Андрэй Такінданг: «...апрануўшы белую кашулю...»


Ці часта вы бачылі ў Беларусі чарнаскурых людзей? Так, – адкажа звычайны мінак. А такіх чарнаскурых, хто размаўляе па-беларуску? Так, – адкажа ўжо студэнт філфаку. А ці знаёмы вам такі афра-беларус, які размаўляе па-беларуску настолькі правільна, што адразу чуваць: гэтаму чалавеку карыстацца беларускаю моваю больш зручна, чым любою іншаю, бо яна для яго – сапраўды родная? На апошняе пытанне чалавек, абазнаны ў культурным жыцці сталіцы, таксама адкажа станоўча.
Імя чарнаскурага хлопца – Андрэя Такінданга, мастака, музыканта, паэта і выканаўцы ўласных песень, – ужо стала вядомым у культурніцкім асяроддзі. Аўтары фільму паспрабавалі зазірнуць ва ўнутраны свет гэтай асобы. А заадно даведацца, чаму ў яго беларуская мова гучыць нязмушана, натуральна, не так, як у шмат каго з палітыкаў і тым больш чыноўнікаў, калі тыя намагаюцца выціснуць з сябе беларускае слова.