«Сярожа»

рэж. Каліна Юры , 2015

Дакументальны фільм Юрыя Каліны «Сярожа» распавядае пра лёс беларускага прадпрымальніка, які нарадзіўся і жыве ў Польшчы.

Глядзець трэйлер фільму

Герой фільму Сяргей Нічыпарук жыве ў вёсцы Буды ў Белавежскай пушчы. Спачатку ён быў камуністам, пасля скончыў праваслаўную семінарыю ды ўзначаліў суполку антыкамуністычнага прафсаюзу «Салідарнасць», цяпер мае свой бізнес.

Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu
Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu

На ягонае жыццё паўплывала гістарычная траўма, і ў гэтым сэнсе ягоная біяграфія – адлюстраванне лёсу цэлай беларускай праваслаўнай меншасці, якая жыве ва ўсходняй частцы Падляскага ваяводства. Продкі Сяргея паходзілі з невялікай беднай вёскі, стагоддзямі працавалі на раллі, маліліся ў праваслаўнай царкве, са страхам у вачах прымалі кожную змену ўлады, але ў той жа час намагаліся спадабацца новым уладам і прыстасавацца да новых варункаў.

За лаяльнасць беларусаў да камуністычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Польшчы пасля вайны, ім адпомсцілі ўдзельнікі антыкамуністычнага падполля. На Падляшшы адбыліся пагромы некалькіх беларускіх вёсак, у якіх загінулі 79 чалавек. Доўгі час беларусы маўчалі пра забойствы, баючыся чарговай помсты. На падставе гэтай гісторыі адна з самых касавых аўтарак дэтэктываў у Польшчы Катажына Бонда (якая таксама паходзіць з Падляшша) напісала свой сёлетні бестсэлер «Акулярнік». У ім, дарэчы, узгадваецца і «Белсат», і фільм Юрыя Каліны. 

Чытайце таксама інтэрв’ю з Катажынаю Бондай >>> «Белсат» трапіў у гісторыю з дзясяткамі забойстваў

Сярод ахвяраў 17 чалавек паходзілі з вёскі Заляшаны, у якой нарадзіўся Сяргей Нічыпарук. Загінула шмат ягоных сваякоў. І ў маладосці ён стаў ідэйным камуністам. Але ўжо ў 1970-я выкінуў партбілет і паступіў у праваслаўную семінарыю ў Варшаве. Пасля, падчас ваеннага становішча ў Польшчы, перайшоў на бок тых, хто змагаўся за незалежнасць: узначаліў у Дубічах Царкоўных суполку «Салідарнасці індывідуальных фермераў» – структуру падпольнага антыкамуністычнага прафсаюзу, дзякуючы якому краіна ў 1989-м вызвалілася ад прасавецкіх уладаў. Паказальна, што гэта была адзіная праваслаўная гміна на Беласточчыне, дзе паўстала такая арганізацыя.

Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu
Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu

У новай Польшчы Сяргей Нічыпарук стаў прыватным прадпрымальнікам. Больш за 30 гадоў ён будуе драўляныя дамы, корчмы, гаспадарчыя будынкі і цэрквы. Апрача гэтага, разам з сям’ёю трымае агратурыстычны пансіянат у вёсцы Буды. Некалькі дамоў з пакоямі для гасцей,лазня, карчма паляўнічага, этнаграфічныя экспанаты, усё агароджанае традыцыйным падляскім плотам з жывой вярбы – тынам. Найвялікшы гонар гаспадароў – адрамантаваная хата, пабудаваная ў 1887 годзе, з арыгінальным дэкорам той эпохі.

Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu
Падчас здымкаў фільма «Сярожа». Фота belsat.eu

Сяргей Нічыпарук дапамог пабудаваць у вёсцы Заляшаны манастырскі дом св. Кацярыны, у якім ягоная дачка – праваслаўная манашка сястра Лізавета – моліцца за спакой душаў жыхароў вёскі, забітых у 1946 годзе…

Лёс гэтага чалавека зацікавіў журналіста Польскага радыё «Беласток» Яраслава Іванюка, які вырашыў стварыць пра яго дакументальную радыёпраграму. Здымачная група Юрыя Каліны суправаджала яго падчас запісу.

«Сярожа», дак. фільм, рэж. Юры Каліна, працягласць 47 хв., «Белсат», 2015

Інга Астраўцова, «Белсат»

Каментары