«Аб’ектыў»
Калі матэрыял недаступны, калі ласка абнавіце старонку.

<> Каб адчыніць гэтае відэа на іншай старонцы, скапіюйце код фільму.

Дадаць Падзяліцца Падзяліцца

“Эканамічныя санкцыі – ганьба для Еўропы”, “Дзе тваё сумленне, Івашкевіч”, а таксама “Мы супраць санкцыяў!”. Перад будынкам савецкага суда сталіцы прайшла сёння паўнавартасная дэманстрацыя. Каля двух дзясяткаў працаўнікоў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу прыехалі падтрымаць сваю калегу. Марыну Цыбліенку абурыла заява апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча. Справа скончылася ў судзе. Вінаватага ў еўрапейскіх санкцыях – знайшлі.

Працэс “Цыбліенка супраць Івашкевіча” стаўся нетыповым для беларускай судовай сістэмы.

МАРЫНА ЦЫБЛІЕНКА, ПАЗОЎНІЦА:
“Пачуцці вельмі супярэчлівыя. Столькі было нервавання за гэты час”.

Працаўніца мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу паскардзілася на апазіцыйнага палітыка за заклік да Еўропы ўвесці эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемства. Паводле спадарыні Цыбліенкі, заявы Івашкевіча могуць адбіцца на фінансавым стане ейнай сям’і.

МІХАІЛ ЦЫБЛІЕНКА, МУЖ МАРЫНЫ ЦЫБЛІЕНКІ:
“Гэта датычыцца непасрэдна нашай сям’і. У нас крэдыт за кватэру, у нас дзеці, ім трэба дапамагаць, унукі”.

Няўпэўненасць у заўтрашнім дні нібыта нанесла Цыбліенцы маральную шкоду, якую яна ацаніла на 500 тысяч рублёў. Дамагацца кампенсацыі жанчына прыехала з групаю падтрымання, на дзяржаўным аўтобусе, з загадзя падрыхтаванымі транспарантамі ды плакатамі.

КАНСТАНЦІН ЮРКШТОВІЧ, СТАРШЫНЯ БЕЛХІМПРАФСАЮЗУ
“Калі ўлічваць, які быў крызіс, нашыя прадпрыемствы гэта моцна адчулі – калі ўзраслі кошты, калі прадпрыемства перастала атрымліваць прыбыткі, заробак”.

Вось толькі прычынаю крызісу на прадпрыемстве, як і ва ўсёй краіне, кажа спадар Івашкевіч, сталіся зусім не ягоныя заявы, а дзеянні ўладаў. Зрэшты, прычыны магчымага ўвядзення санкцыяў супраць беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў таксама варта шукаць не ў адкрытых лістах Івашкевіча, а ў існаванні палітвязняў у Беларусі.

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ, ПАЛІТЫК:
“Я ім прапанаваў не спрачацца, не сабачыцца міжсобку, а разам сабрацца і разам скінуць гэты рэжым, які ёсць галоўная праблема іхная і мая, які стварае эканамічныя цяжкасці, правакуе санкцыі”.

Заклік палітыка гэтак і застаўся без адказу. Затое пазоў Цыбліенкі суд падтрымаў ды наклаў на Івашкевіча забарону на выезд з краіны, забавязаў выплаціць маральную кампенсацыю 500 тысяч рублёў, а таксама зняпраўдзіць уласныя заклікі да Еўразвязу ўвесці эканамічныя санкцыі супраць мазырскага НПЗ. Што праўда, нават суддзя не вельмі ўяўляе, як можна выканаць такі прысуд.

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ, ПАЛІТЫК:
“Яна сама не можа даць яснай фармулёўкі, што ад мяне патрабуецца. Мы дамовіліся, што я заўтра падыду, і яна растлумачыць, што з гэтаю пастановаю рабіць”.

