1 % беспрацоўных – план ураду на год. Як?


Ура, таварышы! У гэтым годзе Беларусь дагоніць і перагоніць ЗША, Канаду, Вялікую Брытанію і ўвогуле ўсе краіны Еўразвязу па ўзроўню беспрацоўя! Там самы нізкі паказнік – у Чэхіі, 2,4 %, а ў Беларусі, калі верыць прагнозу Савету міністраў на 2018 год, будзе не больш за 1 % беспрацоўных. Па абласных цэнтрах трохі больш, а ў Менску – усяго 0,5 %! Выкананне прагнозных паказнікаў у працаўладкаванні грамадзянаў урад Андрэя Кабякова будзе ацэньваць кожны квартал.

Выглядае нерэальна

Але ж калі трэба – намалююць, кажа старшыня Беларускага прафзвязу Радыёэлектроннай прамысловасці.

«Ёсць прагнозы і іх трэба выконваць. У нас заўсёды так. Калі 1% трэба, то абласныя цэнтры здадуць – у каго 0,8 %, у каго 1,2 %, але гэта ніяк не вырашыць сітуацыю з беспрацоўем», – даводзіць Генадзь Фядыніч.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені ў Беларусі зарэгістравана амаль 24 тысячы беспрацоўных.

А паводле методыкі падліку Міжнароднай арганізацыі працы, у нас амаль 300 тысячаў працаздольных грамадзянаў не працуе.

Пытанне ў тым, як лічыць

У Міжнароднай арганізацыі працы беспрацоўным лічаць любога чалавека, які актыўна шукае працу па ўсіх каналах, нават з дому праз камп’ютар. А ў Беларусі беспрацоўным лічаць толькі таго, хто зарэгістраваўся ў службе занятасці і схадзілі на грамадскія працы, снег прыбіраць.

Агулам Савет міністраў абяцае ліквідаваць беспрацоўе, адкрываючы новыя прадпрыемствы паводле праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 5-годку.

Ёсць нюансы

«Напрыклад, у Берасцейскай вобласці будуюць акумулятарны завод, але навакольнае насельніцтва пакуль гэта не вельмі радуе, такія працоўныя месцы іх не вельмі цікавяць», – звяртае ўвагу эканаміст Леанід Фрыдкін.

Гэта той самы акумулятарны завод, які будуюць з памылкамі на стадыі планавання і які штодня будзе выкідваць тоны, напрыклад, свінцовага пылу. Праца шкодная. Але ў Берасці – буйным развітым горадзе – мала вакансіяў не за капейкі.

Пры гэтым ніхто з апытаных «Белсатам» берасцейцаў у прагноз урада – 1 % беспрацоўных – не паверыў. Не адпавядае аптымістычнаму дзяржаўнаму плану і статыстыка за 2017 год – летась беларускія прадпрыемствы звольнілі 694 тысячы працаўнікоў, а працаўладкавалі 653 тысячы. Куды падзелася 41 тысяча звольненых?

Пры гэтым часта беларускім прадпрыемствам і бізнесу не хапае кваліфікаваных працаўнікоў.

Дзяржава можа скарыстацца замежным досведам і перавучыць людзей

«Няма дзяржаўнай сістэмы па навучэнню людзей, якія страцілі працу і хочуць пераабучыцца. Няма такой цэльнай праграмы. Па-другое, калі сёння прагназуецца 1 % беспрацоўных, то прабачце, навошта тады дэкрэт № 3 і № 1? Яны зусім непатрэбныя», – зазначае спадар Фядыніч.

Дэкрэт № 3 практычна ўводзіў падатак на адсутнасць працы і выклікаў хвалю пратэстаў па ўсёй Беларусі, асабліва ў дэпрэсіўных рэгіёнах. Замест яго ўвялі дэкрэт № 1 – і праз месяц урад вызначыць спіс паслугаў, за якія беспрацоўныя будуць плаціць па вышэйшых тарыфах, калі не дакажуць, што не могуць знайсці сабе працу.

«Тыя ідэі, якія закладзеныя ў гэтыя дакументы, выціскаюць людзей у стан, калі яны вымушаныя брацца за любую працу, якая не ў стане забяспечыць ім прымальны ўзровень жыцця, толькі каб не трапіць у шэраг «дармаедаў», – дадае Леанід Фрыдкін.

Гэта тыя самыя 300 рублёў дворнікам, каб хапіла на хлеб.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum