«Аб’ектыў»

Цягам некалькіх дзён Беларусь пакінуць амбасадары ўсіх краінаў Еўразвязу. Гэта беспрэцэдэнтны крок у гісторыі адносінаў Беларусі ды Старога Кантыненту. Шэраг дыпламатычных прадстаўніцтваў запэўніваюць, што гэта не паўплывае на іх працу, у прыватнасці, на выдаванне візаў. А вось на сітуацыі ўладаў канфлікт на лініі Менск–Брусель адаб'ецца вельмі моцна.

Лешэк Шэрэпка, амбасадар Польшчы ў Беларусі, а таксама кіраўніца сталага прадстаўніцтва Еўразвязу Майра Муора сталіся першым з еўрапейскіх дыпламатаў, хто сёння пакінуў нашую краіну на настойлівую просьбу афіцыйнага Менску.

ПАВЕЛ ЗАЛЕЎСКІ, ДЭПУТАТ ЕЎРАПАРЛАМЕНТУ:
“Гэта помста за ангажаванне Еўразвязу ў абарону правоў чалавека ў Беларусі, але адначасова гэта вельмі неасцярожны крок, непрадуманы з гледзішча беларускага грамадства, эканомікі Беларусі. Гэта пагражае замарожваннем стасункаў Еўразвязу ды Беларусі”.

І сапраўды, пасля экстраннай нарады ў Бруселі, якую правяла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах Кэтрын Эштан, прынялі салідарнае рашэнне.

МАЯ КАЦЫЯНЧЫЧ, ПРЭС-САКРАТАР КЭТРЫН ЭШТАН:
“Усе краіны-чальцы Еўразвязу адклікаюць сваіх амбасадараў у сталіцы сваіх дзяржаваў для кансультацыяў. У той жа час прынялі рашэнне, што ўсе краіны Еўразвязу выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў”.

На такую кансалідаваную рэакцыю, як відаць, афіцыйны Менск не разлічваў.

АНДРЭЙ САВІНЫХ, ПРЭС-САКРАТАР МЗС:
"Рэакцыя Еўразвязу на прапанову Беларусі аб правядзенні раўнду кансультацыяў паслоў штаб-кватэры ЕЗ і Польшчы ў іхных сталіцах сведчыць толькі пра адно: пра выбар Бруселем шляху эскалацыі напружання. Гэта шлях у тупік”.

Вось толькі шлях гэты абрала само кіраўніцтва Беларусі. Несканчоныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, а таксама наяўнасць палітвязняў у нашай краіне сталіся прычынаю таго, што два дні таму міністры замежных справаў Еўразвязу на 21 асобу пашырылі спіс Беларускіх чыноўнікаў, датычных да рэпрэсіяў у нашай краіне, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Аб’яднанай Еўропы.

ЯЦЭК ПРАТАСЕВІЧ, ДЭПУТАТ ЕЎРАПАРЛАМЕНТУ:
“Нервовая рэакцыя Менску на палітычныя санкцыі ды размова пра санкцыі эканамічныя паказвае, што санкцыі працуюць. Першы раз Менск спрабуе бараніцца, аднак неабдумана і нават істэрычна. Беларусь паліць апошнія масты, якія паміж Менскам і Бруселем існавалі”.

Пры гэтым еўрапейскія лідары яшчэ раз падкрэсліваюць, што ні ў якім разе не атаясамліваюць рэжым Лукашэнкі з простымі беларусамі.

ДОНАЛЬД ТУСК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ПОЛЬШЧЫ:
“Я хачу сказаць пару словаў да грамадзянаў Беларусі: будзьце моцныя, трымайцеся, жыве Беларусь!”