Спадарыня ж Цыбліенка кажа, што прысудам Івашкевічу задаволеная. Вось толькі ці пазбавіць штраф, накладзены на палітыка, яе непакою ды хваляванняў за будучыню сям’і? Пытанне гэтае хутчэй рытарычнае, аднак пагроза накладання эканамічных санкцыяў на беларускія прадпрыемствы цалкам рэальная да моманту, пакуль у турмах Беларусі будзе заставацца хоць адзін палітвязень.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”

Інфляцыя працягвае расці ды ўжо дасягнула амаль 8 % – вынікае з апошніх звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Ад пачатку года паводле стану на 15 траўня кошты выраслі на 7,8 %. Прычым за першыя пятнаццаць дзён траўня інфляцыя ў краіне склала 0,9 %. Гэта сярэдні паказнік, а вось на некаторыя асобныя тавары і харчы кошты падскочылі значна больш. Гэтак, напрыклад, свежая капуста падаражэла амаль на 60 %. Кошты на хлеб і хлебабулачныя вырабы выраслі на 6 %, ялавічына без костак падаражэла амаль на 5 %, масла – больш як на 5 %, гарэлка – на 3,5 %, а малако і малочныя вырабы – на 3 %.

Сяргей Скулавец, Аб’ектыў

Беларусы з кожным годам усё больш актыўна наведваюць краіны Еўразвязу. Нягледзячы на кошты, працэдуры ды чэргі, колькасць атрыманых летась візаў павялічылася амаль удвая ў параўнанні з 2010 годам.

У 2011-м беларусы атрымалі больш за сямсот тысяч шэнгенскіх візаў. За 2010-ты ж па колькасці атрыманых дазволаў на ўезд на аднаго жыхара беларусы ўвогуле занялі першае месца ў свеце. Тады амбасады выдалі 428 тысячаў шэнгенскіх візаў.

І Польшча, і Літва намагаюцца спрасціць умовы атрымання дазволаў для беларусаў. Але афіцыйны Менск спрашчаць візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу намеру не мае. Пасол нашае краіны ў Нямеччыне Андрэй Гіро заявіў у інтэрв’ю “БелаПАНу”, што абмяркоўваць гэтае пытанне не прыйшоў час, бо, паводле яго, больш за дзвесце беларускіх чыноўнікаў не могуць выязджаць на Захад.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Менш як праз гадзіну ў Баку стартуе першы паўфінал конкурсу Еўрабачання. Прадстаўнікі Беларусі – гурт «Litesound», які мае выступаць праз 2 дні – ужо прыцягнулі да сябе ўвагу. Але не самую лепшую: у медыях з'явіліся паведамленні пра бойку музыкаў міжсобку. Чаму скандаляць беларускія канкурсанты і якія агульна-палітычныя праблемы можна прасачыць за шырмаю «Еўрабачання»?

Якое шоу, такія і дзеці! Бо нават маці братоў Каракіных, салістаў гурта «Litesound» трапіла пад удар, разнімаючы на імпрэзе ў «Буранаўскіх бабуль» бойку разагрэтых алкаголем маладзёнаў. Інфармацыю пра канфлікт, якую распаўсюдзіў рэсурс «Тэлеграф-бай», адразу аспрэчыў дырэктар гурта Юрый Каракін, па сумяшчальніцтве і бацька выканаўцаў. Аднак як разумець такія паводзіны?

ДЗМІТРЫЙ ПАДБЯРЭЗСКІ, МУЗЫЧНЫ КРЫТЫК:
«Гэта вельмі груба спрацаваны такі вось PR – прыцягнуць да сябе лішнюю увагу. Нейкі, прабачце, «сара», дзе людзі імкнуцца выпендрыцца адзін перад адным, і за кошт гэтага прыцягнуць увагу, калі няма магчымасці прыцягнуць за кошт якасці музыкі, якую яны паказваюць».

На «Еўрабачанні» дэлегацыя нашай краіны скандаліць не ўпершыню. У 2007 годзе ў Хельсінкі цяперашні ўладальнік ордэну Францыска Скарыны Філіп Кіркораў, які тады быў прадзюсарам Дзмітрыя Калдуна, даў поўху тагачаснаму намесніку кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Юрыю Азаронку. У выніку Аляксандр Лукашэнка звольніў увесь беларускі аргкамітэт «Еўрабачання». Давялося ўмешвацца прэзідэнту і сёлета, калі крытыку выклікаў вынік галасавання аб кандыдатуры прадстаўніка Беларусі на фэсце.

Не менш скандалаў звязана і з самім месцам правядзення імпрэзы. Вялікай колькасці замежных карэспандэнтаў Азербайджан адкрыўся з іншага і менш бліскучага боку. Такім чынам разганяюць мясцовую апазіцыю, якая патрабуе свабоды слова, адстаўкі прэзідэнта Аліева і вызвалення палітвязняў.

Актывісты партыі «Мусават», якія трымаюць галадоўку на знак пратэсту, кажуць, што свабоды ў краіне няма.

