Proszę zainstalować plugin Flash Player lub włączyć obsługę JavaScriptu
Proszę zainstalować plugin Flash Player lub włączyć obsługę JavaScriptu
"Беларускі след" у Лівіі?
Мы, беларусы – мірныя людзі. Гэтак у песні. У рэальным жыцці наша краіна з зайздроснаю рэгулярнасцю трапляе ў цэнтр міжнародных ваенных скандалаў. Найчасцей гаворка вядзецца пра меркаваныя пастаўкі беларускай зброі краінам-ізгоям. Аднак новая інфармацыя датычыць удзелу беларускіх наймітаў у самым значным канфлікце гэтага года.Нашых суайчыннікаў, якія ваявалі на баку Муамара Кадафі, затрымалі сілы паўстанцаў. Скандальную інфармацыю распаўсюдзіў адзін з заснавальнікаў сайту «Хартыя’97» Мікалай Халезін – са спасылкаю на крыніцу ў Пераходнай нацыянальнай радзе Лівіі.
МІКАЛАЙ ХАЛЕЗІН, СУЗАСНАВАЛЬНІК «ХАРТЫІ’97»:
«Размова была пра каля 30 чалавек. Але каля дзесяці ўжо на тым свеце. Частка была забітая, калі ішлі баявыя дзеянні, а частка была расстраляная, калі іх узялі ў палон. Большасць з гэтых людзей былі снайперамі».
Дакладная лічба беларускіх наймітаў яшчэ высвятляецца: палонных дапытваюць следчыя. Паводле Халезіна, цяпер можна з пэўнасцю гаварыць толькі пра добра арганізаванае перакідванне беларусаў у Лівію, а не стыхійны набор наймітаў. Афіцыйны ж Менск скандальную інфармацыю катэгарычна абвяргае.
АНДРЭЙ САВІНЫХ, ПРЭС-САКРАТАР МЗС:
«Гэта абсурдная заява, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Беларускіх вайскоўцаў у Лівіі няма і ніколі не было. заявы пра адваротнае недарэчныя і нязграбныя».
Зрэшты, інфармацыя пра беларускіх наймітаў з’яўлялася і раней, з самага пачатку грамадзянскай вайны ў Лівіі, краіне, якую афіцыйны Менск акрэслівае як прыярытэт у вонкавай палітыцы. Паводле Камітэту ААН па справах наймітаў, нашыя суайчыннікі былі задзейнічаныя і ў іншых гарачых кропках – як жаўнеры і вайсковыя кансультанты.
АЛЕГ ВОЎЧАК, УДЗЕЛЬНІК ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ:
«Недзе месяц таму або нават менш лятаў самалёт з Лівіі ў менскі аэрапорт. І таму ўсё магчыма, што ўлады маглі абмяняцца такою ваеннаю дапамогаю».
Добра вядомыя беларусы і на рынку зброі. Гэтак, літаральна днямі ў Нью-Ёрку падчас судовага працэсу над расейскім збройным баронам Віктарам Бутам былі агучаныя дэталі ягоных перамоваў з калумбійскімі баевікамі адносна адмывання грошай за зброю.
ВІКТАР БУТ, АБВІНАВАЧАНЫ Ў ГАНДЛІ ЗБРОЯЙ:
«...Мы прапаноўваем, каб вы працавалі праз Расею, Венесуэлу або Беларусь».
Гандаль зброяй з тэрарыстамі ды ўдзел у баявых дзеяннях наймітаў – сур'ёзныя міжнародныя злачынствы. Дагэтуль афіцыйны Менск адказнасці паводле такіх абвінавачванняў унікаў. Але ці здолее пазбегчы яе і надалей?
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ПАЛІТЫК:
«Калі мы адзначаемся толькі нейкімі скандаламі і тое, што не дадае пазітыўнай інфармацыі для Беларусі, – гэта азначае, што сістэма прыходзіць у заняпад, сістэма ў крызісе, і прыйшоў час змяняць і сістэму, і тых, хто ёсць тварцом гэтай сістэмы».
Ці дапамагала беларуская «сістэма» лівійскай сваімі сілавікамі ды зброяй – гэта пытанне ўсцяж не мае дакладнага адказу. Затое дакладна можна сказаць, што свайго кшталту наймітаў Менск выкарыстоўвае ўнутры краіны. Бо як яшчэ можна назваць кіраўнікоў асноўных сілавых структураў рэспублікі: міністэрстваў абароны і ўнутраных справаў, а таксама КДБ і Службы аховы прэзідэнта – ніхто з якіх не нарадзіўся ў Беларусі?
Валеры Руселік, «Аб’ектыў»






Каментары RSS