Інфляцыя ў Беларусі б’е рэкорды
субота, 26 лютага 2011
У лідарах – паслугі дзіцячых садкоў, жыллёва-камунальныя паслугі ды крупы.За 22 дні лютага інфляцыя склала 2,8 %, усяго ж з пачатку года пакупніцкая здольнасць беларускага рубля знізілася на 4,2 %. Нагадаем, улады абяцалі, што гадавы паказнік складзе 7,5–8,5 %.
У выніку, праз сёлетнюю інфляцыю Беларусь стала лідарам сярод краінаў Еўропы. Летась рэспубліка таксама займала паводле гэтага паказніка першае месца.
Паводле “Белстату”, найбольш падаражэлі з пачатку лютага паслугі дашкольных установаў (36,6 %), жыллёва-камунальныя паслугі (18,2 %) і крупы (15,5 %).
Кошты падвысіліся шмат на якія харчы: цукар (9,9 %), бульба (7,2 %), гародніна (6,4 %), яблыкі (5,8 % ), марожаная рыба (4,8 %), ялавічына першай катэгорыі (4,5 %), салёны селядзец (4 %), свініна і вараная каўбаса першага гатунку (3,3 %), тлусты тварог (3,1 %), масла і цвёрды сыр (2,8 %). Таксама падаражэла навучанне ў ВНУ (4,7 %).
Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што інфляцыйны скачок быў прагназаваны: апошнія 15 гадоў заробкі растуць хутчэй за прадуктыўнасць працы. Калі раней гэты разрыў пакрываўся за кошт датацыяў Расеі ды вонкавых пазыкаў, то цяпер даваць крэдытаў сталі значна меней.
belsat.eu










Каментары RSS