Уладам не да гульняў. За творчы падыход пры арганізацыі пратэставых акцыяў – у прыватнасці, за жартаўлівы мітынг плюшавых звяроў перад Домам ураду – Паўлу Вінаградаву паставілі дзясятку. На мове беларускай рэчаіснасці гэта азначае 10 содняў турэмнага зняволення.
За такую ноч можна пасівець. Жонка актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Паўла Вінаградава, гэтак і не дачакаўшыся мужа дома, паспела звярнуцца ў Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, у КДБ і аддзяленні міліцыі. У выніку...
СВЯТЛАНА ВІНАГРАДАВА, ЖОНКА АКТЫВІСТА:
“…дзесьці а 3:30 ночы я разам з працаўнікамі міліцыі збіралася ехаць да нас дзеля агляду кватэры, і тут раптам вырашыла пазваніць на Акрэсціна, і высветлілася, што яго даставілі туды”.
Арышт адбыўся нечакана. Вінаградаў гэтым вечарам збіраўся на сустрэчу з сябрамі.
ПАВЕЛ ВІНАГРАДАЎ, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
“Вось я прыйшоў на вакзал, гляджу – мянты ў штацкім… Шукаюць кагосьці. Думаю: ну не можа быць, каб мяне. Але яны ўрэшце падышлі, надзелі кайданкі, закруцілі мне рукі ды павезлі”.
Гэтак ужо ў судзе Павел Вінаградаў патлумачыў жонцы сваю адсутнасць. Відэаздымку забаранілі. Па выніку паседжання суддзя Тацяна Матыль прысудзіла Вінаградаву 10 содняў за ўдзел у акцыі “Цацкі мітынгуюць!”, якая прайшла 10 лютага. Сведка-міліцыянт паведаміў, што бачыў, як актывіст сам выстаўляў цацкі з плакатамі. Аднак Павел настойваў, што на жартаўлівым мітынгу быў гледачом.
МІХАІЛ ПАШКЕВІЧ, “ГАВАРЫ ПРАЎДУ!”:
“Зараз закладаецца вельмі добры трэнд на правядзенне моладзевых акцыяў. Зараз зусім не абавязкова, каб сам Паша праводзіў акцыі ці ягоны паплечнік Аляксандр Арцыбашаў. Гэта можа зладзіць любы чалавек – у цэнтральным “МакДональдсе”, у пераходзе метро...”
Аляксандра Арцыбашава затрымалі проста падчас суда над Вінаградавым. Абодва актывісты абвесцілі галадоўку.
Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»
66-ты дзень галадоўкі сябра КХПэ БНФ Сяргей Каваленка таксама правёў у віцебскім судзе. Другое паседжанне праходзіла з эксцэсамі, і гэтак і не паставіла кропкі ў справе віцебскага "Мірона". Суддзя адхіліла хадайніцтвы пра адвод суддзі ды адвод пракурора. Сваякі вязня гучна абураліся і патрабавалі змены ўлады.
Жонка вязня Алена з сямігадоваю дачкою на руках разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, пасля чаго пачалася валтузня паміж прысутнымі ды міліцыяй. Працэс узнавіўся ў іншай зале і без сваякоў актывіста. Разгляд ягонай справы працягнецца заўтра зранку.
За час галадоўкі, якая апошнімі трыма днямі была сухая, вязень страціў 25 кілаграмаў вагі. Яго судзяць за парушэнні рэжыму хатняй хіміі, прызначанай за нацыянальны сцяг, вывешаны на галоўнай яліне Віцебску ў 2010 годзе. Улады намагаюцца нівеляваць учынкі Каваленкі, называючы яго злосным хуліганам. Дзяржаўная прэса фармуе вобраз небяспечнага “мутанта”, чыё месца ў заапарку. А найбуйнейшае польскае выданне “Gazeta Wyborcza” вырашыла, што месца Каваленкі – на першай паласе. “Беларус памірае за сцяг” – сігналізуюць палякі. На адным з дамоў Віцебску на фоне сіняга неба сёння залунаў бел-чырвона-белы сцяг з афарызмам Сяргея.
Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»
Задаволіць насельніцтва і пераканаць Міжнародны валютны фонд. Улады Беларусі імкнуцца ўседзець адразу на двух крэслах. Насельніцтву абяцаюць рост прбыткаў. Вось толькі місія МВФ, якая сёння распачала сваю працу ў Менску, дамагаецца іх замарожвання.
Грошы. Шмат грошай. Беларусь чакае ад Міжнароднага валютнага фонду крэдыту на $ 7 млрд.
АЛЯКСАНДР ЧУБРЫК, ЭКАНАМІСТ:
"Калі Беларусь зацікаўленая ў гэтым, тады гэта магчыма. То бок для гэтага проста шмат чаго трэба зрабіць".
Кажа эканаміст Аляксандр Чубрык, які сёння правёў прэзентацыю аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў Варшаўскім цэнтры грамадска-эканамічных аналізаў. І дадае, што з боку ўладаў няма канкрэтнага паслання, што трэба рабіць, каб ратаваць эканоміку. У крызіснай сітуацыі Аляксандр Лукашэнка заклікаў урад змагацца з інфляцыяй, а адначасова – вярнуцца на дакрызісны ўзровень заробкаў насельніцтва. Апошняе, наадварот, стымулюе інфляцыю. А таму трэба...
АЛЯКСАНДР АЛЯХНОВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
"Не павышаць заробкаў гэтак хутка і не павялічваць пенсіяў, мінімальных заробкаў і г. д. Паляпшаць умовы для вядзення бізнесу. Ёсць вельмі шмат фактараў. І гэта мусіць быць праграма, пад якою перад усім падпісваецца галоўная асоба краіна".
Бо для замежных інвестараў Беларусь надалей, нягледзячы на палітычныя праблемы, застаецца цікавым рынкам. Аднак улады Беларусі ставяць на кароткатэрміновую перспектыву – праз інтэграцыю з Расеяй, ад якое атрымліваюць танныя энерганосьбіты. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэтыя крокі вядуць да страты суверэнітэту, а таму...
АЛЯКСАНДР ПАПКО, ПАЛІТОЛАГ:
"Беларусі лепш быць еўрапейскаю прававою дзяржаваю з нармальным функцыянаваннем рынкавай эканомікі. Расея не ставіць перад сабою мэты зрабіць Беларусь прававою дзяржаваю з рынкаваю эканомікаю, якая будзе функцыянаваць паводле заходняе мадэлі".
Гэтага хоча Міжнародны валютны фонд. А ягонае дапамогі патрабуе афіцыйны Менск. Бо сёлета распачынаецца вяртанне пазыкі МВФ на $ 3,6 млрд. Сёння Беларусь просіць чарговыя $ 7 млрд.
АЛЯКСАНДР ЧУБРЫК, ЭКАНАМІСТ:
"Трэба прадэманстраваць палітыку, якая б заслугоўвала даверу ў МВФ. У тым сэнсе, што ўлады Беларусі гатовыя пайсці на макраэканамічную стабілізацыю і без далейшага фінансавання нейкіх дзяржаўных праграмаў".
Свае ацэнкі ды прагнозы місія МВФ выставіць па завяршэнні працы ў Менску. Гэта значыць, пасля 6 сакавіка.
Сяргей Падсасонны, "Аб'ектыў"
Вялізныя чэргі, валтузня, а часам нават і бойкі. Такі ажыятаж назіраецца ў крамах, калі там прадаецца гэтак званае сацыяльнае малако. Жыхары сталага веку прыкладаюць усе намаганні, каб ашчадзіць. Але колькасць таннага прадукту абмежаваная.
На сайце “Хартыя’97” з'явілася аматарскае відэа з чарговым эпізодам малочных войнаў. Гэтым разам бойка ўзнікла ў краме "Алмі", што ў Менску.
