Татарын з Горадні: Тут жылі беларусы, палякі, татары, і канфліктаў не было


Алім Сафу ў юбілейным кліпе «Белсату» прэзентуе адну з каштоўнасцяў нашага каналу – талерантнасць і шанаванне правоў меншасцяў.

«Белсат» працуе для вас дзесяць гадоў. У нашых святочных кліпах мы распавядаем пра каштоўнасці, якія падзяляем і мы, і нашыя гледачы.

Герой новага роліку – Алім Сафу з Горадні. Пра сябе ён распавядае:

«Мяне завуць Алім Сафу. Мой дзед Мемет, крымскі татарын, падчас службы ў царскай арміі трапіў у Горадню. Але пасля рэвалюцыі 1917 году вярнуўся ў Крым. Бацька Ібрагім ваяваў за савецкую армію, у 1941-м трапіў у палон, быў у канцлагеры ў Ольштыне. Там зладзіў пабег і выратаваў дзясяткі беларусаў. Трапіўшы ў Скідзель, удзельнічаў у падполлі, стаў партызанам. Пасля вайны застаўся ў Горадні. Бацька хацеў вярнуцца ў Крым, але ў выніку этнічных чыстак ягоную сям’ю ўжо выслалі ва Узбекістан».

Цяпер Алім знаёміць з татарскімі традыцыямі сям’і сына, прыводзячы яго на лецішча, на якім бацька Аліма сустракаўся са сваймі сябрамі:

«Тут гучалі песні на польскай мове, на ўкраінскай, на татарскай. Тут заўсёды было шмат гасцей. Збіраліся суседзі, сябры бацькі, у мінулым франтавікі, іхныя жонкі – людзі розных нацыянальнасцяў. На гэтым лецішчы гучалі гэтыя песні».

На ўваходзе на татарскія могілкі Алім звяртае ўвагу на два крыжы – праваслаўны і каталіцкі.

«Гэта такое цікавае рэха мультыкультурнасці, якая была ў Беларусі. Жылі беларусы, палякі, жылі татары. Нідзе няма згадак, што была нейкая канфліктная сітуацыя. Хацелася б, каб была гэтая мультыкультурнасць, павага да іншага і каб стаўленне да таго, хто не такі як ты, не было нават у жартаўлівым сэнсе адмоўным», – кажа мужчына.

Алім прызнаецца, што часам робіць заўвагі сваім калегам, калі тыя, пабачыўшы асобаў усходніх нацыянальнасцяў, пачынаюць казаць пра «чорных».

«Калі раблю заўвагу, што я Алім Ібрагімавіч, яны кажуць: «Ды які ты! Ты ж наш увогуле, ты ж не яны!», – смяецца гарадзенскі татарын.

І ўжо больш сур’ёзна дадае:

«Тым не менш гэты момант пакідае непрыемны асадак, таму што я гатовы стаяць гарой за сваіх сяброў і калегаў, нягледзячы на іхную нацыянальнасць. Я так думаю, што, калі раптам, не дай бог, нешта здарыцца, і за мяне ўстануць мае сябры, нягледзячы на маю нацыянальнасць».

Кожны тыдзень да 10 снежня мы будзем прадстаўляць новую гісторыю пра нашыя каштоўнасці. Алесь Дзянісаў прэзентуе ролік пра разнастайнасць меркаванняў.

«Белсат» упершыню выйшаў у эфір 10 снежня 2007 года.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў