Тры беларускі пацярпелі пры аварыі турыстычнага аўтобуса ў Турцыі


Трох грамадзянак Беларусі, якія пацярпелі ў ДТЗ у Турцыі з удзелам турыстычнага аўтобуса, даставілі ў лякарні.

«Па дадзеных амбасады (у Анкары – рэд.), у выніку ДТЗ у Турцыі ў лякарні дастаўлены тры грамадзянкі Беларусі. Іх выпіска чакаецца ў найбліжэйшы час», – сказалі ў МЗС афіцыйнаму агенцтву БелТА. Беларуская дыпмісія ў Анкары працягвае старанна адсочваць сітуацыю. Раней паведамлялася пра двух пацярпелых у аварыі грамадзянах Беларусі.

6 жніўня ў Турцыі адбылося буйное ДТЗ з турыстычным аўтобусам, які ехаў з Памукале ў Кэмэр пасля экскурсіі. Машыну занесла на мокрай дарозе, кіроўцу ледзь удалося ўтрымаць яго ад падзення ў прорву. Тым не менш аўтобус перавярнуўся – шэсць чалавек загінула, яшчэ 27, пераважна грамадзяне Расеі, атрымалі раненні, інфармуюць naviny.by.

У аўтобусе знаходзіліся ад 50 да 64 адпачывальнікаў – грамадзяне Расеі, Беларусі, а таксама, як мяркуецца, Казахстану і Літвы.

Аўтобус, які трапіў у аварыю, належыць кампаніі «Kilit Global», якая прымае турыстаў расейскіх аператараў «Tez Tour» і «Біблія Глобус».

МЯ, паводле belta.by, naviny.by

Стужка навінаў