На сацыяльныя тавары абмежавалі гандлёвыя надбаўкі ды максімальныя адпускныя кошты. Малако – адзін з самых танных прадуктаў. Але вытворцы сталі менш вырабляць і прадаваць, бо ў выніку атрымліваюць толькі страты. Яшчэ адзін прыклад таго, чым сканчаецца адміністрацыйнае рэгуляванне коштаў: прадукт амаль знік з крамаў, а калі і з'яўляецца, то яго размятаюць за лічаныя секунды.
Сяргей Скулавец, “Аб'ектыў”
Уладам Беларусі пагражаюць байкотам. Канфедэрацыя працы Расеі паведамляе пра магчымасць закліку адмовіцца ад набыцця беларускіх тавараў. Такую скрайнюю захаду расейскія прафсаюзнікі абяцаюць ужыць у выпадку, калі ўлады Беларусі не спыняць ціску на іхных беларускіх калегаў. Адметна, што заява з такім зместам з’явілася на старонцы Рады правоў чалавека пры прэзідэнту Расеі.
Падставаю для абурэння з боку Расейскай канфедэрацыі працы стаўся выклік лідара Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука ў Генеральную пракуратуру і пагрозы распачаць супраць яго крымінальную справу. Нагодаю для позвы паслужыла заява Ярашука аб закліку да байкоту на беларускія тавары з боку Еўразвязу ў тым выпадку, калі ўлады надалей будуць ціснуць на рабочых, што сышлі з афіцыйных прафсаюзаў. У прыватнасці, ішлося пра сітуацыю вакол прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах. І вось на абарону беларускіх прафсаюзаў сталі расейскія калегі. Прэзідэнт Расейскай канфедэрацыі працы Барыс Краўчанка заклікае ўлады Беларусі спыніць спробы заткнуць рот лідарам рабочага руху Беларусі ды гатовы ў скрайнім выпадку заклікаць байкатаваць беларускія тавары ў Расеі, якая застаецца галоўным спажыўцом беларускага экспарту.
Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”
Колькі людзей пацярпелі ад маразоў? Падобна, што гэтая інфармацыя застаецца ў нашай краіне дзяржаўнаю таямніцаю. На пачатку лютага было вядома пра чатырох загінулых у Менску, траіх – у Берасці ды шасцярых на Гарадзеншчыне. Але на гэтым фоне істотна адрозніваецца сітуацыя на Магілёўшчыне.
Газета "Народная воля" паведамляе, што ў Магілёўскай вобласці ад пераахалоджання з 16 студзеня да 15 лютага загінулі 29 чалавек. Гэта амаль удвая больш, чым у астатніх рэгіёнах краіны, разам узятых. Прычым толькі палова гэтых людзей былі ў стане алкагольнага ап'янення.
На спробу “Аб'ектыву” даведацца пра агульную карціну па краіне ў Дзяржаўнай службе медсудэкспертызаў нам адказалі наступнае:
ДЗЯРЖСЛУЖБА МЕДСУДЭКСПЕРТЫЗАЎ:
“Рэч у тым, што мы даем інфармацыю на падставе афіцыйнага пісьмовага запыту. Гэта ж статыстыка. Увогуле, у мяне няма паўнамоцтваў, каб яе даваць. Я чыноўнік, знаходжуся на працы, у мяне строгія межы, у якіх я працую”.
У суседніх краінах сакрэту з трагічных вынікаў зімы не робяць. Моцна з-за маразоў пацярпела Украіна. Паводле статыстычных звестак з 27 студзеня да 15 лютага тут загінуў 151 чалавек. У Польшчы суровая зіма забрАла жыцці шасцідзесяці двух чалавек. У Расеі замерзлі 215 чалавек. Большасць загінулых – бяздомныя людзі.
Сяргей Скулавец, “Аб'ектыў”
Чарговы дэмарш уладаў Беларусі ў бок заходняга суседа. У нашую краіну не пусцілі шасцёх польскіх парламентарыяў. У Міністэрстве замежных справаў Беларусі гэтак патлумачылі прычыны закрыцця мяжы для польскіх палітыкаў.
