Давайце мяса летам шмат есці не будзем – гэтак некалі заклікаў беларусаў Аляксандр Лукашэнка. Падобна, што сёлета слынная парада зноў набывае актуальнасць. Ад заўтрашняга дня кошты на мяса павышаюцца болей як на траціну. На хлебабулачныя і малочныя вырабы – на 10 адсоткаў. Не мінула і тыдня, як прэзідэнт прасіў падначаленых задумацца над тым, як змагацца з інфляцыяй. Чаму эканамічныя паказнікі не слухаюцца першай асобы ў краіне?
Навіна пра падвышэнне коштаў звалілася на беларусаў, як сённяшняя залева.
МІНАКІ:
“Бязладдзе!”
“Дрэнна! Куды ўжо павышаць болей?!”
“Не хачу потым аказацца ў “адным месцы”!”
У тым месцы, на якое намякае пенсіянерка, з новымі коштамі сапраўды можна апынуцца. Згодна з пастановаю ўраду, які набывае моц заўтра, максімальныя адпускныя кошты павышаюцца на малако, кефір, смятану, тварог ды хлебабулачныя вырабы. За два этапы. А таксама на ялавічыну і свініну.
АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Урад зараз раўняе кошты з суседнімі краінамі. І гэтая тэндэнцыя яна будзе захоўвацца. Але самае галоўнае, што ў Расеі чакаецца істотны рост коштаў з першага ліпеня”.
А значыць, варта рыхтавацца да чарговых падвышэнняў. Аднак не так хутка, кажуць адмыслоўцы. Кошты вырастуць, але паволі, бо ўсцяж стрымліваюцца адміністрацыйна. Літаральна ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка загадаў кіраўніцтву Нацбанку заняцца змаганнем з інфляцыяй. Эканамісты ж кажуць: не да тых звярнуўся. Інфляцыяй займаецца Мінэканомікі, а Нацбанк – стаўкаю рэфінансавання, якую ад сёння знізілі на 2 адсоткавыя пункты.
СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, ЭКАНАМІСТ:
«Нацбанк стымулюе вельмі актыўна просьбамі аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання менавіта для таго, каб сябе добра адчуваў рэальны сектар, для якога крэдыты цяпер дастаткова дарагія».
А гэтая задача супярэчыць задачы зніжэння інфляцыі, кажа эксперт.
СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, ЭКАНАМІСТ:
«Адною рукою дзяржава дэкларуе задачу барацьбы з інфляцыяй, але другою сама стварае інфляцыйны ціск, з якім у выніку змагаецца назапашваннем інфляцыйнага навесу».
І гэты навес, які з эканамічнымі законамі не ў згодзе, урэшце можа абваліцца. Насельніцтва ж да падвышэння коштаў ужо не проста прызвычаілася. Нягледзячы на навінУ, сёння ў крамах былога ажыятажу няма. Прычына банальная.
ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, УЛАДАЛЬНІК КРАМЫ:
«Хлеба шмат не назапасіш, а мяса для шмат каго ўжо недасяжнае».
Застаецца цешыцца, што надыходзіць лета, пара зеляніны.
МІНАКІ:
«Пяройдзем на падножны корм. На свежы шчавель, на цыбулю, на гародніну».
«Прэзідэнт не Бог, ён можа абяцаць, а калі грошай мала ў нашай роднай дзяржаве, то гэтак і будзем далей».
А таму сапраўды варта перастаць гуляць у Бога і задумацца над рэальнымі рынкавымі развязаннямі.
Вольга Жарнасек, «Аб’ектыў»
Смех і плясканне ў ладкі абразілі міліцыянтаў ды сталі падставаю для выраку. Пятнаццаць содняў арышту за «дробнае хуліганства» атрымаў у судзе Ленінскага раёну Менску Іван Амельчанка, аўтар сатырычнага плакату «Мусорок».
Відэаролік з «Чарнобыльскага шляху», зняты аператарам «Белсату», прагледзелі ў інтэрнэце каля двухсот дваццаці тысяч карыстальнікаў. Маладзёна ж пасля шэсця пачалі шукаць міліцыянты. Падставаю стала нібы неабходнасць атрымання тлумачэнняў у справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Урэшце Іван сам прыйшоў у РАУС. Тут яго і затрымалі ды склалі пратакол паводле артыкулу «дробнае хуліганства».
