Бяздомны горад

Рэжысёр: Булавінская Марыя Год: 2018

Андрэй Скідан – мастак-рэстаўратар, прафесійны цясляр аднаўляе пашкоджаную экскаватарам старую драўляную ліштву, якая зусім нядаўна ўпрыгожвала адзін з дамоў гістарычнай часткі гораду. Зараз гэтага дому няма, як і няма шматлікіх іншых, якія ён спрабаваў уратаваць ад знішчэння.

Падчас сваёй работы Андрэй Скідан распавядае з чаго ўсё пачыналася: як у 90-х замалёўваў старыя драўляныя дамы, бо не меў фотаздымача; пасля ўдзельнічаў у разборцы дамоў перад іх зносам, каб захаваць хаця б найбольш каштоўныя элементы будынкаў (ліштвы, аканіцы, разны дэкор). У 2014 г. нават давялося разабраць і перанесці на іншае месца цэлы дом, які стаў сімвалам змагання за драўляную забудову Гомля. Па легендзе ў доме правяла свае апошнія дні княгіня і мецэнатка Ірына Паскевіч. Зараз дом захоўваецца за горадам у разабраным стане і неабыякавыя гомельцы вельмі спадзяюцца, што калі-небудзь будынак будзе рэканструяваны на новым месцы ў цэнтры гораду.

Увесь аповед Андрэя Скідана нагадвае экскурсію па гораду прывіду. Мы бачым спакойную вулачку з прыгожымі драўлянымі дамамі. Але раптам яна знікае і на яе месцы паўстае бетонны шэры гмах. А вось дамы, якія знішчылі не ўлады, а іх гаспадары: яны зашытыя сайдынгам, з праёмаў вокнаў бачныя неахайныя адтуліны, якія раней упрыгожвалі дэкараваныя ліштвы.

У аповед Андрэя Скідана ўклініваюцца невялікія гісторыі пра дамы, якім пашчасціла, бо іх гаспадары цэняць іх унікальнасць. Жыхары будынкаў распавядаюць маленькія таямніцы, звязаныя з сваімі дамамі. Напрыклад, у доме на Парыжскай Камуне ў сценах ёсць патаемныя адтуліны, у якіх захоўваюцца світкі з рэлігійнымі тэкстамі. На вуліцы Пляханава ў адным з дамоў жыў вядомы гомельскі картограф. І для зручнасці сваёй працы ён убудаваў у дом мезанін, каб у ім было больш святла і было зручней ствараць чарцяжы планаў гораду.

Андрэй Скідан назірае за зносам яшчэ аднаго ўнікальнага драўлянага дому. Адзінае, што атрымалася – зняць з яго для захавання драўляны дэкор. Казалася б гэта канец для старога Гомля. Знікае чарговы дом і ў гэтым горадзе становіцца неяк пуста і няўтульна.

Але ў гэтага гораду яшчэ ёсць шанец. Магчыма, дзякуючы намаганням неабыякавых гомельцаў, па старых планах, фотаздымках, абмерах можна будзе ў будучыні аднавіць цэлы квартал гістарычнай забудовы. Захаваны дэкор зможа аздабляць адноўленыя будынкі. Таксама сёння ў горадзе яшчэ ёсць што абараняць ад зносу.

Рэж. Марыя Булавінская, 2018