Такія словы сёння вельмі дарэчы, бо акурат звычайных грамадзянаў наперадзе чакае нялёгкі час – дзеянні афіцыйнага Менску непасрэдным чынам могуць адбіцца на сітуацыі кожнага беларуса.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”

Помста Лукашэнкі за ўзмацненне санкцыяў можа скончыцца разводам з Еўропай. Але, несумненна, яна зменіць і сітуацыю ў краіне. Апазіцыйныя палітыкі асцерагаюцца эскалацыі ўнутрыпалітычнага канфлікту. У такіх варунках шанцы на дыялог падаюцца мізэрнымі.

Вонкавая палітыка ўраду Лукашэнкі дасягнула свайго апагею: амбасадары краінаў Еўразвязу пакідаюць Беларусь.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
“Лукашэнка грае сваю гульню, і для яго важна захаваць поўны кантроль над краінаю. Гэта мэта, якую ён ставіць: такая дэманстрацыя сваёй сілы, што ён непахісны кіраўнік”.

А для такога кіраўніка палітычная культура Еўрапейскага Звязу выглядае незразумелаю. Тут рашэнні прымаюць калектыўна і на падставе кансенсусу. Як было і выпадку з санкцыямі, якія пашыраліся паступова, каб даць магчымасць Менску пайсці на дыялог.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АГП
“Лукашэнка ўспрыняў гэта не як кампраміс, а як слабасць. Ну, калі гэта дэманстрацыя слабасці, тады можна узмацняць ціск. І вось гэта сітуацыя, калі сантэхнік не разлічыў свае сілы ды, націснуўшы на ключ, зламаў разьбу”.

Спроба чарговы раз абраць Польшчу ў якасці аб'екту для атакі спаткала салідарны адказ усіх краінаў Аб'яднанай Еўропы. Што можа быць пасля адклікання амбасадараў?

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»
“Будзе ўзважаная пазіцыя, я думаю, ён нарвецца на больш жорсткія санкцыі”.

А менавіта гэтага больш за ўсё асцерагаліся ў Менску. У адказ улады Беларусі могуць пайсці на яшчэ больш жорсткія рэпрэсіі. Як сёння падае інфармацыйны партал TUT.BY са спасылкаю на неафіцыйныя крыніцы, улады прапрацоўваюць магчымасць абмежаваць выезд з краіны 108 асобам, якія наўпрост заклікалі да ўвядзення санкцыяў супраць Беларусі.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”

Ці кіне канфлікт з Еўропаю нас у абдымкі Масквы? Што можа атрымаць афіцыйны Менск ад Крамля ўзамен за пагаршэнне стасункаў з Бруселем? Такім пытаннямі задаюцца аналітыкі на фоне бадай наймацнейшага за апошнія гады канфлікту Лукашэнкі з Аб'яднанай Еўропаю.

На Захадзе вайна, на Усходзе пакуль што мір. Прынамсі, афіцыйна Крэмль даволі спакойна рэагуе на канфлікт Аляксандра Лукашэнкі з Еўразвязам.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР РАСЕІ:
"Я не мяркую, што гэта замах на Мытны саюз, на адзіную эканамічную прастору. У дадзеным выпадку гэта чыста палітычныя адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю".

Хіба толькі паміж Еўразвязам і Беларуссю? Беручы пад увагу гісторыю складаных дачыненняў афіцыйнага Менску з Масквою, аналітыкі мяркуюць, што Расея і ў гэтым выпадку скарыстаецца сітуацыяй у сваіх інтарэсах.

УЛАДЗІМІР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТОЛАГ:
"Маскве гэта выгадна, калі Лукашэнка спальвае масты, бо потым куды ж ён дзенецца з падводнага карабля? Яго можна будзе браць голымі рукамі”.

Тым больш што поле магчымага палітычнага і эканамічнага ціску з боку Расеі на сваю заходнюю суседку ўсцяж пашыраецца. На цяперашні момант беларуская эканоміка пераважна залежыць ад расейскіх субсідыяў. Беларусь жа ўваходзіць у Мытны саюз і адзіную эканамічную прастору, а таксама дэкларуе гатовасць далучыцца да Еўразійскага саюзу.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, ПАЛІТЫК:
"Для Расеі вельмі важна, каб на гэтым этапе прыцягнуць да сябе Беларусь як мага бліжэй ды глыбей. Каб алігархі прыватызавалі тут эканоміку, каб зрабіць нас больш залежнымі ад сябе. У гэтым кантэксце Расеі трэба, каб адносіны Беларусі з Еўрапейскім Звязам былі як найбольш горшыя".

