Юлія Цяльпук

Журналістка «Аб’ектыву», рэдактарка інфармацыйнага блоку «Студыя «Белсат».

Нарадзілася ў 1982 г. у Польшчы – падчас ваеннага становішча. Бацьку накіравалі ў Легніцу ў ліку соцень савецкіх вызваленцаў-захопнікаў. Польшча засталася незалежнаю, і мы пайшлі да цягніка Варшава–Менск – гэта мой першы «імгненны»ўспамін: мы ідзем праз рэйкі па рудых дошках, і я ўпарта цягну свой начны гаршчок у торбе, кажу: «Я сама». 

Праз колькі гадоў скончыла БДУ, спецыяльнасць «журналістыка».

Да 2002-га працавала ў перыядычным друку, потым – у рэкламе, рабіла календары, каталогі і ўлёткі для прадпрыемстваў і фірмаў, лагатыпы і банэры. Паралельна вучылася фатаграфіі ды фотарэтушаванню.

У «Белсаце» працавала амаль з самага пачатку, адначасова вучылася і дагэтуль вучуся тэлевізійнай журналістыцы. Улюбёныя тэмы – сацыяльныя, якія часта дзякуючы ўвазе «Аб’ектыву» змушаюць уладу паварочвацца тварам да канкрэтнай асобы.

Люблю фота, ровар, спорт, більярд, лазню, кіно… Калі таньчу, то да ранку. Калі ем, то без мяса.

Калі ў мяне пытаюць «ці дапамагчы табе?», я, як тое дзіця на пероне, дагэтуль кажу «я сама», але ўжо па-даросламу – толькі ў тых выпадках, калі вынікі сапраўды вартыя намаганняў.