Аб'ектыў 09.01.2018 100-гадовы юбілей БНР пасварыў апазіцыю


Напярэдадні значнай для беларусаў даты – 100-годдзя абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі – апазіцыйныя лідары закідваюць адзін аднаго абвінавачаннямі. Гэтак былы старшыня партыі БНФ адрэагаваў на ўчорашняе паседжанне працоўнай групы, зарганізаванай Беларускім нацыянальным кангрэсам.

«Мы лічым, што абсалютна няправільна спрабаваць прыватызаваць гэтую акцыю, як робіць Мікола Статкевіч. Усё ж 100-годдзе абвешчання незалежнасці БНР – гэта агульнанацыянальная, надзвычай важная дата, і мы за тое, каб асноўны акцэнт быў зроблены ў ёй на нацыянальнай кансалідацыі і на моманце святкавання, каб яно адбылося шырока, у тым ліку і на вуліцах Менску», – даводзіць Аляксей Янукевіч.

Фармат акцыі ў сталіцы змянілі – з пратэставага на святочны

«25-га сакавіка ў 14:00 збіраемся на плошчы Якуба Коласа і адбываецца шэсце да плошчы Незалежнасці – па ўсіх памятных месцах, звязаных з гісторыяй БНР», – паведаміў лідар БНК Мікола Статкевіч.

Палітык адзначыў, што да ўдзелу запрошаныя, цытата, «прадстаўнікі арганізацыяў, якія падтрымліваюць ідэю супольнага святкавання юбілейнага Дня Волі». Аднак дадаў, што кансалідацыя апазіцыя магчымая толькі «калі яе кіраўнікі і арганізацыі пазбавяцца ад вонкавых уплываў».

Янукевіч: Гэта прыватная амбіцыя Статкевіча

Тыя, хто хацеў аб’яднацца і разам зарганізаваць святкаванне, ужо некалькі месяцаў працуюць над гэтым пад кіраўніцтвам акадэміка Радзіма Гарэцкага – адказаў на закід Міколы Статкевіча Аляксей Янукевіч.

«І зрэшты, як і ў мінулым годзе, ёсць прыватная ініцыятыва, прыватная амбіцыя Мікола Статкевіча ўзначаліць, папіярыцца на гэтым мерапрыемстве. І толькі ў гэтым кантэксце трэба такую ініцыятыву разглядаць», – упэўнены Аляксей.

Някляеў заступіўся за Статкевіча

Калі ўсенароднае святкаванне юбілею ператворыцца ў, цытата, «разборкі паміж апазіцыйнымі групоўкамі, дык усяму цяперашняму дэмакратычнаму руху – грош цана». Такое меркаванне ў сацсетках выказаў былы кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў. І адзначыў, што БНК, чальцом рады якой ён зʼяўляецца, быў гатовы да дыялогу. Але не дачакаўся прапановаў.

16-га студзеня ў офісе прафсаюзу РЭП мае адбыцца першае паседжанне аргкамітэту масавай акцыі на Дзень волі. Між тым, напрыклад, лідар руху «За свабоду!» Юрась Губарэвіч напярэдадні заявіў, што пра яго ўтварэнне даведаўся толькі ад журналістаў.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS

Глядзі таксама
Каментары