ЗАЯВА МЗС БЕЛАРУСІ:
“Ажыццяўленне візіту парламенцкай дэлегацыі прадугледжвае наяўнасць адпаведнага запрашэння ад дэпутатаў краіны прызначэння. У дадзеным выпадку – нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі ўзнікае пытанне: які пазітыў могуць прынесці для двухбаковых дачыненняў падобныя «канспірацыйныя» візіты?”
Дэпутаты польскага Сейму кіраваліся ў нашую краіну на запрашэнне непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі – дзеля правядзення супольных паседжанняў. Беларускія памежнікі не прапусцілі палітыкаў, нягледзячы на наяўнасць дыпламатычных пашпартоў. Польскія парламентарыі чакаюць ад МЗС сваёй краіны сіметрычных захадаў датычна і дэпутатаў беларускай Палаты прадстаўнікоў.
Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”
Алесь Бяляцкі за кратамі, але ягоная справа ўсцяж знаходзіць новы працяг пры гэтым разам па-за межамі Беларусі. Згуртаванне Беларускай Моладзі Віленшчыны спрабуе прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выдачы дадзеных Бяляцкага беларускім уладам. Грамадская арганізацыя выступіла з судовым пазовам супраць міністэртсва юстыцыі Літвы. Сёння ў сталіцы нашай паўночнай суседкі адбылося слуханне справы.
ВАЛЕР САВЕНКАЎ, УДЗЕЛЬНІК СУДОВАГА ПРАЦЭСУ:
“Я звярнуў увагу суда і папрасіў, каб яны ўзялі пад увагу ў сваім рашэнні, што Міністэрства юстыцыі Літвы павінна звярнуцца не толькі да Мінюсту Беларусі, а да Вярхоўнага суда Беларусі, каб той перагледзеў справу Алеся Бяляцкага”.
Сваё канчатковая рашэнне Адміністрацыйны суд Вільні абвесціць пятага сакавіка. Да таго моманту ад афіцыйных каментароў чыноўнікі адмаўляюцца.
Нагадаем, рахункі Алеся Бяляцкага трапілі ў Менск пасля таго, як Міністэрства юстыцыі Літвы задаволіла хадайніцтва беларускага боку аказаць прававую дапамогу, перадаўшы звесткі банкаўскіх рахункаў некалькіх сотняў грамадзянаў Беларусі. На падобныя запатрабаванні адказала таксама і Польшча. Пасля інцыдэнту ўлады краіны абяцалі правесці грунтоўнае расследаванне. Паводле афіцыйнай версіі, згоду на перадаванне інфармацыі аб рахунках Бяляцкага дала чыноўніца Міністэрства юстыцыі Аўшра Бярнаціене, якая пазней вымушаная была сысці ў адстаўку. Аднак хутка пасля гэтага літоўскія медыі напісалі пра новыя дэталі справы. Як выявілася, муж Бярнаціене мае ў Менску адвакацкую кантору, якая кансультуе бізнесоўцаў вельмі прыбытковых інвестыцыйных праектаў, што рэалізоўваюцца ў Беларусі. Ці можа гэта быць простым супадзеннем? Спекуляцыі ў медыях не знайшлі рэакцыі на афіцыйным узроўні. У сваю чаргу цягам некалькіх месяцаў стала вядома пра наяўнасць чарговых запытаў праваахоўных органаў Беларусі ў Літву. Як нядаўна паведамілі літоўскія медыі, паліцыя Літвы на просьбу беларускага боку пачала цікавіцца сустрэчамі, якія амаль два гады таму прайшлі з удзелам беларусаў у Мастацкай акадэміі Вільні.
Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
Улады Беларусі моцна цікавіліся грашамі Бяляцкага, грошы ж беларускіх чыноўнікаў застаюцца ў ценю. Вось толькі адзін прыклад. 100 мільёнаў еўраў. Столькі інвеставалі ў 2008 годзе беларускія кампаніі ды фізічныя асобы ў эканоміку Кіпру. Пры гэтым зваротныя інвестыцыі кіпрскіх бізнесоўцаў у беларускую эканоміку аказаліся ажно ў 15 разоў меншыя. Што прываблівае беларусаў у краіне, вядомай выключна сваімі банкамі ды курортнымі гатэлямі? І чаму гэтыя 100 мільёнаў еўраў не застаюцца ў Беларусі?