МАРЭК БУЦЬКА, БЫЛЫ ДЫПЛАМАТ У МЕНСКУ:
"Я думаю, для Пуціна Беларусь важная з палітычнага гледзішча. Дзякуючы Беларусі ён можа паказаць, што здольны нанова аб’яднаць постсавецкую прастору. Менавіта так гэта ўспрымае значная частка расейскай грамадзкасці".

Аднак ці ў гэтым выпадку можна казаць толькі пра расейскія інтарэсы? Частка палітолагаў перакананая, што істэрыя афіцыйнага Менску вакол санкцыяў і заходніх амбасадараў мае шмат мэтаў. Адна з іх – спроба Аляксандра Лукашэнкі справакаваць вострую канфрантацыю Масквы ды Бруселю і атрымаць сваю выгаду яшчэ перад выбарамі новага прэзідэнта Расеі, якім, хутчэй за ўсё, стане Уладзімір Пуцін.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, РАСЕЯ:
"Яму неабходна, каб менавіта Пуцін выступіў у ягоную абарону. А ён будзе ахвяраю. Ён сам правакуе гэтую вайну амбасадараў, абвастрэнне з Захадам, каб апынуцца на фронце першых абаронцаў адзінай эканамічнай прасторы, Еўразійскага саюзу. Лукашэнка прымушае Пуціна ўзяць сябе пад абарону. Вядома, што калі ён будзе ў ролі ахвяры, не будзе пытання, напрыклад, скарачэння субсідыяў, датацыяў".

Але ці Аляксандр Лукашэнка не пралічыўся ў сваіх планах? Паводле некаторых адмыслоўцаў, сцэнар канфлікту паміж Масквою і Бруселем з-за Беларусі нерэальны. Тым больш напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі.

ПАВЕЛ ШАРАМЕТ, ЖУРНАЛІСТ, МАСКВА:
"Паміж Расея і Еўропай будуць цесныя адносіны, калі не адбудзецца нешта надзвычайнае. У пытанні Беларусі Еўропа і Расея раней ці пазней дамовяцца. Я перакананы, што Пуцін дапаможа скінуць Лукашэнку. І гэта будзе цана легітымнасці расейскіх прэзідэнцкіх выбараў".

Пакуль жа афіцыйна Уладзімір Пуцін улучае справу беларускага канфлікту з Еўразвязам у свае перадвыбарчыя сустрэчы: "Нам вельмі шкада!" І афіцыйна не хавае шкадаванняў.

Ян Бабіцкі, «Аб'ектыў»

Гучнае лясканне дзвярыма і дыпламатычны скандал еўрапейскага маштабу для Беларусі не ў навінку. За дваццаць гадоў незалежнасці афіцыйны Менск здолеў неаднойчы пасварыцца з цэлым шэрагам краінаў Еўропы, а з некаторымі і не па адным разе.

Замок на браме комплексу Дразды пад Менскам павіс у чэрвені 1998 года. Амбасадары 22 краінаў практычна вымушаныя былі пакаваць валізы. У якасці афіцыйнай прычыны падаваўся тэрміновы рамонт комплексу. На знак пратэсту кіраўнікі шасці дыпмісіяў пакінулі Беларусь. А Еўразвяз увёў "чорны спіс" неўязных у краіны Аб'яднанай Еўропы. На чале з Аляксандрам Лукашэнкам у яго ўвайшлі 130 беларускіх дзяржаўных службоўцаў. Да санкцыяў далучыліся Злучаныя Штаты Амерыкі і шэраг іншых краінаў з па-за Еўразвязу. Залагодзіць канфлікт удалося толькі праз паўгода. Амбасадары вярнуліся ў Беларусь, але ўжо ў іншыя рэзідэнцыі.