ЭГАНА АМУРАСЛАНАВА, УДЗЕЛЬНІЦА ГАЛАДОЎКІ:
«Арыштавалі людзей, маладых людзей, якія ні ў чым не вінаватыя, арыштавалі за тое, што жадалі дэмакратыі».

Міжнародны конкурс «Еўрабачанне» для Азербайджану мог стаць нагодаю палепшыць сітуацыю, але...

ЭЛІ КЭРЫМЛІ, ЛІДАР ПАРТЫІ НАРОДНАГА ФРОНТУ:
«Быў добры шанец для ўраду перад «Еўрабачаннем» пачаць пазітыўныя рэформы ды прадэманстраваць ўсёй Еўропе, што ўрэшце кіраўніцтва Азербайджану пачало рэформы. На жаль, я не магу сказаць, што гэта так».

Такім праз прызму еўрапейскага песеннага конкурсу бачыцца Азербайджан. А як у гэткім разе выглядае наша краіна?

ДЗМІТРЫЙ ПАДБЯРЭЗСКІ, МУЗЫЧНЫ КРЫТЫК:
«Беларусь там, я лічу, па сутнасці не рэпрэзентуецца, прэзентуецца нейкая незразумелая краіна з вельмі нізкім культурным узроўнем».

І краіна гэтая на конкурсе «Еўрабачанне» пакуль вядомая толькі скандаламі.

Кірыл Смяглікаў, «Аб’ектыў»

Удзел у мітынгу ў Расеі мае стаць вельмі дарагім заняткам. Штрафы могуць вырасці ў сотні разоў і сягнуць нават 10 тысяч долараў у эквіваленце. Адпаведны закон аб шматразовым павелічэнні штрафаў за парушэнне парадку правядзення мітынгаў у першым чытанні зацвердзіла Дзяржаўная дума. «За» прагаласавала толькі фракцыя «Единая Россия». Але гэтага было дастаткова.

«Раздзімаеце штрафы – лопне трыванне». Мітынг супраць закону аб абмежаванні свабоды сходаў скончыўся абмежаваннем волі для некаторых ягоных удзельнікаў.

МІТЫНГОЎНІК:
«Мы супраць дыктатуры. За свабоду слова. За свабоду выступаў. Вось што мы падтрымліваем. А гэтым законам яны хочуць нас запалохаць...»

І як бачна, не толькі запалохаць. Расейскія сілавікі ўсё менш саромеюцца ўжываць гвалт нават перад аб'ектывамі... Што толькі падмацавала галоўны пасыл грамадству ды ўраду Расеі.

СЯРГЕЙ МІТРОХІН, ЛІДЭР ПАРТЫІ «ЯБЛОКО»:
«Каб яна не стала Беларуссю, трэба лавіць за руку вось гэтых злодзеяў, якія там сядзяць і крадуць у нас правы, свабоды, грошы, заробкі, зямлю. Сёння тут хочуць скрасці чарговае грамадзянскае права – гэта фактычна забарона на правядзенне мітынгаў».

Дзярждума Расеі ў першым чытанні зацвердзіла штрафы за парушэнні на мітынгах: 1,5 млн рублёў для службовых асобаў і да 1 млн – для шараговых удзельнікаў. КПРФ, ЛДПР і «Справедливая Россия» законапраекту не толькі не падтрымалі, але і назвалі павышэнне штрафаў «рэпрэсіўнымі захадамі».

ПАВЕЛ ШАРАМЕТ, ЖУРНАЛІСТ:
«У Беларусі 100-адсоткава фашысцкі, дыктатарскі, таталітарны палітычны рэжым. У Расеі ўлада ўсё ж аўтарытарная. Паўнамоцтвы прэзідэнта Пуціна не такія моцныя, як у Лулу, і пакуль ён не перакрочыў гэтую мяжу».

Тым не менш, ініцыявала законапраект праўладная «Единая Россия». Заявіўшы, што хаця павелічэнне штрафаў «беспрэцэдэнтнае», аднак неабходнае дзеля таго, каб і арганізатары, і ўдзельнікі маніфестацыяў разумелі сваю адказнасць. Аднак...

МІТЫНГОЎНІЦА:
«Буйныя гарады, цэнтральная Расея пачнуць выходзіць, людзі пачнуць падымацца зрынаць».