Большасць гаспадароў вось гэтых шыкоўных вілаў коштам ад 300 тысячаў да 15 мільёнаў еўраў, што ў курортным мястэчку Лімасоль, зусім не кіпрыёты. І нават не прадстаўнікі Заходняй Еўропы.
СТАЎРОС ПАПАДУРЫС, ДЫРЭКТАР АГЕНЦТВА НЕРУХОМАСЦІ:
“У нашыя дні ад 60 да 70 адсоткаў кліентаў – нарадзінцы былога СССР: Украіны, Расеі, Беларусі, Малдовы ды іншых”.
Куды на Кіпры інвестуюць свае грошы замежнікі? Як сведчаць мясцовыя бізнесоўцы, у акцыі банкаў ды ва ўласныя кампаніі. Адчыніць такую кампанію можна за тэрмін ад трох дзён да двух тыдняў. Яе мінімальны ўстаўны капітал – 1 еўра, а карпаратыўны падатак на прыбытак тут самы нізкі ў Еўропе – усяго 10 адсоткаў.
СОТЫРЫС СОТЫРЫЎ, АГЕНЦТВА «CYPRUS INVESTMENT PROMOTION»:
“Мы вітаем тут на Кіпры любы бізнес з Беларусі, бо ў нас ужо ёсць добрая інфраструктура, і мы хочам атрымліваць ад гэтага дывідэнды”.
Шкада, што дывідэнды трапляюць не ў беларускі бюджэт, а застаюцца ў замежжы. Пры гэтым краінаю паходжання інвестара тут ніхто не цікавіцца ўвогуле.
МАСІС ДЭР ПАРТОГ, ГАЗЕТА «FINANCIAL MIRROR»:
“Усе кампаніі, зарэгістраваныя на Кіпры, маюць роўныя правы. І не важна, яе гаспадар кіпрыёт ці іншаземец. Цяжка вызначыць, з якой краіны паходзіць тая ці іншая фірма”.
Але ўсё ж ёсць у мясцовых банках і непажаданыя кліенты з “сінявокай”.
СЫМЭОН СЫМЭОН, БАНК «PIRAEUS»:
“Чыноўнікі, чые імёны стаяць у дырэктыве Еўрапейскага Звязу. Нам не дазваляецца не толькі адчыняць рахунак такому ўрадаваму чыноўніку, але і прымаць на яго плацяжы”.
І ўсё ж, як упэўненыя скептыкі, абыйсці фінансавыя санкцыі Еўразвязу чыноўнікам, адказным за рэпрэсіі ў Беларусі, тут, на Кіпры, даволі проста. Дастаткова зрабіць уласнікам вось гэтага катэджу, які пакуль яшчэ будуецца, свайго сваяка. І усё, санкцыі... адпачываюць. Пад ласкавым кіпрскім сонцам!
Нерухомасць тут, на Кіпры застаецца галоўным аб’ектам цікавасці для інвестараў з Усходняй Еўропы, у тым ліку з Беларусі. Цудоўнае надвор’е, адносна нізкія кошты, стабільная банкаўская сістэма і, што самае галоўнае, магчымасць заставацца практычна інкогніта, – вось што прыцягвае іх інтарэс.
Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Кіпр
У ПРЫЦЭЛЕ – ПРЭЗІДЭНТ
Сёння раніцаю абстралялі картэж прэзідэнта Абхазіі. Гэта ўжо шосты напад на Аляксандра Анкўаба. Тэракт асудзілі нават мясцовыя апазіцыянеры. І следчыя, і палітычныя апаненты, і простыя грамадзяне сыходзяцца ў адным: тэракт меў на мэце дэстабілізацыю і без таго неспакойнай сітуацыі ў краіне.
Сёння зранку невядомыя абстралялі машыну прэзідэнта Абхазіі Аляксандра Анкўаба, калі той ехаў на працу. Спачатку на шляху картэжу выбухнуў фугас, пасля чаго распачалася страляніна.
КРЫСТЫЯН БЖАНІЯ, ПРЭС-САКРАТАР ПРЭЗІДЭНТА АБХАЗІІ:
“Агонь вёўся з гранатамёта і кулямёта. Працаўнікі аховы вырашылі адкрыць агонь у адказ. Фактычна, калона спынілася. У выніку інтэнсіўнай перастрэлкі былі параненыя тры працаўнікі дзяржаўнай службы аховы і, на жаль, адзін працаўнік загінуў”.
У выніку нападу адзін аўтамабіль згарэў цалкам. Прэзідэнт, які ехаў у іншым аўце, аднак, не пацярпеў: ахоўнікі літаральна захінулі яго сваімі целамі, а кіроўца здолеў праехаць лінію агню. Гэтым часам у рэспубліцы абвешчаны план “Перахоп”, да пошукаў нападнікаў падключыліся прадстаўнікі ўсіх сілавых структураў, а таксама баявыя верталёты.
КАНЕЦ ЭПОХІ – ПАЧАТАК ЭПОХІ?
33-гадовая эпоха Алі Абдулы Салеха скончылася. Тлустую кропку ў кіраванні ўжо былога прэзідэнта Емену паставілі датэрміновыя выбары. Вынік народнага плебісцыту, удзел у якім узялі, паводле агучаных сёння папярэдніх звестак, каля васьмідзесяці адсоткаў выбарнікаў, наўрад ці кагосьці здзівіў. На безальтэрнатыўнай аснове новым лідарам нацыі стаў Абд ар-Раб Мансур аль-Хадзі, які дагэтуль займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. Ягоная кандыдатура была вылучана на падставе кансенсусу паміж прадстаўнікамі рэжыму Салеха ды апазіцыі на пераходны перыяд. Выбары, аднак, былі азмрочаныя тэрактамі на поўдні краіны, у выніку якіх загінулі дзевяць чалавек, сярод іх адно дзіцё.
ВАЙНА ПРАЦЯГВАЕЦЦА
Больш за сотню забітых, сярод іх прынамсі дзясятак дзяцей ды тры жанчыны. На сотні вядзецца і лік параненых. Урадавыя войскі Сірыі працягваюць абстрэл бунтоўнага гораду Гомс, фактычнай сталіцы паўстанцаў. Супраць праціўнікаў прэзідэнта Башара аль-Асада і мірных грамадзянаў ужытыя цяжкая артылерыя, танкі, кулямёты і нават знішчальнікі. У час вайсковых рэйдаў гінуць і жыхары ваколіцаў. Урадавыя войскі трымаюць аблогу Гомсу ад пачатку лютага. Агулам жа ўзброенае супрацьстаянне ўнутры краіны цягнецца амаль год. За гэты перыяд загінулі больш за шэсць тысячаў чалавек. Сярод апошніх ахвяраў і жыхары сірыйскай сталіцы. У час новых дэманстрацыяў у Дамаску ўрадавыя жаўнеры адкрылі па пратэстоўцах агонь.
БЕЗВЫНІКОВЫ ВІЗІТ
Двухдзённы візіт камісіі МАГАТЭ ў Іран сёння завершыўся суцэльным фіяска: улады краіны гэтак і не пусцілі міжнародных экспертаў на вайсковую базу і палігон Парчын, што на поўдзень ад сталіцы. Камісія ставіла на мэце высветліць, ці ўзбагачаны ўран з аб’ектаў можа выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах. Тэгеран па-ранейшаму адмаўляе закіды Захаду і цвердзіць, што нацыянальная ядравая праграма мае выключна мірны характар.
Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
Дыктоўкі пішуць не толькі ў школе. Агульнанацыянальная дыктоўка сталася сімвалам падтрымання беларускай мовы. Яна распачалася ў міжнародны дзень роднай мовы, а цягам месяца пройдзе па ўсёй краіне. Сёлета за парты беларусы сядуць пяты раз.
"Няма такіх нетраў глыбокага мора
І гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на Радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй..."