У 2005 годзе напаліліся адносіны Беларусі з Польшчаю. Тады нарожным каменем сталася сітуацыя вакол Саюзу палякаў на Беларусі. Афіцыйны Менск не прызнаў абрання старшынёй арганізацыі Анджэліку Борыс ды правёў альтэрнатыўныя выбары, з перамогаю "свайго" кандыдата. У выніку бакі абмяняліся ўзаемнаю высылкаю дыпламатаў. Узніклі два саюзы, праўда, з рознымі правамі: адзін прызнаны Польшчаю, другі – уладамі Беларусі.

Інакш сітуацыя склалася са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Калі ў 2008 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні канцэрну "Белнафтахім", улады Беларусі запатрабавалі, каб краіну пакінула амбасадарка Кэрэн Ст’юарт. З таго часу ў Беларусі няма амерыканскага амбасадара, а місія працуе ў скарочаным складзе – пяці дыпламатаў. Што, несумненна, істотна абмяжоўвае магчымасці двухбаковай супрацы, у тым ліку ўскладняе выдаванне візаў.

Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"

Сталі вядомыя прозвішчы беларускіх чыноўнікаў, што ўвайшлі ў дадатковы “чорны спіс”. Такім чынам, яшчэ дваццаць адна асоба не зможа выехаць у краіны Аб’яднанай Еўропы, іхныя еўрапейскія актывы будуць замарожаныя. У дакуменце тлумачацца і прычыны, з якіх гэтыя чыноўнікі – непажаданыя госці ў еўрапейскіх сталіцах.

Начальнік сталічнага ўпраўлення ўнутраных справаў Аляксандр Барсукоў трапіў у спіс за разгон мірнай акцыі летась 21 кастрычніка. Ён кіраваў разгонамі ды збіццямі падчас акцыяў пратэсту цягам некалькіх гадоў. Другі ў спісе – старшыня гарадскога суда Менску Уладзімір Пуціла, які адхіліў апеляцыі палітвязняў Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і Аляксандра Атрошчанкава. Чорны спіс папоўніўся прозвішчамі 19-ці суддзяў раённых судоў сталіцы. Іх Еўразвяз пакараў за арышты і штрафы ўдзельнікам мірных акцыяў, у тым ліку “маўклівых пратэстаў”.

У шэраг непажаданых на тэрыторыі Еўразвязу асобаў мог трапіць і кіраўнік кампаніі “Трайпл” Юрый Чыж, аднак ягоную кандыдатуру абараніла Славенія, зацікаўленая ў эканамічнай супрацы з уплывовым беларусам. Кіраўніца вонкавапалітычнага ведамства Аб’яднанай Еўропы Кэтрын Эштан запэўніла, што ў сакавіку будзе разгледжаны новы “чорны спіс” – з прозвішчамі беларускіх бізнесоўцаў, што супрацоўнічаюць з рэжымам.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”

Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі сцвярджае, што знішчэнне ўсіх свінняў у Навагрудскім і Карэліцкім раёнах Гарадзеншчыны адбылося ў межах ветэрынарных вучэнняў. Незалежныя медыі дапускаюць, што за гэтым можа хавацца спроба прыхаваць выбух афрыканскай свіной чумы. Такія звесткі не могуць не непакоіць Расею, з якою нашая краіна ўваходзіць у пазбаўлены межаў, а значыць і кантролю Мытны саюз. Жудасны факт пракаментаваў “Аб’ектыву” прадстаўнік расейскай федэральнай службы ветэрынарнага нагляду.

АЛЯКСЕЙ АЛЯКСЕЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР РАССЕЛЬДЗЯРЖНАГЛЯДУ РФ:
“Я не думаю, што вучэнні будуць праходзіць настолькі набліжана, каб знішчаць здаровае пагалоўе, бо ёсць дастаткова шмат іншых метадаў, каб імітаваць гэта. Напрыклад, у нас магчымае сцягванне і спальванне ў спецыяльных ямах, як гэта павінна быць, не трупаў жывёлы, але, скажам, аўтамабільных апонаў, што дастаткова блізка”.

Паводле адмыслоўца, толькі ў выпадку сапраўднай пагрозы распаўсюджання хваробы адбываецца знішчэнне ўсіх жывёлінаў. Афрыканская свіная чума – невылечная хвароба, а шкодны вірус захоўваецца нават у замарожаным ды вэнджаным мясе. Таму адзіная правільная захада – татальнае знішчэнне свіней, каранцін на прылеглых тэрыторыях ды забарона продажу мясной прадукцыі. А таму насельніцтва, непаінфармаванае своечасова пра пагрозу, можа заставацца ў небяспецы.

Вольга Старасціна, «Аб'ектыў»

Увага. Шукаем лекараў. Недахоп дактароў па краіне складае каля чатырох з паловаю тысячаў. Сапраўдная катастрофа на берасцейскай станцыі хуткай дапамогі. Мясцовы цэнтр занятасці прапаноўвае адразу 26 вакантных ставак. Аднак ахвотных бракуе. Хто і каго ў такой сітуацыі мусіць вылечыць?

М/ф «Іван Васілевіч мяняе прафесію»: "І цябе вылечаць, і цябе вылечаць, і мяне вылечаць".

Вылечаць усіх. Але калі на ўсіх хопіць лекараў. У Берасцейскай станцыі хуткай дапамогі адразу 26 вольных вакансіяў.

МІКАЛАЙ ГАРЫН, ЛЕКАР ХУТКАЙ ДАПАМОГІ, БЕРАСЦЕ:
"Змушаныя і такую нагрузку цярпець, абслугоўваць па 20 выклікаў за дзень".

Берасцейская праблема актуальная для ўсёй краіны. Штогод звальняецца каля трох тысячаў медычных працаўнікоў. Шмат хто выязджае на працу ў Расею і заходнія краіны. Не дзіва.

Адзін лекар у Беларусі абслугоўвае 1246 чалавек. У суседняй Расеі – 199. У Бельгіі – 238, Швейцарыі – 253, Францыі – 294. І нават у такіх умовах беларускія дактары намагаюцца задаволіць пацыентаў.

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:
"У нас вельмі шмат добрых лекараў. І шмат раяць, і шмат лечаць, і дабрадушныя. Я не сустракала такіх, хто б мне адмовіў у лячэнні або кансультацыі".
"Абслугоўванне ў нас добрае. Вунь унука прыводзілі – захварэў. Адразу сказалі, што ў яго".

Але ўсё гэта ў тым выпадку, калі ўдасца трапіць на прыём.

МІКАЛАЙ ГАРЫН, ЛЕКАР ХУТКАЙ ДАПАМОГІ, БЕРАСЦЕ:
"На лекара вельмі складана вывучыцца. Гэта трэба 6 гадоў вучыцца. Вось і ўсё. Дэфіцыт лекарскага персаналу не толькі на хуткай дапамозе. Зайдзіце ў любую паліклініку – участковы тэрапеўт абслугоўвае два ўчасткі".

Міністэрства аховы здароўя абяцае развязаць пытанне недахопу кадраў у наступным годзе. Ужо павялічаны набор у медычныя навучальныя ўстановы, пасля заканчэння лекараў чакае 3 гады размеркавання. Аднак не ўсе набраныя заканчваюць навучанне, большасць не выбірае лячэбнага факультэту, а пасля адпрацоўвання размеркавання траціна маладых спецыялістаў звальняецца.

СЯРГЕЙ БОЖЫК, ЛЕКАР, БЕРАСЦЕ:
"Быў бы адэкватны заробак, быў бы там набраны персанал і лекараў, і фельчараў, і кіроўцаў, і ўсяго астатняга. Усё ўпіраецца ў заробак".