Законапраект аб мітынгах быў унесены на разгляд Дзярждумы пасля масавых пратэстаў 6 траўня ў хадзе «Маршу мільёнаў» у Маскве. Тады ў выніку жорсткага супрацьстаяння апазіцыі ды АМАПу некалькі чалавек атрымалі раненні.

Цяпер жа прапаноўваецца ўвесці адміністрацыйнае пакаранне для арганізатараў, калі ўдзельнік мітынгу здзейсніў крымінальнае злачынства. Такім чынам, мітынг не змогуць арганізаваць тыя, хто мае нязнятую і непагашаную судзімасці, а таксама тыя, хто двойчы і больш прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. А гэта наўпрост б'е па апанентах уладаў.

ПАВАЛ ШАРАМЕТ, ЖУРНАЛІСТ:
«Галоўны фактар – гэта настойлівасць расейскай апазіцыі ў адстойванні сваіх інтарэсаў. І жорсткасць або няжорсткасць, тыя межы, да якіх будуць дзеяць улады і агульная сацыяльна-эканамічная сітуацыя».

Тым не менш, першую заслону на шляху масавых «гулянняў» Дзярждума ўжо паставіла.

Вольга Саўле, «Аб’ектыў»

Легенда беларускай моднай індустрыі прынамсі яшчэ бліжэйшыя тры месяцы правядзе за кратамі. Расследаванне крымінальнай справы ў адносінах Сашы Варламава, які ўжо год застаецца ў вязніцы, працягнулі да 20 жніўня.

Справай вядомага мадэльера займаецца створаны летась Следчы камітэт. Кіраўніка Цэнтру моладзевай моды БДУ, шматгадовага арганізатара фестывалю «Млын моды» падазраюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і незаконным выкарыстанні больш як 120 тыс. еўраў і 310 млн рублёў. У прыватнасці – у прысваенні Варламавым грашовых сродкаў, прызначаных на камандзіраванне ў еўрапейскія краіны ўдзельнікаў фестывалю. Пацярпелымі ды сведкамі ў справе праходзяць больш за 500 чалавек. Падчас леташняга «Млыну моды» Саша Варламаў публічна заявіў, што фестываль існуе нягледзячы на тое, што арганізатары ўжо 12 гадоў не атрымліваюць за сваю працу заробку. Ды адзначыў, што апошні гэта фестываль ці не – вырашаць кіраўніку краіны. Фестываль стаў апошнім – для Сашы Варламава.

Вольга Старасціна, «Аб’ектыў»

Акруговы суд у Кракаве паставіў кропку ў справе 25-гадовай даўніны. Чатыры былыя польскія міліцыянты, якія збівалі мірных дэманстрантаў у далёкім 1987 годзе, атрымалі абвінаваўчыя выракі. Чаму важна, каб нават праз чвэрць стагоддзя былі пакараныя выканаўцы злачынстваў недэмакратычнай сістэмы?

3 траўня 1987 года міліцыянты ў цывільным напалі на дэманстрантаў, якія сабраліся на кракаўскім Вавэлі. Нападнікі брутальна збівалі мірных людзей, ламалі рукі, ногі, насы, сківіцы, рэбры... Мінула чвэрць стагоддзя, і пакаранне знайшло-ткі сваіх злачынцаў.

БАРБАРА СІКОРА, АКРУГОВЫ СУД КРАКАВА:
«Быўшы функцыянерамі камуністычнай дзяржавы, дзеючы супольна і ў паразуменні з іншымі функцыянерамі грамадзянскай міліцыі, далучыліся да злачынстваў камунізму праз удзел у збіцці ўдзельнікаў патрыятычнай маніфестацыі на Вавэлі».

Пакаранне з улікам амністыі амаль паўтара года зняволення з адтэрмінаваннем і абнародаваннем імёнаў – чатыром былым міліцыянтам. Яшчэ супраць дваіх справа спыненая. І хай у судовай зале аніводзін з абвінавачаных не з’явіўся, пасівелыя апазіцыянеры не хавалі радасці.

ПАЦЯРПЕЛЫ:
«Вырак вяртае веру ў справядлівасць. Шкада толькі, што гэтая лава абвінавачаных такая кароткая: няма іншых выканаўцаў і, галоўнае, замоўцаў».

