Чырвоны беларус, дак. фільм


Герой рэпартажу – Мікалай Петрушэнка, актывіст Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Петрушэнка скончыў гістарычны факультэт БДУ, быў прафесійным вайскоўцам, 12 гадоў заставаўся чальцом Прэзідыуму Вярхоўнага Савету. З таго перыяду яго ў прэсе завуць «чорным палкоўнікам». Ён быў рашучым прыхільнікам захавання Савецкага Саюзу, нават спрабаваў удзельнічаць у путчы 1991 г. на баку ГКЧП. Да Масквы не даехаў, але веры ў камунізм, які зможа пабудаваць больш справядлівы свет для ўсіх, не страціў і да сённяшніх дзён. У доме, збудаваным уласнымі рукамі непадалёк Менску, ён расказвае, як Лукашэнка спрабаваў падкупіць яго 50 тысячамі долараў, каб ён адмовіўся ад прыналежнасці да апазіцыйнай ПКБ на карысць пралукашэнкаўскай КПБ. Петрушэнка застаўся верны сваім ідэалам. Ён сцвярджае, што прэзідэнт Беларусі сказіў камуністычныя ідэалы сацыяльнай роўнасці, таму галаву краіны трэба змяніць. Мікалай Петрушэнка рэдагуе партыйную газету «Таварыш», дзе апісвае прыклады несправядлівага стаўлення да грамадзянаў з боку ўладаў. Ён перакананы, што ягоная дзейнасць патрэбная сумленным людзям, таму і працягвае займацца палітыкаю, з якой яго «могуць вынесці толькі нагамі наперад».