А як вынік бумерангам адбіваецца на пацыентах.

Сяргей Падсасонны, "Аб'ектыў"

ІРАН У АБЛОЗЕ

Чарговы віток узмацнення санкцыяў у адносінах Ірану. Улады ЗША змогуць караць замежныя банкі, што супрацоўнічаюць з Цэнтрабанкам Ірану ў нафтавай сферы. Дакумент, падпісаны Баракам Оўбамам 31 снежня мінулага года, сёння набыў моц. Гэта частка санкцыяў, якімі Злучаныя Штаты і Еўразвяз дамагаюцца, каб Іран спыніў распрацоўванне ядравай зброі.

Яшчэ да падпісання Баракам Оўбамам закону аб замежных банках ЗША перакрылі асноўны фінансавы канал Ірану, наладжаны для продажу нафты ў абыход санкцыяў. Як паведаміла сёння “The Wall Street Journal”, у снежні на просьбу Вашынгтону дубайскі ісламскі банк “Нур” спыніў супрацу з іранскімі банкамі, ліцэнзіяванымі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Урад у Дубаі – буйны акцыянер, а сын дубайскага эміра – кіраўнік банку “Нур”.


МАЛАЯ КРАІНА – ВЯЛІКІЯ ПЛАНЫ

Уласны сланцавы газ мае стаць для Літвы альтэрнатывай расейскаму блакітнаму паліву. Як паведаміў сёння літоўскі міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас, краіне можа хапіць запасаў гэтага энерганосьбіту на 30–40 гадоў, агульны ж кошт літоўскага сланцавага газу ацэньваюць на 35 мільярдаў еўраў. Хаця здабыванне сланцавага газу – частка нацыянальнай энергетычнай стратэгіі Літвы, эканамічны эфект з'явіцца няхутка. Арвідас Сякмокас лічыць, што праца літоўскіх адмыслоўцаў значна залежыць ад польскага досведу распрацоўвання гэтага карыснага выкапню.


КРОК НАД БЕЗДАННЮ

Сапраўдную чалавечую драму запісала камера назірання ў Пекіне. Жанчына з малым дзіцём на руках спрабавала скокнуць з аўтамабільнага мосту, аднак спробу самазабойства спыніў афіцэр дарожнай паліцыі. У апошні момант ён падхапіў жанчыну. Зацягнуць гора-самагубцу і дзіця на мост дапамаглі мінакі. У паліцэйскім пастарунку жанчына паведаміла, што да апошняга кроку яе падштурхнулі сямейныя праблемы.

Марцін Ярскі, "Аб'ектыў"

А мы вяртаемся ў Беларусь. Чарговая сустрэча чыноўнікаў з абаронцамі парку 40-годдзя Кастрычніка адбылася сёння ў адміністрацыі Ленінскага раёну Менску. Што праўда, ніякіх кардынальных зменаў у сітуацыі з высяканнем дрэваў чакаць не выпадае. Але жыхары не здаюцца.

З непрыхаванымі эмоцыямі жыхары ваколіцаў парку 40-годдзя Кастрычніка чарговы раз спрабавалі сёння давесці чыноўнікам: зялёную зону знішчаць нельга.

АБАРОНЦА ПАРКУ:
“Архітэктар, дэпутаты, прадстаўнікі гарвыканкаму – адкажыце! Што вы, не жывяце ў гэтай краіне?”

У адказ на гэтае пытанне прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёну сталіцы чарговы раз заявілі: гатэльны комплекс «Пекін» у любым выпадку паўстане, і не дзе-небудзь, а менавіта на тэрыторыі парку. Маўляў, інтарэсы інвестара – перадусім.

ЛЮДМІЛА ТАМАШЭВІЧ, НАМЕСНІЦА СТАРШЫНІ АДМІНІСТРАЦЫІ:
«На ўскрайку 5-зоркавы гатэль стаяць не можа».

Мясцовыя ж жыхары спрабавалі ізноў пераканаць прадстаўнікоў улады, што такія планы карысці не прынясуць.