У судзе Іван Амельчанка настойваў на тым, што насамрэч на плакаце надпіс быў на ангельскай мове: «My cop ok», што можна перакласці як «мой паліцэйскі – у парадку». Але суддзя Міхаіл Хома не паверыў тлумачэнням і асудзіў хлапца на 15 содняў арышту.
Сяргей Скулавец, «Аб'ектыў»
Казахстан, а не Беларусь, будзе першаю краінаю, якую наведае Уладзімір Пуцін, трэці раз заняўшы пасаду прэзідэнта Расеі. Ягоны візіт у Менск плануецца праз тыдзень пасля Астаны.
Прэсавы сакратар прэзідэнта Беларусі Павал Лёгкі яшчэ ўчора пераконваў журналістаў, што першы візіт на пасадзе прэзідэнта Уладзімір Пуцін зробіць у Беларусь. Дата візіту – 31 траўня – была ўзгодненая ў Маскве падчас нефармальнага саміту кіраўнікоў краінаў СНД. Але падчас гэтага ж форуму Уладзімір Пуцін прыняў запрашэнне і ад прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева наведаць Астану 25 траўня. Такім чынам, першы візіт новаабраны прэзідэнт Расеі зробіць усё ж не ў Беларусь.
Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»
Зачыстка на Чыстых Прудах. Сёння раніцаю маскоўскі спецназ разагнаў лагер апазіцыі ды затрымаў частку актывістаў. Аднак незадаволеныя фальсіфікацыямі расейцы спыняць пратэстаў не збіраюцца. Новым месцам збору стаў сквер ля метро з рэвалюцыйнаю назваю «Барыкадная». Ці дапаможа гэта ўзняць баявы дух змагароў за дэмакратыю і чаму падзеі ў Маскве нагадваюць правераны ў Беларусі сцэнар?
Ліквідацыя лагеру апазіцыі ля помніку Абаю адбылася на рашэнне Басманнага суда і арганізаваная была, як вайсковая аперацыя. А 6-й раніцы, пакуль праціўнік яшчэ спіць.
ІЛЛЯ ЯШЫН, РУХ «САЛІДАРНАСЦЬ»:
«Людзей выхоплівалі са спальнікаў, распіхвалі па аўтазаках».
Каму пашанцавала больш, той паспеў сабраць рэчы.
ПАЛІЦЫЯНТ:
«Калі не падпарадкуецеся, то працаўнікі паліцыі зробяць усе законныя захады навядзення парадку».
Хоць ніхто і не аказаў супраціву, паліцыянты затрымалі як найменш 23 удзельнікаў лагеру. Расейскія падзеі апошняга часу некаторыя пратэстоўцы ўжо назвалі «беларускім сцэнаром». Занадта моцнае падабенства.
ГАРЫ КАСПАРАЎ, РУХ «САЛІДАРНАСЦЬ»:
«І Лукашэнка, і Пуцін паказваюць рашучасць заставацца да канца любым коштам. Пытанне ў тым, які кошт давядзецца заплаціць народам Расеі ды Беларусі за адыход ад дыктатуры».
Як лічыць Гары Каспараў, у здушэнні пратэстаў Пуцін абавязкова дапаможа Лукашэнку. І не толькі каб мець маральнае падтрыманне.
ГАРЫ КАСПАРАЎ, РУХ «САЛІДАРНАСЦЬ»:
«Любая пагроза дыктатуры, асабліва ў блізкім замежжы, успрымаецца Пуціным як патэнцыйная пагроза ягонай уладзе. І Лукашэнка, пры ўсіх супярэчнасцях, застаецца натуральным стратэгічным саюзнікам».
Сустрэча са стратэгічнымі саюзнікамі ў барацьбе супраць «памаранчавай чумы» адбылася ў Маскве якраз напярэдадні, на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Афіцыйна задача ўдзельнікаў АДКБ – супольная барацьба з глабальнымі ды рэгіянальнымі выклікамі ды пагрозамі.
УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
«Важна не спыняцца на дасягнутым. Варта аптымізаваць цэлы шэраг кірункаў дзейнасці АДКБ, дамагчыся большай каардынацыі нашых дзеянняў на міжнароднай арэне».
Аднак салідарнасць і абмен досведам ёсць не толькі сярод аўтарытарных лідараў. Нашыя суайчыннікі, што былі ў эпіцэнтры выбарчых падзеяў у Маскве, паспелі шмат распавесці расейцам пра негвалтоўны супраціў па-беларуску.
АНДРЭЙ КІМ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
«Зараз беларуская палітычная сітуацыя знаходзіцца ў глыбокім крызісе, а ў Расеі наадварот – пад’ём. Таму нам варта чакаць дапамогі з боку расейскіх палітыкаў і грамадзянскай супольнасці».
У тое, што расейскія ўлады здольныя на сапраўдныя рэпрэсіі, вераць не ўсе.
АРЦЕМІЙ ТРОІЦКІ, МУЗЫЧНЫ КРЫТЫК:
«Ні Пуціну, ні Мядзведзеву, ні інфернальным тыпам кшталту Сечына, я перакананы, не хочацца ісці шляхам Лукашэнкі, каб яны не маглі з’ездзіць да сябра Бэрлусконі на выспу Сардынія».
Гэта толькі прагнозы. А што будзе ў рэчаіснасці, мы пабачым 12 чэрвеня. У гэты дзень апазіцыя будзе ладзіць новы «Марш мільёнаў».
Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»
ВЫБАРЫ БУДУЧЫНІ
Правал перамоваў аб стварэнні ўрадавай кааліцыі ды новыя выбары ўжо праз месяц. Уся Еўропа, затрымаўшы дыханне, назірае за чарговаю серыяй грэцкай драмы, якая можа стацца драмай агульнаеўрапейскаю. Сёння прэзідэнт краіны Каралёс Папуляс прызначыў пераходны ўрад, на чале якога стане старшыня Дзяржаўнай рады Грэцыі Панагётыс Пікрамэнас.
Парламенцкія выбары ў Грэцыі, што прайшлі на пачатку месяца, яшчэ больш паглыбілі палітычны крызіс у краіне. Найбуйнейшыя партыі Грэцыі не змаглі прыйсці да згоды што да працягу палітыкі жорсткай бюджэтнай эканоміі, выканання якой патрабуе Еўразвяз.
ЖУЗЭ МАНУЭЛУ БАРОЗУ, СТАРШЫНЯ ЕЎРАКАМІСІІ:
“Мы мусім сказаць грэцкаму народу, што праграма для Грэцыі – найлягчэйшая з усіх магчымых альтэрнатываў. ІснУюць рэальныя праблемы, менавіта таму Грэцыя мусіць выканаць узятыя абавязкі”.
У адваротным выпадку Афіны не атрымаюць чарговага траншу міжнароднай фінансавай дапамогі. Грэцыя будзе вымушаная выйсці з еўразоны і абвесціць дэфолт. Паводле мясцовай прэсы, за апошнія некалькі дзён укладчыкі забралі з банкаў каля 700 млн еўраў.
ЕЎРОПА РАТУЕ ЮЛІЮ
Накіраваць ва Украіну еўрапейскіх медыкаў для дапамогі экс-прэм’еру краіны Юліі Цімашэнцы. З такою прапановаю сёння выступіў старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц падчас сустрэчы з дзейным прэм’ерам Украіны Мікалаем Азаравым.
Кіраўнік Еўрапарламенту папрасіў таксама дазволіць прыезд незалежнага эксперта для назірання за другім судовым працэсам над Цімашэнкаю. Украінскі бок, паводле Азарава, з прапановамі пагадзіўся, што, магчыма зменшыць напружанасць у станках Кіева з Бруселем.
РАТКА ЗА «КРАТКАМІ»
У Міжнародным трыбунале ў Гаазе распачаўся суд над генералам Ратка Младычам. Супраць былога камандуючага арміяй баснійскіх сербаў выставілі 11 абвінавачанняў у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. У прыватнасці, яму інкрымінуецца датычнасць да забойства амаль 8 тысячаў баснійскіх мусульманаў у Срэбрэныцы ў 1995 г. падчас вайны на Балканах. Младыч адхіляе ўсе закіды. Амаль 16 гадоў вайсковец хаваўся ад правасуддзя ў Сербіі, яго затрымалі толькі летась у траўні.
ШТО Ў «ЧОРНАЙ СКРЫНЦЫ»?
Ратавальнікі знайшлі чорную скрынку самалёта “Sukhoi SuperJet-100”, што разбіўся 9 траўня на інданезійскай выспе Ява. Бартавы самапісец моцна абгарэў, аднак паводле экспертаў, модулі памяці прыстасавання – цэлыя. Расшыфроўваннем звестак заняліся інданезійскія адмыслоўцы. Паводле ацэнак спецыялістаў, для вызначэння прычынаў катастрофы можа спатрэбіцца каля года. Самалёт “Sukhoi SuperJet-100” пацярпеў катастрофу раніцаю 9 траўня падчас дэманстрацыйнага палёту ў гарах Інданезіі. На борце былі 45 асобаў, у тым ліку восем грамадзянаў Расеі. Ніхто не выжыў.
Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”
У Міжнародны дзень адмовы ад вайсковай службы стартаваў сёлетні вайсковы пабор.
Сваё прынцыповае нежаданне браць у рукі зброю выказалі дванаццаць беларусаў-навабранцаў. Ці ёсць у нашай краіне альтэрнатыва традыцыйнаму кірзава-казарменнаму спосабу служыць Радзіме?
Цяперашні набор мае на мэце ўкамплектаваць айчынны спецназ, роту ганаровай варты, механізаваныя злучэнні ды сувязістаў. Адначасова завяршаецца і пераход на новыя тэрміны вайсковых набораў – у траўні ды лістападзе.
ВАЛЕРЫЙ ДЗЕМЧАНКА, ВЕТЭРАН УЗБРОЕНЫХ СІЛАЎ:
“І бацькі вашыя могуць не хвалявацца, бо праз васямнаццаць месяцаў яны атрымаюць прыгожых, стройных, зграбных, накачаных, мужных, трывалых сыноў”.
Аднак ад намаляванага вобразу дзембеля-супермэна ў захапленні далёка не ўсе будучыя жаўнеры. Аніводзін з апытаных намі на вуліцах сталіцы маладзёнаў не гарыць ахвотаю служыць у беларускім войску.
“Ад каго абараняцца? Самыя сабе ворагаў шукаем, а затым...”
“Як зірнеш, якое войска ў нас, – страшна робіцца!”
“Можна больш карысна правесці гэты час, паўтара года – на сваё навучанне альбо зарабіць грошай”.
“Аніякіх перспектываў пасля службы ў нашай краіне не прадугледжваецца”.
А вось альтэрнатыўная грамадзянская служба Канстытуцыяй прадугледжваецца. Затое закон, які б рэгуляваў права беларусаў паслужыць Радзіме па-за войскам, дагэтуль у стадыі распрацоўвання. Ці выпадкова?
ЯЎГЕН АСІЕЎСКІ, КАМПАНІЯ «ЗА АЛЬТЭРНАТЫЎНУЮ СЛУЖБУ»:
“У ваенкаматах няма тых людзей, якія былі б за альтэрнатыўную службу: у іх ёсць план на кожны ваенкамат – напрыклад, набраць пяцьсот чалавек. І калі яны іх не набяруць, то ў іх тады, магчыма, прэміі не будзе”.
Боязь жа таго, што з дапамогаю, напрыклад, працы санітарам у цывільным шпіталі навабранцы будуць ухіляцца ад войска, практыкаю не падмацаваная – патлумачыў у час сённяшняй прэс-канферэнцыі лідар кампаніі “За альтэрнатыўную службу” Яўген Асіеўскі.
ЯЎГЕН АСІЕЎСКІ, КАМПАНІЯ «ЗА АЛЬТЭРНАТЫЎНУЮ СЛУЖБУ»:
“Дзесяць тысяч чалавек набіраюцца сёлета. І толькі дванаццаць заяваў – на альтэрнатыўную службу. Гэта калі закону няма. Будзе закон – іх не будзе болей за пяцьдзясят. Які ж гэта адсотак?!”
Зрэшты, адсотак можа ўсё-ткі павялічыцца. Толькі за апошнія паўгода з запытамі, у тым ліку і пра альтэрнатыўную службу, у грамадскую кампанію звярнуліся каля тысячы маладых беларусаў.
КІРЫЛ КАНСТАНЦІНАЎ, КАМПАНІЯ «ЗА АЛЬТЭРНАТЫЎНУЮ СЛУЖБУ»:
“З ваенкаматамі дамовіцца практычна немагчыма. Папросту калі яны бачаць, што мы ўжо ўзяліся за нашага чалавека, якому мы дапамагаем, вельмі жорстка і не адпускаем яго, то яны апускаюць свае рукі і знаходзяць нейкія перашкоды ў здароўі ці яшчэ нечым і даюць адтэрмінаванне”.
А гэта азначае, што хаця б часовая перамога ў, бадай, самай мірнай вайне – навабранцаў з ваенкаматамі – усё-ткі магчымая. Самае ж важнае – урэшце ўцяміць, чым ёсць аддаванне святога абавязку Радзіме: гонарам ці прымусам? Слова за дзяржаваю.
Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
У сонечных Канах адкрыўся юбілейны шэсцьдзесят пяты фестываль. Сімвалам сёлетняга свята кіно стала Мэрылін Манро – легендарная акторка, якая памерла паўстагоддзя таму, гэтак ніколі і не пабываўшы ў Канах. У галоўным конкурсе сёлета стартуюць 22 карціны, сярод рэжысёраў якіх няма ніводнай жанчыны, але ёсць наш зямляк.
Еўрапейскі кінафестываль нумар адзін разгарнуў свой чырвоны дыван. Цягам наступных адзінаццаці дзён па ім будуць шпацыраваць самыя завоблачныя знакамітасці.
АН-МАРЫ СТАЛЬ, АМАТАРКА КІНО З МАРСЭЛЮ:
“Мы прыйшлі сюды па фестываль, па мару пра фестываль. Гэта мара – пабачыць усіх гэтых людзей ды іхны свет”.
Міла Ёвавіч, Кайлі Міноўг, Брэд Піт, Брус Ўіліс ды Тылда Сўінтан. Двое апошнія зняліся ў конкурсным “Каралеўстве поўні” Ўэса Эндэрсана. Гэтаю стужкай адкрываецца канская кінафеерыя. Фільм пераносіць гледачоў у 1965 год, закаханыя амерыканскія падлеткі ў ім збягаюць са скаўцкага летніка.На штогадовай кінападзеі пакажуць сотні фільмаў. Але за ўзнагароды пазмагаюцца 22 стужкі.
ЭЛІЗАБЭТ ФАРА, ПРАДАВАЧКА ФІЛЬМАЎ:
“Я працую на фестывалі ўжо 30 гадоў. Летась ён выдаўся даволі дэпрэсіўны. Але ў гэтым годзе, мне падаецца, будзе больш дынамічны”.
У асноўным конкурсе толькі адна карціна рэпрэзентуе Расею. Аднак зняў яе на беларускім матэрыяле наш зямляк. Фільм “У тумане” нарадзінца Баранавічаў Сяргея Лазніцы экранізуе аповесць Васіля Быкава. На здымкі рэжысёра калісьці добраславіў сам класік. Кажуць, што стужка вельмі спадабалася старшыню журы, Нанні Марэцці.
Першы ж беларускамоўны фільм у гісторыі Канскага фестывалю не трапіць на асноўныя паказы, але будзе двойчы пракручаны на Канскім кінакірмашы. Карціну “Viva Bel@rus”, адным са сцэнарыстаў якой выступіў беларускі актывіст Франак Вячорка, знялі на сродкі французскага “Canal+” ды польскага ўраду.
КШЫШТАФ ЛУКАШЭВІЧ, РЭЖЫСЁР:
“Гэта фільм пра тое, як асоба вырываецца на волю, пра тое, якое пакаранне яна нясе, дамагаючыся свабоды ў таталітарнай краіне”.
