Што новага?

Паўмільёна беларусаў стала глядзяць “Белсат”

серада, 25 студзеня 2012

Амаль паўмільёна поўнагадовых беларусаў глядзяць праграмы тэлеканалу “Белсат” стала. Яшчэ больш як паўмільёна глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц ці глядзелі некалькі разоў. Аж 44 % ведаюць пра існаванне тэлеканалу “Белсат”. Праграмам дзяржаўнага тэлебачання ў рознай ступені давяраюць 47 %, а 43 % не давяраюць ці хутчэй не давяраюць. Такія вынікі прынеслі апытанні, ладжаныя Цэнтрам сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў ТАА “Зеркало-Iнфо” 9–20 снежня 2011 г.

Папулярнасць “Белсату”

На пытанне, “Ці Вы гледзіце праграмы тэлеканалу “Белсат”, 15 % поўнагадовых беларусаў адказалі “так, гляджу”. 45 % з іх глядзяць “Белсат” практычна штодзённа альбо некалькі разоў на тыдзень. Гэта сталыя гледачы. У пераліку колькасць сталых гледачоў “Белсату” складае амаль паўмільёна асобаў. Больш як 500 тыс. чалавек (55 %) глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц альбо глядзелі некалькі разоў. Агулам аўдыторыя “Белсату” налічвае больш за мільён асобаў.

Чарговыя 12 % – гэта патэнцыйныя гледачы “Белсату”: 3 % плануюць пачаць глядзець праграмы тэлеканалу, а 9 % шукаюць магчымасці далучыцца да кола гледачоў.

Сярод аўдыторыі “Белсату” больш мужчынаў (61 %), людзей ва ўзросце 25–49 гадоў з сярэдняю ці вышэйшай адукацыяй (разам 95 %). Сярод прафесійных групаў найбольш прадпрымальнікаў, дзяржаўных чыноўнікаў ды інжынерна-тэхнічных работнікаў.

44 % ведаюць марку “Белсат”

Тэлегледачы ў Беларусі карыстаюцца паслугамі эфірнага, кабельнага, спадарожнікавага і інтэрнэтавага тэлебачання ды маюць доступ да вялікай колькасці тэлеканалаў. Таму апраўданым было пытанне “Ці Вы ведаеце пра існаванне тэлеканалу “Белсат?” Больш за палову – 56 % рэспандэнтаў – адказалі, што не ведаюць пра такі канал. Адначасова 44 % беларускіх тэлегледачоў паінфармаваныя пра дзейнасць незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлебачання.

Давер да дзяржаўнага тэлебачання

Пытанне, “У якой ступені Вы давяраеце праграмам дзяржаўнага тэлебачання?”, падзяліла беларусаў. 47 % рэспандэнтаў ці адносная большасць давярае ім ці хутчэй давярае. 43 % асобаў не давяраюць ці хутчэй не давяраюць дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню. 10 % абралі варыянт “цяжка адказаць”.

Сярод асобаў, якія давяраюць дзяржаўнаму тэлебачанню, дамінуюць жанчыны і людзі ва ўзросце 50 гадоў і болей. Сярод тых, хто не давярае дзяржаўнаму тэлебачанню, пераважаюць мужчыны і асобы ва ўзросце да 50 гадоў.

Даступнасць тэлебачання ды інтэрнэту

Даследаванні паказалі, што амаль усе дарослыя жыхары Беларусі (96 %) – тэлегледачы, а больш за палову (58 %) карыстаюцца інтэрнэтам. Агульная колькасць карыстальнікаў інтэрнэту вырасла (з узроўню 55 % у снежні 2010 г.) коштам змяншэння колькасці тых, хто не мог вызначыць сваёй датычнасці да інтэрнэту, але тэмп росту нізкі.

Практычна штодзённа інтэрнэтам карыстаюцца 29 % беларусаў. У снежні 2010 г. сталых карыстальнікаў інтэрнэту было 24 %.

Адначасова 38 % беларусаў не маюць доступу да інтэрнэту. Гэтая лічба заставалася стабільная ад снежня 2010 г.

*Сацыялагічнае даследаванне правялі 9–20 снежня 2011 г. Метад даследавання – інтэрв’ю-анкетаванне сярод жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і болей. У прапарцыйнай квотавай пробе ўдзельнічалі 1502 рэспандэнты. Кантраляваныя параметры: месца жыхарства, велічыня паселішча, пол, узрост, адукацыя. Статыстычная памылка не перавышае 1,2 %.

Друкуй Дадаць Дадаць Дадаць
Каментары RSS
  • siarhei.pelesa 28.01.2012
    Он-лайн трансляцыя ў поўным аб'ёме немагчымая, пакуль "Белсат" не мае правоў на паказ мастацкіх фільмаў у інтэрнэце. Ніводзін канал які паказвае замежныя мастацікя фільмы не транслюецца ў сетцы. Але ёсць і добрая навіна. Працуем над тым каб у інтэрнэце трансляваць 3-4 гадзінны блок тых праграмаў і фільмаў на якія "Белсат" мае правы для публікацыі ў інтэрнэце - навіны, публіцыстыка, культура, гісторыя, дакументалкі.
  • Паўдневы захад 28.01.2012
    Так, падтрымліваю, мусіць быць антрансляцыя. Напрыклад, я ды шэраг маіх знаемых амаль што не глядзім звычайную тэлевізію. Інтэрнэт убералес!
  • AlekSK 28.01.2012
    Я ўвогуле не разумею чаму дагэтуль няма анлайн трансляцыі. Няўжо гэта так цяжка?
  • Sjarozha 26.01.2012
    згодзен транслюйце па інэце, будзем глядзець з задавальненьнем!
  • tam 25.01.2012
    Давайма ан-лайн трансляцыю Белсата у інтэрнеце!!!

Панэль лагавання

Пароль або логін няправільны
Loader