Вольга Жарнасек

Журналістка, вядоўца «Навінаў» інфармацыйнага блоку «Студыя «Белсат», а таксама аўтар і вядоўца праграмы пра моду «Стыль».

Нарадзілася ў 1989 годзе ў вайсковым гарадку на Гомельшчыне ў сям’і афіцэра. Аднак большасць свядомага жыцця правяла на Гарадзеншчыне, якую і лічу сваёю радзімай. Скончыла ліцэй № 1 у Горадні, які літаральна стаў маім другім домам. Пасля навучалася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «славянская філалогія», дзе вывучала балгарскую мову і збіралася стаць перакладчыцай. Але супраца з незалежнымі медыямі, якую я распачала яшчэ на першым курсе, усё змяніла.

Пачынала на «Радыё Рацыя» ў якасці вядоўцы ўласнай праграмы. Пазней працавала журналістам у газеце «Наша Ніва». З «Белсатам» супрацу распачала яшчэ ў 2008-м сувядоўцам праграмы «Прэс-экспрэс». Да каманды ж інфармацыйнага аддзелу на «Белсаце» далучылася праз два гады – спачатку як карэспандэнт у Менску і Горадні, пазней як рэпарцёр у асноўнай рэдакцыі інфармацыйных праграмаў. З 2011 года выступаю ў якасці вядоўцы «Аб’ектыву» і «Гарачага каментара».

Прафесію журналіста спалучала з навучаннем у Міжнароднай школе касцюмаграфіі ды дызайну адзення, дзе атрымлівала прафесію дызайнера адзення.

Футбольны заўзятар. Любімыя каманды – гарадзенскі «Нёман» і «Барселона».

Ва ўласным і прыватным жыцці стараюся заўсёды імкнуцца да праўды. Нават калі яна і заб’е, то перад гэтым абавязкова шмат чаму навучыць. Прынамсі я ў гэта веру.