ТАЦЦЯНА УНУЧКА, АБАРОНЦА ПАРКУ:
«Прадаць зямлю, зямлю, палітую крывёю, дзеля імгненнай выгады, знішчаючы дрэвы, – гэта няправільна. Заўжды можна знайсці альтэрнатыву, і я лічу, што гэта мае сэнс».

Прычым, кажуць абаронцы парку, ёсць шмат варыянтаў, як дагадзіць абодвум бакам.

ТАЦЦЯНА НОВІКАВА, ЭКОЛАГ, «ЗЯЛЁНАЯ СЕТКА»:
«Змяніць месцазнаходжанне гатэлю. Размова не ідзе пра тое, каб яго пераносілі, як нам кажуць, ва Уручча. Размова ідзе пра тое, каб яго перанеслі праз дарогу, а гэтую частку парку, што сёння высеклі, каб яе аднавілі».

На жаль, гэтыя аргументы не падзеялі. Імаверна, таму, што рашэнне пабудаваць «Пекін» у Менску прымалася на самым высокім узроўні.

ЛЮДМІЛА ГАЙКОЎСКАЯ, АБАРОНЦА ПАРКУ:
«Ёсць указ – закон прэзідэнта, які мусіць выконвацца. І яны як чыноўнікі нічога не могуць зрабіць. Але яны сказалі: усё, што мы да іх данеслі, гэта ўсё перакажуць у Адміністрацыю прэзідэнта».

Ці пачуе менчукоў прэзідэнт? Ці інтарэсы інвестараў для яго галоўнейшыя за патрэбы грамадзянаў? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль чакаюць жыхары ваколіцаў парку. Калі ж бліжэйшым часам нічога не зменіцца, яны збіраюцца праз суд дамагацца, каб зялёную зону пакінулі ў спакоі.

Сяргей Марчык, «Аб'ектыў»

ДЭБЮТ КАНДРАЦЬЕВА

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі правяла сёння свой першы матч пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Георгія Кандрацьева. Дэбют адбыўся ў турэцкай Антальі, дзе супернікам нашай дружыны была каманда Малдовы. Футбалісты гэтак і не здолелі парадаваць гледачоў забітымі мячамі, двубой скончыўся са стартавымі нулямі на табло. Раней зборныя сустракаліся 5 разоў, кожная атрымала па 2-е перамогі ды адзін раз згулялі ўнічыю.


ТАВАРЫСКІЯ СУСТРЭЧЫ

Акрамя нашай дружыны, сёння ў футбольным свеце адбываецца шмат таварыскіх двубояў. Правядуць іх і нашыя супернікі з групы “І” адборачнага турніру планетарнага першынства, якое пройдзе ў 2014-м годзе ў Бразіліі.

Дзейныя чэмпіёны свету і Еўропы, іспанцы, у Малязе прымуць каманду Венесуэлы, зборная Францыі адправіцца ў госці да Нямеччыны, фіны згуляюць з аўстрыйцамі, а ў Тбілісі грузінская каманда будзе супрацьстаяць Албаніі. Правядуць сёння свой таварыскі матч і родапачынальнікі гульні нумар адзін у свеце. На стадыёне “Ўэмблі” брытанцаў на гульню супраць Галандыі выведзе новы капітан гаспадароў Скот Паркер, які абараняе колеры лонданскага “Тотэнгэму”, а за зборную правёў ужо 10 матчаў. Таксама ў апошні дзень зімы на галоўным стадыёне ў Варшаве ўпершыню зборная Польшчы правядзе двубой супраць Партугаліі. Нагадаю, што сёлета гэтая арэна прыме матч адкрыцця чэмпіянату Еўропы, у якім сустрэнуцца палякі ды каманда Грэцыі.