Словы Максіма Танка пра родную мову сёлета былі абраныя ў якасці аднаго з тэкстаў для V Агульнанацыянальнай дыктоўкі. А як альтэрнатыву Таварыства беларускай мовы запрапанавала "Ліст у рэдакцыю" аўтарства Янкі Купалы.
АЛЕГ ТРУСАЎ, ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ:
"Верш Танка вучаць усе, гэта хрэстаматыя, а вось ліст Купалы – малавядомы. Таму мы выбралі самае вядомае і самае невядомае".
Традыцыя напісання Беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі распачалася 5 гадоў таму. Тады правесці яе на 90-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі запрапанаваў філосаф і паліттэхнолаг Уладзімір Падгол.
УЛАДЗІМІР ПАДГОЛ, ФІЛОСАФ, ПАЛІТТЭХНОЛАГ:
"Была звышзадача прыцягнуць чыноўнікаў да дыктоўкі. У пазамінулым годзе міністр асаблівых даручэнняў Уладзімір Шчасны на даручэнне міністра замежных справаў Беларусі Мартынава прыйшоў на дыктоўку і пісаў. Ён дыктаваў прадстаўніку Еўразвязу Гольцапфэлю. Гольцапфэль дыктаваў яму. Па-беларуску".
Але шырэй сярод чыноўнікаў дыктоўка пакуль не распаўсюдзілася і нават надалей сустракае перашкоды – як, напрыклад, адмова ў памяшканні.
Падтрымаў правядзенне сёлетняй дыктоўкі тэлеканал "Белсат", які таксама збіраецца ўзнагародзіць пераможцаў акцыі. У Менску, Магілёве, Горадні, Баранавічах і Лідзе найлепшым уручаць спадарожнікавыя талеркі. Але, як кажуць удзельнікі, яны прыйшлі перш з іншымі мэтамі.
УДЗЕЛЬНІКІ ДЫКТОЎКІ:
"Гэта своеасаблівая падтрымка".
"Без мовы няма нацыі".
"Я вельмі люблю беларускую мову і лічу, што трэба хоць часам выкарыстоўваць яе".
Хто ж не мае магчымасці ўзяць удзелу ў грамадскім напісанні дыктоўкі, можа зрабіць гэта ў коле сям'і ці з сябрамі, знайшоўшы тэкст у інтэрнэце. Завершыцца акцыя на Дзень Волі, 25 сакавіка.
Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"
НЕ ЎДАЎСЯ І МАТЧ У НІЖНІМ
Менскае "Дынама" правяло сёння перадапошні двубой у рэгулярным сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. Беларусы ў Ніжнім Ноўгарадзе сустракаліся з дзявятую камандаю сезону – ніжагародскім "Тарпеда" і саступілі 4:6. У менчукоў вызначыліся Дзмітрый Мялешка, Тээму Лайнэ і двойчы Дэньел Корса. Цяпер "Дынама" пераязджае ў сталіцу Расеі, дзе праз два дні згуляе ў апошнім у "гладкім" сезоне двубоі з маскоўскімі аднаклубнікамі.
«НЭШВІЛ» – НАЙЛЕПШЫ
А за акіянам, падобна, беларускі хакей у плэй-оф будзе рэпрэзентоўваць толькі Сяргей Касціцын. "Нэшвіл Прэдатарз" з наваполацкім нападнікам у складзе гуляе без вялікіх застоеў, упарта ўтрымліваючы пятую пазіцыю на Захадзе. Апошняя перамога стала другою запар. "Драпежнікі" вярнуліся з паспяховага выезду ў Дэлас і прынялі ў свае абдымкі "Ванкувэр Канакс".