У багемнай атмасферы Канаў свабоды не бракуе. З плакатаў ды сценаў дамоў тут паўсюдна іскрыцца ўсмешкаю Мэрылін Манро. Яна задзімае свечку на торце 65-га фестывалю. Цяпер час пакаштаваць саму слодыч.
Адэля Дубавец, “Аб'ектыў”
Дзікія жывёліны шукаюць ратунку ў людзей. У адной з вёсак Піншчыны з'явіліся прыблудныя ласяняты. Спачатку маленькія аказаліся без маці, а потым ад іх адмовілася мясцовае лясніцтва. Але нават дзікае жыццё можа ўратаваць добрае сэрца.
Невялікая вёска Завідчыцы на Піншчыне. Штодзённае жыццё яе жыхароў вось ужо амаль тыдзень выглядае не зусім звычайна. Сапраўдныя прыгоды пачаліся тут са з’яўленнем... вось гэткіх гасцей.
МІКАЛАЙ СЦЁПІН, ЖЫХАР ВЁСКІ:
“Я падышоў да вырубкі, дзе і працую. Бачу: вушы тырчаць адны, другія, трэція. Ласяняты мяне ўбачылі ды пайшлі да мяне”.
Ласянятаў, як аказалася, было трое. Нядаўна народжаныя жывёліны засталіся ў лесе без маці. Яны былі кволыя і знямоглыя. Самі знайсці сабе ежу, вядома, не здолелі. Таму спадар Мікалай вырашыў уратаваць малых і спачатку павёз іх у мясцовае лясніцтва.
МІКАЛАЙ СЦЁПІН, ЖЫХАР ВЁСКІ:
“Я кажу: рабіце нешта, бо яны не маюць маці. А яны сказалі: мы не ведаем, што рабіць, вязі іх ізноў у лес”.
Аднак пакінуць малых на верную смерць у лесе спадар Мікалай адмовіўся. Параіўшыся ж жонкаю ды іншымі сялянамі, вырашыў прытуліць ласянятаў у Завідчыцах.
ЛЮБОЎ СЦЁПІНА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ:
“Мы прыехалі дамоў за прычэпам, а пасля паехалі і забралі іх. Вось цяпер выходжваем іх дома, поім малаком пяць разоў на дзень”.
Двое ласянятаў знайшлі свой дом у спадарства Сцёпіных, а самага малога пасялілі ў суседняй гаспадарцы. За тыдзень жывёліны і людзі паспелі пасябраваць. Таму развітанне з ляснымі гасцямі будзе няпростае. Бясклопатнае жыццё ў Завідчыцах працягнецца толькі месяц. Згодна з рашэннем лясніцтва жывёлінаў адвязуць у Белавежскую пушчу.
ЛІДЗІЯ ЯРОМІЧ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ:
“Папраўдзе кажучы, вельмі шкада, вельмі... Але ж трэба. Усім зразумела, што трэба. Гэта ж не нашае”.
Тым больш, што лясныя госці мусяць як мага хутчэй прайсці адаптацыю да свайго натуральнага асяроддзя.
Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
ПЫТАННЕ ВЫМУШАНА ЎНЕСЛІ
Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе пад няспынным ціскам Кангрэсу ЗША і дэпутатаў Еўрапарламенту ўсё ж вымушана разгледзіць пытанне пра перанос чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю–2014 з Беларусі ў іншую краіну. Як паведамляюць фінскія медыі, Кангрэс ІІХФ адкрываецца заўтра ў Хельсінкі. Але наўрад ці на ім прымуць канчатковае рашэнне. Дэлегаты цяперашняга штогадовага Кангрэсу хутчэй за ўсё абмяжуюцца толькі абмеркаваннем беларускага пытання. Рашэнне, пераносіць чэмпіянат ці не, можа прыняць толькі Генеральны кангрэс федэрацыі, які збярэцца напрыканцы верасня ў сталіцы Японіі – Токіа.
