Санітарны тыдзень у «Маямі»


Новая і непаўторная сталічная кавярня «Маямі», дзе афіцыянткі абслугоўвалі ў купальніках, папрацавала адно пару дзён. У чацвер 30-га ліпеня на дзвярах у Маямі з’явілася аб’ява «Санітарны дзень», доўжыцца ён дагэтуль, а каментаваць прычыны закрытых дзвярэй «Белсату» адмовіліся. Сказалі – неўзабаве запрацуем.

Пра адкрыццё гарачай кавярні, заяўленай як action-bar, паспелі напісаць амаль усе нашыя тытульныя медыі. Журналістаў накіравалі адразу – фота зрабіць і субектыўным вокам ацаніць навінку. Бо менчукоў складана здзівіць новай рэстарацыяй ці барам – месцаў вельмі шмат. З’яўляюцца, як грыбы пасля дажджу і знікаюць, як настае спёка. Можа ў Маямі было надта горача?

Калі адчыняць бар, не ведаюць нават ягоныя працаўніцы. Спадзяваліся, што ўчора. Дзяўчаты чакалі на ганку, але ў выніку – чарговы дзень прастою.

Набор афіцыянтак на працу ў «Маямі» праводзілі пры дапамозе сацыяльных сетак. Абралі шасцёх найбольш прыгожых дзяўчат. Прыбралі ў купальныя строі, абутак – на шпільках. Бармену выдалі вадалазную маску. Гумавую акулу кінулі на падваконне, а валейбольны мяч і ратаўнічыя камізэлькі – упрыгожваюць сцены. На падлозе ззяюць «доларавыя» купюры. У меню – усе знаёмыя нашаму чалавеку напоі – пераважна алкагольныя. Да іх – закускі.

Працаваць прыгажуні мусілі па 2 на «змене», і па 3 – калі ў бары будзе аншлаг. Увечары на маленькай сцэне бару меліся з’явіцца выступоўцы – спевакі, стэндаперы і нават фокуснік. Гэта тлумачыць класіфікацыю action-bar. Найбольш моцная забаўляльная праграма планавалася на пятнічны, суботні і нядзельны вечар.

Сонца ў Маямі не ззяе ўжо тыдзень, а зазіраючы ў каментары пад артыкуламі пра новы бар, хочацца верыць, што іх пісалі выпадковыя людзі, закамплексаваныя ды шавіністы. Напрыклад «праект-аднадзёнка», «не месца такім гадзюшнікам у Менску», «дык вось як такія месцы называюцца». Бо можа – у гарачай ідэі, канцэпцыі месца і купальных строях – акурат не праблема, а троху экзотыкі… для краіны, у якой і марскога берагу няма, і сонца грэе ад сілы 2 месяцы на год.

ЮЦ, belsat.eu

фота realt.onliner.by

Стужка навінаў