На 14-й хвіліне другога перыяду гаспадары павялі 2:0, а ў апошнім паставілі пераможную кропку – 3:1. Сяргей Касціцын стаў аўтарам другой закінутай шайбы. Усяго ў актыве ў беларуса 15 шайбаў за сезон і 19 выніковых пасоў. У выніку – 34 пункты ў 54-х згуляных двубоях – зусім нядрэнны паказнік для нападніка. Але найлепшы актыў сярод беларусаў мае Міхаіл Грабоўскі, які, зрабіўшы 22-і пас за сезон у сустрэчы "Таронта Мэйпл Ліфс" з "Нью-Джэрзі Дэвілз", давёў сваю выніковасць да 40 пунктаў. Аднак ягоныя "кляновыя лісты" прагулялі другі матч запар і з апошніх сілаў трымаюцца за восьмы радок на Усходзе. "Канадыенз" прагулялі другі хатні двубой запар, усухую саступіўшы "зоркам" з Дэласу 0:3. Андрэй Касціцын правёў на лёдзе крыху больш за 15 хвілінаў.
АЗАРАНКА – АЎТ
Галоўнаю фаварыткаю буйнога жаночага тэніснага турніру ў Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны долараў становіцца пасеяная пад трэцім нумарам чацвёртая ракетка свету датчанка Каралінэ Вазняцкі. Гэта стала вядома пасля таго, як яшчэ да спаборніцтваў адмовілася ад удзелу ў іх раней заяўленая чэшка Пэтра Квітава, а сёння пра немагчымасць выйсці на корт абвесціла першая ракетка Вікторыя Азаранка.
Тэнісістка з Беларусі яшчэ два дні таму ахвотна раздавала інтэрв'ю замежным журналістам, але першы выхад на корт выявіў немагчымасць весці канкурэнтаздольную барацьбу. Сказаліся вялізная нагрузка ды пашкоджанне галёнастопа, атрыманае ў паўфінале папярэдняга, катарскага, турніру, дзе Азаранка сустракалася з Агнешкаю Радваньскай. Сама кракавянка, сеяная ў Дубаі пад пятым нумарам, сёння выйшла ў чвэрцьфінал, перагуляўшы ізраільцянку Шахар Пээр у двух сэтах. Таксама ў чвэрцьфіналах выступяць восьмая ракетка – Е́лена Я́нкавіч з Сербіі, ейная суайчынніца Ана Іванавіч, і чацвёртая ракетка – Самэнта Стоўзур з Аўстраліі. А ўжо ўвечары Каралінэ Вазняцкі нанесла паразу Сімоне Халеп з Румыніі 6:2, 6:3
ЦСКА ВЫРАТАВАЎ НІЧЫЮ
У Лізе чэмпіёнаў УЕФА найбольш драматычна з учорашніх двубояў скончыўся матч у Маскве, дзе мясцовы ЦСКА толькі на 3-й дададзенай хвіліне вырваў нічыю ў гульні з грозным мадрыдскім "Рэалам" – 1:1. Такі баявіты настрой пацешыў галоўнага трэнера расейскай каманды Леаніда Слуцкага.
ЛЕАНІД СЛУЦКІ, ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР ЦСКА:
"Кожная каманда Мурынню, з якою ён працуе, усё мацнейшая і мацнейшая. Вось калі зрабіць шэраг: "Порту", "Чэлсі","Інтэр" і "Рэал" – відавочны ўзыход наверх, гульнёвыя прынцыпы шмат у чым захоўваюцца. Тое, што гульня каманды зразумелая, гэта так, але тое, як ёй супрацьстаяць, гэта не заўсёды бывае зразумела".
У сваю чаргу Жузэ Мурынню абмежаваўся агульнымі словамі пра жаданне перамагаць у кожным матчы. І выказаў надзею, што ў Мадрыдзе будуць значна лепшыя ўмовы для футболу, усё ж ЦСКА не такі просты супернік, у перамозе над якім можна не сумнявацца. У іншым двубоі дня "Напалі" атрымаў хатнюю валявую перамогу над англійскім "Чэлсі" 3:1. Сёння ж французскі "Алімпік" у Марсэлі прымае італьянскі "Інтэр", а швейцарскі "Базэль" на сваім "Санкт-Якаб Парк" згуляе супраць мюнхенскай "Баварыі".
Аляксандр Пуціла, “Аб’ектыў”

















Каментары RSS