Андрэй Куціла: Маладыя людзі пры любой сістэме будуць рабіць кіно


«Лістапад» шчодры на колеры, адценні і фактуры. А таксама – на аўтараў. Гаворка пра міжнародны кінафестываль, які традыцыйна ўвосень запрашае беларускага гледача на прагляды. Нацыянальны конкурс, як частка фэсту, адкрывае новыя імёны ў маладым беларускім кіно. Праўда, фільмы-пераможцы конкурсу ў адрозненне ад замежных «лістападаўскіх» стужак у айчынным кінапракаце пакуль адсутнічаюць.Найлепшым дакументальным фільмам у нацыянальным конкурсе міжнароднага фестывалю «Лістапад» прызналі стужку «Госці», якую зняў адмыслова для «Белсату» рэжысёр Андрэй Куціла. Фільм – у вольным доступе ў інтэрнэце, аднак ці дойдзе ён да масавага гледача? «Госці» – няпросты аповед. Гэта фільм-назіранне за жыццём унікальнага паселішча ў Беларусі – адзінага нефармальнага прытулку для бедных і знямоглых людзей. Тэма нялёгкая, кіно не гульнявое. Наколькі беларускі глядач гатовы хадзіць на беларускае кіно? І што цікавіць нацыянальны кінематограф? У студыі «Гарачага каментара» – рэжысёр стужкі «Госці» ды шэрагу іншых дакументальных фільмаў Андрэй Куціла.

«Цяпер Беларусь сваёй стабільнасцю мала каго цікавіць. Я бачу шмат тэмаў для сябе, шмат характараў, якія сведчаць пра ментальнасць і праблемы, і калі гэтая тэма фільму нармальна знята, то становіцца ўніверсальным і яго можна паказаць у свеце».

«Мы крыху звыкліся з думкай, што беларуская дакументалістыка – гэта палітычнае кіно альбо этнаграфічнае. Мяне пачынаюць цікавіць простыя рэчы, жыццё моладзі, гарадскіх жыхароў, тое, што знаходзіцца тут і побач. Пра гэта пачынаюць здымаць, думаю, гэта тэма бліжэйшых гадоў і найбольш цікавая, чым палітычныя і глыбока вясковыя. Сусветны трэнд канешне іншы – вайсковыя канфлікты, палітыка, але заўсёды пасярод гэтага знаходзіцца чалавечая гісторыя».«Маладыя людзі пры любой сістэме будуць рабіць кіно».

ДР, belsat.eu