Першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі

 

«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання.

Польскае тэлебачанне супрацоўнічала, сярод іншага, з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую за дзейнасць у галіне правоў чалавека Еўрапейскі парламент адзначыў Міжнароднаю прэміяй імя Андрэя Сахарава.

Фармальна стварэнне тэлеканалу сталася вынікам дамовы, падпісанай у 2007 г. паміж польскім Міністэрствам замежных справаў і Польскім тэлебачаннем. У дамове прадугледжвалася шматгадовая супраца і фінансаванне тэлеканалу «Белсат».