацьбы з карупцыяй ды стварэннем працоўных месцаў на кантыненце, казалі не толькі на вуліцах, але і з трыбунаў саміту.

«План Маршала для Афрыкі, да якога вы заклікаеце, мусіць падтрымлівацца самімі афрыканцамі ды іх рэгіянальнымі ўладамі. Для гэтага трэба змагацца з карупцыяй, змагацца за добры ўрад, паспяховую дэмаграфічную трансфармацыю», – заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Толькі нямецкі ўрад абяцае 300 мільёнаў еўраў дапамогі, каб заахвоціць прыватныя кампаніі інвеставаць у Афрыку.

НІ, «Белсат»