Нягледзячы на тое, што з боку ініцыятараў пераносу чэмпіянату планеты ніводнага брыдкага слова на адрас афіцыйнага Менску не прагучала, у Беларусі, услед за прэзідэнтам, выразаў не выбіраюць. Гэтак, 11 траўня "Спортивная панорама" – друкаваны орган Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь – назвала ініцыятараў байкоту "сапраўднымі палітычнымі ўродамі". Нагадаю, сярод актыўных і паслядоўных супраціўнікаў правядзення чэмпіянату ў Менску выступае легендарны хакеіст, а цяпер дэпутат Еўрапарламенту ад Славаччыны Пэтэр Шцястны. Цікава, што менавіта ягоны сын, Пол Шцястны, закінуў у браму зборнай Беларусі заключную, пятую шайбу ў матчы са зборнаю ЗША на цяперашнім чэмпіянаце свету.
РОЗНЫЯ ПОСПЕХІ ГАСПАДАРОЎ
На адмене чэмпіянату Беларусі па футболе пакуль ніхто не настойвае, і ён сёння паспяхова працягнуўся двума матчамі 11-га туру з удзелам фіналістаў Кубка краіны. За трафей пазмагаюцца 20 траўня на менскім стадыёне "Дынама" футбольныя клубы "Менск" і наваполацкі "Нафтан".
Сёння ж удзельнікі вырашальнага двубою выходзілі на свае матчы 11-га туру ў сталіцы ды Берасці. Спачатку новапалачане распачалі выязны матч з "Дынама", і гульня гэтая атрымалася звышнапружаная. Другі ў сезоне дубль Ёвана Дам’янавіча дазволіў дынамаўцам павесці ў ліку 2:0 да 49-й хвіліны. І хоць хутка новапалачане адгулялі адзін мяч, ізноў Дам'янавіч расцягнуў перавагу гаспадароў да двух галоў. А ўрэшце ўсё скончылася лікам 4:2 на карысць "Дынама". "Берасце" прыняло клуб "Менск" і мінімальна саступіла 0:1, прапусціўшы мяч ад Леаніда Ковеля на 29-й хвіліне. Іншыя тры сустрэчы туру пройдуць 18 траўня.
МАТЧ, ПОЎНЫ ДРАМАТЫЗМУ
А ў Нямеччыне ніхто з аўтсайдэраў, удзельнікаў мінулага чэмпіянату краіны ў Бундэслізе, не затрымаўся ў эліце. Услед за "Кайзэрсляўтэрнам" ды "Кёльнам" найвышэйшы дывізіён пакінула і адзіная каманда са сталіцы краіны – берлінская "Гэрта". Яе замяніла дусэльдорфская "Фартуна", што вярнулася ў эліту пасля пятнаццацігадовага перапынку.
Дусэльдорфцы пасля перамогі ў Берліне тыдзень таму 2:1 адкрылі лік і ў хатнім двубоі. Ужо на першай хвіліне вызначыўся Максімільян Байстэр. Але на 22-й Эніс Бэн-Гатыра зраўняў вынік, а праз паўгадзіны быў выдалены за другое папярэджанне. Потым ізноў "Фартуна" павяла, а "Гэрта" зраўняла. Матч гэтак і скончыўся ўнічыю са зручным для гаспадароў вынікам, але найбольш нецярплівыя заўзятары выбеглі на поле, не дачакаўшыся канца матчу, каб павіншаваць сваіх улюбёнцаў. Паўза зацягнулася на 20 хвілінаў. Галоўны суддзя Вольфганг Штарк і яго памочнікі, убачыўшы, што паліцыя і служба бяспекі не дае рады, накіраваліся ў падтрыбунныя памяшканні. У апранальню пайшлі і гульцы "Гэрты", а футбалісты "Фартуны" наадварот імкнуліся суцішыць сваіх заўзятараў.
КАЛЛІНА УКРАІНЕ СПАДАБАЎСЯ
Сёння афіцыйны сайт Федэрацыі футболу Украіны паведаміў, што пралангаваны кантракт з куратарам айчыннай сістэмы арбітражу, знакамітым у мінулым італьянскім арбітрам П'ерлюіджы Каллінам ды яго асістэнтам Люччана Люччы на тры гады – да заканчэння сезону 2014/2015. Нагадаем, што выканаўчы камітэт федэрацыі падтрымаў рашэнне пра супрацу з Каллінам сёлета 21 лютага.
Аляксандр Пуціла, “Аб’ектыў”

















Каментары RSS