Спыненая ў 1993 годзе праз адсутнасць доказаў, справа аднавілася толькі ў 2007-м, дзякуючы мясцоваму журналісту, апазіцыянеру часоў “Салідарнасці”, таксама збітаму ў згаданай дэманстрацыі. У рукі Мацею Гаўлікоўскаму трапіла міліцэйская хроніка, якая зафіксавала напад. Далей былі рэпартажы і два дакументальныя фільмы, якія атрымалі шырокі розгалас. Затым Інстытут нацыянальнай памяці, пракуратура і суд...

МАЦЕЙ ГАЎЛІКОЎСКІ, ЖУРНАЛІСТ, БЫЛЫ АПАЗІЦЫЯНЕР:
«Найперш гэта поспех для пакрыўджаных, што праз столькі гадоў нарэшце справядлівасць перамагла, і вінаватыя асобы былі асуджаныя за здзяйсненне закінутых ім дзеянняў».

Удзельнікі паседжання падкрэсліваюць, што агучаныя выракі маюць найперш сімвалічнае значэнне: камуністычныя злачынствы не маюць тэрміну даўніны, а іх выканаўцы не могуць пачувацца бяспечна нават праз дзесяцігоддзі. Ці можа досвед нашых суседзяў атрымаць працяг і ў Беларусі?

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА:
«У нашай краіне таксама мусяць адбыцца падобныя працэсы, бо вельмі шмат людзей пацярпела за васямнаццаць гадоў. І вось самы апошні выпадак з Моўчанам, якому зламалі сківіцу – безумоўна, трэба абавязкова правясці падобныя суды і таксама пакараць. Гэта добрая навука тым, хто сёння збівае і нявечыць людзей, што пакуль што яны могуць спаць спакойна пры гэтай уладзе. А вось новая ўлада да іх вернецца».

Балазе і зафіксаваных злачынстваў прадстаўнікоў уладаў супраць мірных грамадзянаў – больш як дастаткова.

Валеры Руселік, «Аб’ектыў»

АСУДЗІЛІ ПАЛІЦЫЯНТАЎ

З праблемаю злачынстваў прадстаўнікоў старой сістэмы сутыкнуліся і новыя ўлады Егіпту. У найноўшай гісторыі гэтай краіны абвешчаны беспрэцэдэнтны вырак пяці паліцыянтам, асуджаным за здушэнне антыпрэзідэнцкіх дэманстрацыяў у леташнім студзені. За сілавыя дзеянні, што прывялі да смерцяў і раненняў маніфестантаў, яны атрымалі па 10 гадоў пазбаўлення волі. Раней усе судовыя працэсы аб забойстве дэманстрантаў сканчаліся апраўданнем падсудных.

Працэс супраць 17-ці паліцыянтаў, што скончыўся сёння ў Каіры, датычыў першых дзён пратэсту на плошчы Тахрыр, калі загінулі 5 чалавек. Столькі ж – 5 сілавікоў – за дзеянні падчас разгону дэманстрантаў атрымалі рэальныя тэрміны, яшчэ двое – па годзе ўмоўна. Адразу 10 паліцыянтаў цалкам апраўдалі. Леташнія антыўрадавыя пратэсты па ўсім Егіпце, што выліліся ў бойкі з паліцыяй ды войскам, прывялі да адстаўкі прэзідэнта Хосні Мубарака. Былы кіраўнік краіны зараз за кратамі, яго абвінавачваюць у злачынствах супраць уласнага народу.


ЗАСТАЛІСЯ ПРЫ ЎЛАДЗЕ

Грунтоўнае рэфармаванне дзяржаўнай службы, абяцанае Дзмітрыем Мядзведзевым на пасадзе прэм’ер-міністра Расеі, абярнулася перастаноўкаю высокіх чыноўнікаў з месца на месца. Напрыклад, былы міністр унутраных справаў Рашыд Нургаліеў, пры якім у паліцыі адбыўся шэраг гучных скандалаў, стаў намеснікам сакратара Рады Бяспекі Расейскай Федэрацыі. Былы віцэ-прэм’ер Ігар Сечын узначаліў кампанію «Роснефть».

ЛЕАНІД РАДЗІХОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АНАЛІТЫК:
«Сечын – скрайне ўплывовая фігура ў Расеі, дзякуючы сваім блізкім сувязям з Пуціным і ўплыву на паліўны комплекс».

Не засталіся без пасады і іншыя пуцінскія міністры. Гэтак, экс-міністр аховы здароўя Таццяна Голікава і экс-міністр адукацыі Андрэй Фурсенка сталі памочнікамі прэзідэнта Пуціна.


