100 гадоў Кастрычніцкае рэвалюцыі. Выніковы рэпартаж


Роўна 100 гадоў таму ў Петраградзе адбыўся бальшавіцкі пераварот, які цалкам змяніў хаду сусветнай гісторыі. Што прынесла чырвоная рэвалюцыя Беларусі? Ды як яе прывід уплывае на жыццё ў краіне, якая адзіная адзначае ўгодкі крывавага перавароту як дзяржаўнае свята?

«Верныя» камуністы, сябры БРСМ і афіцыйных прафсаюзаў ды прадстаўнікі праўрадавай Кампартыі Беларусі з кветкамі, сцягамі, як і штогод, прыйшлі на плошчу Незалежнасці, каб адзначыць 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту. Мерапрыемства працягнулася менш за паўгадзіны ды агулам сабрала каля 700 удзельнікаў.

Адзначыць стагоддзе бальшавіцкай рэвалюцыі вырашылі і ўжо добра вядомыя журналістам браты-сацыялісты, амерыканцы Джэйсан і Джэфры Бланк.

Апазіцыйныя камуністы зладзілі экскурсію па мясцінах, звязаных з рэвалюцыяй

Чальцы партыі «Справядлівы свет» завіталі і да помніку Фелікса Дзяржынскага – аднаго са стваральнікаў савецкай рэпрэсіўнай машыны, якая актыўна праводзіла вынішчэнне беларускай нацыі.

Ці сапраўды ад рук бальшавікоў гінулі тыя, хто парушаў закон?

Сёння вядома адваротнае. Некаторыя стараюцца ўгледзець у чырвоным кастрычніку станоўчыя моманты і кажуць, да прыкладу, пра росквіт беларусізацыі. Аднак, што не кажы, крывавы тэрор і сотні тысячаў забітых пераважаць кожную гістарычную дыскусію.

«Мы мелі гэтыя страты. І беларусы ў гэтым сэнсе, менавіта эліта беларуская, пацярпела ў працэнтных суадносінах хіба найбольш, нягледзячы на тое – і гэта самае цікавае – што частка Беларусі апынулася ў складзе польскай дзяржавы», – даводзіць гісторык Анатоль Трафімчык.

Калі быў тэрор і рэпрэсіі, то што мы сёння святкуем?

Перакрочыць і забыць падзеі стогадовай даўніны сённяшнія ўлады Беларусі не могуць і не хочуць. Гэтак, па-ранейшаму па ўсёй краіне засталіся тысячы назваў, звязаных з бальшавікамі і 7-ым лістапада. Амаль немагчыма ў нашай краіне знайсці горад без вуліцаў Леніна ці Савецкая. Што датычыць Кастрычніцкай, то агулам пад гэтаю назваю ў Беларусі назбіралася вуліцаў больш як на 380 кіламетраў.

Віталь Бабін, «Белсат»