Аляксандр Пуціла

Аўтар і вядоўца спартовых навінаў

 

 

Нарадзіўся ў Менску. У 1983-м скончыў СШ № 121. У тым жа годзе пайшоў у войска. Пасля службы ў 1986-м паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. Аддзяленне радыё і тэлебачання закончыў у 1991-м.

Яшчэ ў восьмым класе сярэдняй школы з задавальненнем адгукнуўся на прапанову кіраўніцы праграмы «Рамантыкі» дзіцячай рэдакцыі Беларускага радыё Таццяны Пятровай паспрабаваць сябе ў журналістыцы і з цікавасцю ўзяўся за працу рэпарцёра, што дазваляла вучыцца ў значна больш дасведчаных Таццяны Пятровай, Людмілы Дрожжы, Наталлі Крэмень… 

Меў досвед працы і ў вельмі папулярнай «Беларускай маладзёжнай», дзе вучыўся ў ненашмат старэйшых Віталя Сямашкі, Ігара Ганчарука, Уладзіміра Дзюбы, Жанны Літвіной, Таццяны Мельнічук, Іны Студзінскай, Валянціны Стэльмах і Алены Сцяпанавай. 

А напрыканцы навучання ва ўніверсітэце пачаў супрацоўнічаць з галоўнаю рэдакцыяй спартовых праграмаў Беларускага тэлебачання і радыё ў якасці пазаштатнага карэспандэнта. Рабіў шмат матэрыялаў для праграмы радыё «Спартыўная арбіта», плённа працуючы з Віталем Саламахіным, а з Сяргеем Новікавым удзельнічаў у рыхтаванні праграмы тэлебачання «Трэці тайм».

Затым пачаў самастойна рыхтаваць тэлевізійныя праграмы-падсумаванні за тыдзень, якія мелі розныя назвы.

Заўсёды марыў зрабіцца спартовым каментатарам і нямала папрацаваў у гэтай прафесіі. Але абставіны прымусілі перайсці на працу ў аддзел спартовых навінаў рэдакцыі інфармацыі, пазней – Агенцтва тэлевізійных навінаў.

За ўвесь час давялося і каментаваць на радыё парады фізкультурнікаў, і запісваць ранішнюю гімнастыку. Пашчасціла папрацаваць на Алімпійскіх гульнях у аўстралійскім Сіднеі ў 2000 г., а ў 2003-м разам з Уладзімірам Навіцкім – на Чэмпіянаце свету па біятлоне ў расейскім Ханты-Мансійску.

Напрыканцы 2008 г. атрымаў запрашэнне быць спартовым аглядальнікам праграмы «Аб’ектыў» на тэлеканале «Белсат» і, прыняўшы яго, пераканаўся, што ані не памыліўся. Сучасныя еўрапейскія рэаліі працы тэлебачання, а таксама зносіны выключна на роднай мове дазваляюць вельмі аптымістычна глядзець на перспектыву стварэння ў новай Беларусі ў найбліжэйшай будучыні сапраўды нацыянальнага тэлеканалу.