УДАР ЛІТАМ

Літоўскія ўлады стварылі «чорныя спісы»... кантрабандыстаў. Як паведамляюць мясцовыя медыі, Мытны дэпартамент краіны перадаў мэрыям прозвішчы асобаў, якіх злавілі на кантрабандзе з Беларусі альбо Калінінградскай вобласці. Мэта чорных спісаў – спыніць выплаты сацыяльнай дапамогі такім парушальнікам закону. Ужо некалькіх кантрабандыстаў пакаралі.


НЯБЕСНАЕ ДРЭВА ЯПОНІІ

Найвышэйшая ў свеце тэлевежа адкрылася сёння для публікі ў Токіа. «Нябеснае дрэва» – гэтак завецца навабуд – вырасла пасярод японскай сталіцы за 4 гады. Вышынёю 634 метры сярод будынкаў яна саступае толькі хмарачосу ў Дубаі. За час будаўніцтва тэлевежа паспяхова перажыла і страшэнны землятрус у леташнім сакавіку. За першы год адміністрацыя будынку рыхтуецца прыняць не менш як 32 мільёны наведвальнікаў.

Марцін Ярскі, «Аб'ектыў»

У межах пазаконкурснай праграмы на юбілейным 65 Канскім фестывалі сёння ўпершыню паказалі беларускамоўны фільм. У стужцы “Viva Bel@rus” пераплеценая палітыка і жыццё простых людзей. Нават гледачы падзяліліся ў меркаваннях пра фільм: ці то гэта мастацтва, ці то палітыка.

ФРАНАК ВЯЧОРКА, АДЗІН СА СЦЭНАРЫСТАЎ ФІЛЬМУ:
“У нас фільм пра каханне, пра здраду, пра сяброўства, але ўсё гэта адбываецца на фоне палітычнае рэальнасці. На жаль, у Беларусі палітыку і мастацтва аддзяліць складана. Пакуль я чуў толькі пазітыўныя водгукі пра наш фільм. Але шмат што будзе вырашацца заўтра. Пакуль жа мы абмяркоўваем магчымасць паказу фільму ў Карлавых Варах, а таксама ўвосень у Манрэалі. А цяпер на фестывалі тысячы людзей, аматараў, дыстрыб’ютараў, вельмі высокі ўзровень арганізацыі. Таму гонар быць часткай усяго гэтага”.

Фільм, зняты на сродкі французскага “Canal+” ды польскага ўраду паказвае, як асоба вырываецца на волю. Стужка пра тое, якое пакаранне нясе чалавек, які жадае ды імкнецца да свабоды ў таталітарнай краіне. Да нас кіно трапіць ужо ўвосень.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

ПЕРШЫ МЕДАЛЬ БЕЛАРУСАЎ

Яўген Цуркін заваяваў сёння бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы па плаванні, што праходзіць у Вугоршчыне. У фінальным заплыве на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем Цуркін паказаў вынік 23,37 секунды ды ўжо 3-і раз на сёлетнім першынстве абнавіў нацыянальны рэкорд нашай краіны. “Золата” тут заваяваў іспанец Рафаэль Муннёс Пэрэс. Бронза Яўгена – гэта першая ўзнагарода беларускіх плыўцоў на гэтым чэмпіянаце Старога свету. Нагадаю, што тут не выступае лідарка айчыннага плавання Аляксандра Герасіменя, якая мэтанакіравана рыхтуецца да лонданскай Алімпіяды.


1/2 КУБКУ СТЭНЛІ

Клуб Нацыянальнай хакейнай лігі “Нью-Джэрзі Дэвілз” аднавіў раўнавагу ў паўфінальнай серыі Кубку Стэнлі з “Нью-Ёрк Рэйнджэрз”. У 4-м матчы супрацьстаяння “Дэвілз” на сваёй пляцоўцы не пакінулі шанцаў “рэйнджэрам” і святкавалі вікторыю – 4:1.

Фінальнае супрацьстаянне Усходу паміж “Рэйнджэрз” і “Нью-Джэрзі” стала нагадваць тэніснае спаборніцтва. Ньюёркцы наносяць удар, выходзячы ў серыі наперад, а “д’яблы” не цягнуць з адказам. Пасля суботняй паразы 0:3 на другі хатні матч хакеісты “Нью-Джэрзі” выйшлі да мяжы заладаваныя, ім удалося захапіць ініцыятыву і давесці сустрэчы да станоўчага для іх выніку. Капітана гаспадароў Зака Парызэ прызналі першаю зоркаю матчу – у ягоным актыве 2-е шайбы і адзін асістэнцкі бал. Перамога дазволіла “Нью-Джэрзі” зраўняць лік у серыі да 4-ох вікторыяў – 2:2. 5-ы матч супернікі правядуць ужо ў чацвер. Яшчэ ў адным паўфінале Кубку Стэнлі “Лос-Анджэлес” вядзе ў серыі з “Фініксам” – 3:1.