НЯЎДАЛЫ СТАРТ КАСЦІЦЫНА

У Нацыянальнай хакейнай лізе свой першы матч за новы клуб правёў беларускі нападнік Андрэй Касціцын. У чарговым туры ягоны “Нэшвіл” праводзіў 2-і матч за 2 дні, і калі ў першым ён дома перамог “Лос-Анджэлес” 2:1, то гэтаю ноччу мусіў капітуляваць на выездзе перад “Каралайнаю” 3:4.

Андрэй быў на лёдзе каля 13 хвілінаў і нічым прыкметным не вызначыўся. Заўважу, што беларус не можа закінуць шайбы ўжо 13 матчаў запар. Ягоны брат Сяргей за 17 хвілінаў, праведзеных на лёдзе, толькі аднойчы кінуў па браме суперніка і адзначыўся 2-хвілінным выдаленнем. “Нэшвіл” цяпер займае 5-ы радок сярод 15 клубаў Заходняй канферэнцыі. “Таронта” з Міхаілам Грабоўскім у гэтым туры таксама саступіла: дома “кляновыя лісткі” прагулялі “Флорыдзе” 3:5, на рахунку беларуса адзіны асістэнцкі бал. Ён яго зарабіў, калі пасля кідка Д’ёна Фанёфа пераправіў шайбу Мікалаю Кулёміну, які і стаў аўтарам 2-га ўзяцця брамы “Флорыды”. У турнірнай табліцы Усходняй канферэнцыі “Таронта” размясцілася на 10-м месцы.


РЫНГ ЯМУ ТОЛЬКІ СНІЦЦА

Сусветная баксёрская рада на нявызначаны тэрмін дыскваліфікавала брытанца Дэрэка Чысару за скандалы, якія ён зладзіў у Мюнхене перад і пасля бою з украінцам Віталем Клічком. Чысара не зможа выходзіць на рынг пад эгідаю WBC, пакуль не пройдзе, цытата, “спецыяльных курсаў кіравання эмоцыямі”.

Нагадаю, што пасля працэдуры ўзважвання Чысара адвесіў свайму суперніку поўху, а непасрэдна перад боем плюнуў вадой у твар Уладзіміру Клічку, малодшаму брату Віталя. Двубой на рынгу скончыўся перамогаю Клічка-старэйшага па балах, і ўкраінец абараніў тытул чэмпіёна свету ў версіі Сусветнай баксёрскай рады. А пасля сустрэчы Чысара вызначыўся яшчэ раз: на прэсавай канферэнцыі ён справакаваў бойку з былым чэмпіёнам Дэйвідам Гэем. Найбліжэйшым часам рада разбярэ справу Чысары, пасля чаго брытанец можа быць аштрафаваны і да яго ўжывуць дадатковыя санкцыі. Акрамя таго, Дэрэка выключылі з рэйтынгу WBC, а інцыдэнтам з удзелам Дэйвіда Гэя займаецца нямецкая паліцыя.


БАРАЦЬБА ДВУХ «ДЫНАМА»

Сталічнае “Дынама” выязным двубоем з аднаклубнікамі з “Масквы” распачало сёння серыю першага раўнду плэй-оф у межах гульняў Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы матч 1/8 фіналу праходзіў у напружанай барацьбе і прынёс перамогу “Маскве” з лікам 2:1. Супрацьстаянне на гэтай стадыі будзе ісці да 4-ох перамог адной з камандаў, заўтра супернікі ў Маскве правядуць яшчэ адну сустрэчу. Гаспадарамі наступных 2 будуць менскія дынамаўцы, матчы запланаваныя на 3-га і 4-га сакавіка, пройдуць яны ў Бабруйску.

Дзмітрый Сухановіч, “Аб’ектыў”

Знайсці «Аб’ектыў» з датаю:
Папярэдні люты, 2012 Наступны
  • Пн
  • Аў
  • Ср
  • Чц
  • Пт
  • Сб
  • Нд
Дзякуем фірмам::
  • Semper
  • Cotton Club
  • DanHen
  • MAKALU
  • pretty one

Панэль лагавання

Пароль або логін няправільны
Loader