Уладзімір Арлоў

Вядучы цыкла праграм «Гісторыя пад знакам Пагоні». Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ.

У свае 60 гадоў Уладзімір Арлоў мяркуе, што чалавечае жыццё трагічнае: «Успамінаю радок з верша Віслава Шымборскай: «Як хутка зрастаюцца канцы бясконцасці». Гэты прамежак, тую долю неўміручасці, якую ты атрымаў, нарадзіўшыся, трэба прайсці з годнасцю. Сэнс чалавечага жыцця я бачу ў тым, каб як мага хутчэй зразумець сваю місію ў гэтым свеце, сваю ролю, зліцца са сваёй роляй і прытрымлівацца яе».

Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ працаваў у Наваполацку выкладчыкам гісторыі ў школе. З 1976-га да 1986-ты – у рэдакцыі газеты «Хімік». У 1986 годзе становіцца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў. З 1988 – працаўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1988 становіцца чальцом Беларускага Народнага Фронту.

Першыя свае вершы ў першай палове 1970-х надрукаваў у студэнцкіх часопісах: «Блакітным ліхтары» (Наваполацк) і «Мілавіцы» (Менск).

«Я часам лаўлю сябе на думцы, што я пражыў не 60 гадоў, а прынамсі некалькі стагоддзяў. І не толькі таму, што я ў сілу сваіх прафесійных заняткаў падарожнічаю зноў і зноў у нашае мінулае, але яшчэ і таму, што за час майго жыцця свет непазнавальна змяніўся».