15 сакавіка – нацыянальны дзень барацьбы з падаткам на беспрацоўе


Дзень канстытуцыі – дзень пратэсту. Кампанія «Мы не дармаеды» абвесціла 15-га сакавіка агульнанацыянальным днём барацьбы за адмену дэкрэту № 3. На гэтую дату арганізатары запланавалі Маршы недармаедаў як у Менску, гэтак і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Заяўку ж на правядзенне маршу ў Менску падалі яшчэ 23-га студзеня.

«Наколькі акцыі будуць масавымі залежыць не толькі ад кіраўнікоў апазіцыі, а ад адказнасці і актыўнасці кожнага грамадзяніна Беларусі. Апазіцыя можа толькі прапанаваць формы пратэсту, сачыць каб яны былі мірнымі і без правакацыяў і паказваць прыклад яднання», – зазначыў Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Хто арганізоўвае?

У аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» ўвайшлі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Абʼяднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і Партыі жанчын «Надзея», кампанія «Наш дом», а таксама рух «За свабоду».

Да 15-га сакавіка, дня анансаванай акцыі, па ўсёй краіне актывісты працягнуць збіраць подпісы супраць дэкрэту. Таксама яны будуць ціснуць на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія адмаўляюцца абараняць канстытуцыйныя правы выбарнікаў.