Перакладчык

рэж. Растоцкая Кася , 2018

Фёдару Клімчуку 82 гады. Ён вядомы як найбуйнейшы адмысловец у гісторыі і дыялекталогіі Палесся, беларускі мовазнаўца – дыялектолаг ды гісторык, аўтар звыш 200 працаў у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі, славістыкі, фальклору. Але галоўнаю сваёй працаю спадар Фёдар лічыць пераклад Евангелля на мову роднае вёскі Сіманавічы, што ляжыць у глыбі беларускага Палесся, каля Драгічына.

Мясцовыя жыхары размаўляюць не па-расейску, не па-беларуску, не па-польску і не па-ўкраінску, а на сваёй гаворцы. Прычым гаворкі розных вёсак, якія нават побач месцяцца, адрозніваюцца. Людзі пакаленнямі жылі на гэтых землях, і мова ўтваралася вось у гэтай маленькай закрытай прасторы, якая ахоплівае нават адную вёску.

Спадар Клімчук распавядае, што ёсць вялікія літаратурныя мовы, а ёсць маленькія. І гэтыя апошнія нічым не горшыя за першыя, бо менавіта яны і сілкуюць вялікія мовы. Памруць гаворкі – мова памрэ. Каб захаваць унікальную гаворку Сіманавічаў, ён і засеў за пераклад. Чаму Евангелле? Бо гэтая кніга вельмі паважаная ў свеце. Калі ёсць Евангелле на нейкай мове, то тая мова ўжо ніколі не знікне.

Рэж. Кася Растоцкая, 2018 г., Беларусь

Каментары