Рэпартэр (публіцыстычная праграма)

1. Аляксандр год таму страціў працу паводле артыкулу за прагулы і дасюль нікуды не ўладкаваўся. Дзяўчыну Сашу таксама нікуды не бяруць няшчаснае каханне скончылася пастаноўкаю на ўлік у псіханеўралагічны дыспансер. Жыццёвыя праблемы прывялі гэтых людзей у сацыяльную сталовую. Сытным абедам тых, хто мае ў гэтым патрэбу, корміць каардынатар праекту Сталовыя для бяздомных Валерый Еранкевіч, які не з чутак ведае, што значыць пазбавіцца даху над галавою. Далучыцца да добрай справы можаце і вы! Дабрачынны рахунак для ахвяраванняў на кармленне бяздомных вы знойдзеце на нашай старонцы ў Фэйсбуку. 2. У жніўні гэтага года Студэнцкае этнаграфічнае таварыства зладзіла экспедыцыю ў вёску Падлессе каля мястэчка Ляхавічы. Падчас гэтай выправы ўдзельнікі знайшлі пад сценамі старой хаты дзіўны камень, падобны да мацЭвы пліты, на якой габрэі звычайна пісалі пра жыццё і заслугі памерлага. Гаспадыня, якая прыйшла ў гэты дом замуж прыкладна паўстагоддзя таму, нічога пра яго не ведала. Як высветлілася пазней, гэта не адзінае надмагілле, якое знікла са старых габрэйскіх могілак і трапіла ў вясковую гаспадарку. Падрабязнасці ў рэпартажы. 3. Таццяну Сапач багата хто лічыў найлепшаю беларускаю паэткай апошняга часу. Яна вяла беларускую перадачу на літоўскім тэлебачанні, а таксама рабіла праграму пра літоўскіх беларусаў для Белсату Віленская паштоўка. Таццяна трагічна загінула ўзімку 2010 года. Ейны муж, журналіст Сяргей Дубавец, вырашыў зладзіць на радзіме паэткі, у вёсцы Маркава, штогадовыя паэтычныя чытанні. Сёлета з ініцыятывы дачкі Таццяны Адэлі адбыўся паэтычны пленэр, на які прыехалі як маладыя паэты, гэтак і людзі, якія даўно ведалі Таццяну як шчырага чалавека, цудоўную паэтку і выдатную журналістку.

Глядзі больш