Што новага?

«Генерал няскончанай вайны» на «Белсаце»

пятніца, 11 сакавіка 2011

Першы ў гісторыі дакументальны фільм пра Станіслава Булак-Балаховіча – генерала Беларускай Народнай Рэспублікі ды Польскага войска. Адныя лічылі яго наймітам і авантурыстам, іншыя – пакутнікам і героем. Стужку ў 2009 г. зняў рэжысёр Сяргей Ісакаў, сцэнар напісаў Уладзімір Халіп. Булак-Балаховіч пачаў вайсковую кар’еру ў расейскай кавалерыі падчас І сусветнай вайны. Пасля яе заканчэння аказаўся на баку «чырвоных». А потым са сваім палком перайшоў да «белых». Змагаўся за незалежную Эстонію. У 1920 г. наладзіў стасункі з урадам БНР і папрасіў прыняць яго «на беларускую службу». На другі год польска-бальшавіцкай вайны Булак-Балаховіч разам са сваімі беларускімі аддзеламі прабіўся на польскі бок фронту і ўзяў удзел у абароне Варшавы летам 1920 г. Пасля замірэння паміж Польшчаю і Савецкаю Расеяй перайшоў польска-расейскую мяжу на Палессі на чале добраахвотніцкай арміі ды здабыў Мазыр, дзе абвесціў сябе «начальнікам беларускай дзяржавы». Аднак пасля цяжкіх баёў ягоная армія мусіла адступіць на тэрыторыю Польшчы, яе расфармавалі, а жаўнераў інтэрнавалі.

У 1939 г. генерал ізноў апрануў мундзір і другі раз у сваёй кар’еры вайскоўца бараніў Варшаву, гэтым разам – ад гітлераўскай навалы. Паводле афіцыйнай версіі, яго застрэлілі гестапаўцы ў акупаванай польскай сталіцы ў траўні 1940 г.

Аўтары першага ў гісторыі дакументальнага фільму пра Станіслава Булак-Балаховіча шукаюць адказу на пытанні, кім насамрэч быў, за што змагаўся і як загінуў генерал, трагічна звязаны з гісторыяй беларусаў і палякаў, – наш супольны герой.

 

«Карціна «Булак-Балаховіч. Генерал няскончанай вайны» здымалася больш за год у Беларусі, Польшчы, Эстоніі ды Расеі. Каманда адмыслоўцаў пры дапамозе навуковага кансультанта Уладзіміра Ляхоўскага вельмі ўдала апрацавала архіўныя дакументы, фота і рэпрэзентавала гістарычны тэкст. Фільм можна лічыць удалым дадаткам да папярэдняй стужкі С. Ісакава «Слуцкі збройны чын» (2008) і кнігі Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» (2009) », – піша Юрась Юркевіч на партале беларусаў Латвіі: «Стужка цікавая для беларускага гледача, таму што ў ёй, бадай упершыню, візуальна паказаная гісторыя Асобнага Атраду БНР і Беларускай Саюзніцкай (народнай) Арміі.

У стужцы выкарыстана сапраўдная кінахроніка з першым «бацькам» Беларускай Дзяржавы, прадстаўлены аўтэнтычныя мясціны, якія звязаныя з вайсковай дзейнасцю генерала. Кінахроніка была знята дацкімі добраахвотнікамі падчас вайны за незалежнасць Эстоніі супраць Чырвонай арміі. Пасля вайны стужка патрапіла спачатку ў Данію, адтуль у Канаду, дзе і была знойдзена ў 90-ыя гады эстонскімі даследчыкамі.

У фільме паказаны памяшканні штабу Асобнага Атраду БНР у Таліне, сядзіба другой жонкі Станіслава, мясціны памяці ў Пскове, Варшаве і Пінску. На фотаздамках можна было пабачыць нават бронецягнік Булак-Балаховіча – «Талабчанін». На цікавых фотах паказаныя палкоўнік Кастусь Езавітаў у вайсковай форме БНР узору А. Луцкевіча і Рада беларускай калоніі ў Рызе разам з палкоўнікам Мінгрэльскім – прадстаўніком Асобнага Атраду Балаховіча.

Кожнае фота мае ўжо сваю асобную гісторыю, так, напрыклад, здымак генерала Булак-Балаховіча, што паказаны паводле сцэнару фільму пасля вызвалення Пінску ад «чырвоных», ёсць адзіным фота Станіслава ў генеральскай вайсковай форме Беларускай Народнай Арміі. Фотакартка зроблена ў самім Пінску, відаць, адразу пасля ўцёкаў Саветаў і падорана ротмістру Мураўёву на памяць аб гэтай перамозе. Пазней фота трапляе ў ЗША, дзе і захоўваецца па сёняшні дзень у прыватнай калекцыі.

У стужцы генерал БНР апавядае аб сваім жыцці ад першай асобы, за аснову тэксту ўзяты ўласнаручны жыццяпіс Булак-Балаховіча. Аўтары ўпершыню далі «права голасу» гістарычнай постаці пасля больш чым 80 гадоў калі не цкавання, дык замоўчвання. Стужка мае шанец абвастрыць праблему вяртання беларускага вайсковага дзеяча ў нацыянальную гістарыяграфію і прапануе новую інтэрпрэтацыю змагання за беларускую дзяржаўнасць».

Фільм будзе паказаны ў дзвюх частках, кожная працягласцю паўгадзіны.

Першая частка – 11 сакавіка а 20:20, паўторы 12 сакавіка а 15:10, 14 сакавіка а 18:55, 15 сакавіка а 10:05 і 14:40.

Другая частка – 18 сакавіка а 20:30, паўторы 19 сакавіка а 14:25, 21 сакавіка а 19:00 і 22 сакавіка а 11:00 і 15:30.

Друкуй Дадаць Дадаць Дадаць
Каментары RSS
  • Гарадзенец. 20.03.2011
    Вельмі цікавы першы ў сваім родзе фільм.Дзякуй аўтарам!!!Буду чакаць працягу...

Панэль лагавання

Пароль або логін няправільны
Loader