• be
  • pl
  • en
пятніца, 29 жніўня 2014

Навіны каналу

субота, 14 траўня 2011

У Менску паказалі фільм «НКВД – Гестапо. Браты па крыві»


12 траўня ў Менскай сядзібе БНФ адбыўся паказ дакументальнага фільма «НКВД – Гестапо. Браты па крыві», знятага Уладзімірам Самойлавым для тэлеканалу "Белсат". Фільм распавядае пра супрацу паміж спецслужбамі СССР і Трэцяга Рэйху. Гледачы маглі ацаніць і параўнаць 30-40-я гады з беларускай сучаснасцю.

Напачатку выступіў былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рамашэўскі. Ён прыехаў на паказ адразу з судовай залы. Рамашэўскі правёў паралелі паміж сталінізмам і лукашызмам. На пытанне, ці не баіцца ён сесці ў турму, жартаўліва адказаў: "Не баюся. Я ўжо там быў".

Каардынатар прамоцыі тэлеканалу "Белсат" у Беларусі Франак Вячорка заклікаў гледачоў да распаўсюду фільмаў і рэпартажаў "Белсату". Паводле яго словаў, "калі закрыюць "Нашу Ніву" і "Народную Волю", Белсат становіцца ледзь не адзіным сродкам незалежнай інфармацыі". На пытанне, як дапамагчы "Белсату", Вячорка адказаў: "Падключайцеся самі! Падключайце суседзяў. Калі ў вас ёсць цікавая інфармацыя - дасылайце на наш электронны адрас. Цяпер "Белсат" - наша супольная справа!"

Арганізатар паказу Валерыя Чарнаморцава з БХД адзначыла, што павінен адбыцца суд над "сталінізмам", падобны да нюрнберскага працэсу над фашызмам: "Трэба паставіць кропку гэтым бясконцым жахам. Трэба асудзіць камунізм як злачынную ідэалогію".

У фільме выступаюць беларускія, літоўскія, нямецкія ды расейскія гісторыкі: Ігар Кузняцоў, Якаў Басін, Алег Іоў, Вернэр Юнг, Рыгарас Падвайскас, Ірына Раманава. Ідзе расповед пра блізкую супрацу НКВД і Гестапа ў розных галінах – у тым ліку пра абмен вязнямі. СССР дасылаў у Нямеччыну ў асноўным антыфашыстаў і габрэяў, якіх там знішчалі. Немцы наўзамен выдавалі Маскве людзей, якія раней эмігравалі з Расеі ды выступалі супраць Савецкага Саюзу. Яны ў асноўным загінулі ў ГУЛАГу. Працаўнікі НКВД і Гестапа рабілі супольную працу і добра адзін аднаго разумелі. Нават методыка працы з вязнямі была падобная. Пра гэта мы болей даведаемся ў Віленскім музеі генацыду і Музеі Гестапа ў Кёльне. Але ў Літве і Нямеччыне дзейнасць абодвух гэтых арганізацыяў прызнаная злачыннаю, а ў Беларусі высокія чыноўнікі да сёння заяўляюць, што “нашыя чэкісты” не нясуць нават маральнай адказнасці за рэпрэсіі супраць сотняў тысяч і мільёнаў невінаватых людзей у сталінскія часы. Нават тыя, хто ўласнаручна катаваў і расстрэльваў людзей не за злачынствы, а паводле “разнарадкі”.
Друкаваць
livejournal vkontakte facebook Google+ twitter

Каментары RSS

Каментары
Каментары
Дадаць каментар:
Упісаць код з малюнку.
Пераладаваць малюнак