БАРАЦЬБА Ў ПЛЭЙ-ОФ НБА

Тым часам у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі стаў вядомы першы ўдзельнік 1/2 фіналу ў барацьбе за ганаровы трафей. “Аклагома Сіці” спатрэбілася правесці 5 матчаў у супрацьстаянні з “Лос-Анджэлес Лэйкерз”.

У апошняй сустрэчы баскетбалісты “Аклагомы” выйшлі наперад з лікам 106:90. Самым выніковым гульцом двубою стаў плэймэйкер “Лэйкерз” Коўб Браянт, які набраў 42 пункты. Ягоны аднаклубнік Паў Гаcоль зрабіў дабл-дабл, дадаўшы да 14 балаў і 16 падбораў. У складзе “Аклагомы” 28 пунктаў набраў Расэл Ўэстбрук. “Аклагома” перамагла ў серыі з лікам 4:1 і прабілася ў фінал Заходняй канферэнцыі, дзе яе супернікам будзе “Сан-Антоньё Спэрз”, які ў 4-ох матчах пакінуў за бортам плэй-оф іншую каманду з Лос-Анджэлесу, “Кліпэрз”. У 2-ім матчы гульнёвага дня “Бостан Сэлтыкс” нанёс паразу “Філадэльфіі” – 101:85. Перамога дазволіла “Бостану” ўзяць лідарства ў серыі да 4-х перамогаў – 3:2.


«MU» – НАЙДАРАЖЭЙШЫ БРЭНД

Англійскі футбольны клуб “Манчэстэр Юнайтэд” ізноў ачоліў спіс самых дарагіх спартовых брэндаў, які штогод складае брытанскае агенцтва “Брэнд Файнанс”. Кошт назвы манкуніянцаў ацанілі на 853 млн долараў.

У параўнанні з мінулым годам “МЮ” падаражэў на 29 %. 2-е месца ў рэйтынгу самых дарагіх спартовых брэндаў заняла мюнхенская “Баварыя”, ацэненая на 786 млн. Завершыў тройку найлепшых мадрыдскі “Рэал” з ацэнкаю назвы на 600 млн долараў. Упершыню ў рэйтынгу апынуўся расейскі футбольны клуб: піцерскі “Зеніт” размясціўся на 42-м месцы з паказнікам 56 млн. Пры складанні спісу агенцтва “Брэнд Файнанс” ўлічвала розныя крыніцы прыбыткаў клубаў, улучаючы продаж квіткоў на матчы, спонсарскія кантракты, продаж сувенірнай прадукцыі, а таксама правоў на тэлетрансляцыі.


«РЭАЛ» – МУРЫННЮ

Жузэ Мурынню застаецца ў мадрыдскім “Рэале”. Сёння партугальскі спецыяліст паставіў подпіс пад новым пагадненнем, разлічаным да 2016 года. Фінансавыя ўмовы новай дамовы трымаюцца пакуль у сакрэце. Мурынню ўзначаліў “вяршковых” у 2010 годзе і да гэтага часу здолеў з клубам узяць Кубак Іспаніі, а таксама заваяваць залатыя медалі “прымэры”. Партугалец стаў 4-м трэнерам у гісторыі, якому ўдалося перамагчы ў нацыянальным першынстве ў 4-х розных краінах. Раней Мурынню здабыў чэмпіёнства Партугаліі з “Порту”, Англіі – з лонданскім “Чэлсі” ды Італіі – з міланскім “Інтэрам”.

Дзмітрый Сухановіч, “Аб’ектыў”

Каментары RSS
Знайсці «Аб’ектыў» з датаю:
Папярэдні травень, 2012 Наступны
  • Пн
  • Аў
  • Ср
  • Чц
  • Пт
  • Сб
  • Нд
Дзякуем фірмам::
  • Semper
  • Cotton Club
  • DanHen
  • MAKALU
  • pretty one

Панэль лагавання

Пароль або логін няправільны
Loader