Віктар Шукеловіч

Аўтар і вядоўца праграмы «Вяскоўцы»

З дзяцінства я цікаўлюся літаратурай і гісторыяй. Гэта, пэўна, і паўплывала на тое, што пасля школы я закончыў аддзяленне беларускай філалогіі ў БДУ, а потым абараніў ступень магістра тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, напісаўшы дыпломную працу па гісторыі Царквы.

Мяне заўсёды натхняла беларуская вёска – скарбніца даўніх традыцыяў, незвычайных гісторыяў і містычных легендаў. Вёсцы і яе жыхарам я прысвяціў шэраг сваіх нарысаў і апавяданняў (http://belsat.eu/opinion/viktar-shukelovich/). Шчырасць, гасціннасць, а часам дзіцячая наіўнасць вясковых жыхароў здаўна заваявалі маё сэрца.

Што мне кінулася ў вочы ў беларускіх селішчах, дык гэта разнастайнасць і арыгінальнасць поглядаў вясковых жыхароў. Цяжка там знайсці двух чалавек, якія мелі б ідэнтычнае светаўспрыманне. Кожны вясковец – гэта адмысловы філосаф. Ёсць сярод іх і стоікі, і эпікурэйцы, і матэрыялісты, экзістэнцыялісты і гэтак далей…

Вёска – гэта не толькі рамантыка, а таксама цяжкая праца, мноства абавязкаў і нялёгкі быт. Паказаць сённяшнюю вёску, звычаі, традыцыі, праблемы, унутранае хараство і клопаты яе людзей я вырашыў у праграме «Вяскоўцы». Яшчэ адна з мэтаў гэтага цыклу – прадэманстраваць этнаграфічную і моўную разнастайнасць Беларусі, спрыяць зацікаўленню сваёй культураю. Часам, каб пабачыць нешта экзатычнае, маладыя гараджане едуць у далёкія заморскія краіны, а тут, пад бокам, у нас ёсць шмат цікавага і займальнага, пра што яны, магчыма, ніколі і не чулі.