Сябры БНФ патрабуюць вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Лукашэнкі


Актывісты Партыі БНФ, якія збіраюць подпісы ў падтрыманне Таццяны Караткевіч у Менску, сталіся сведкамі парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнікі БНФ звярнуліся ў Цэнтральную камісію па выбарах са скаргай, у якой патрабуюць вынесці ініцыятыўнай групе дзейснага прэзідэнта папярэджанне.

Каля ўніверсаму «Цэнтральны» ў Менску, дзе збіраюць подпісы пікеты шматлікіх кандыдатаў, ініцыятыўная група Лукашэнкі з ліку сябраў праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі раздавала друкаваныя выданні на карысць свайго вылучэнца.

На стадыі збору подпісаў заканадаўства забараняе раздачу якой-небудзь агітацыйнай прадукцыі.

Сведкі гэтага парушэння звярнуліся са скаргай у ЦВК, прыклаўшы да звароту фотаздымкі раздачы газетаў «Камуніст Беларусі. Мы і час», якія распаўсюджваліся ў часе пікету камуністаў-прыхільнікаў Лукашэнкі. Таксама прыкладзены і асобнік самой газеты, у якой на першай старонцы размешчаны фотаздымак Лукашэнкі ды апублікаваныя іншыя матэрыялы перадвыбарчага характару, падае інтэрнэт-старонка Партыі БНФ.

Сярод артыкулаў ёсць і востра крытычны матэрыял пра кампанію назірання за выбарамі «Права выбару», які ўтрымлівае зневажальныя і паклёпніцкія звесткі на адрас кампаніі, якую падтрымлівае Партыя БНФ.

Гэты друкаваны матэрыял раздавалі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі выбарнікам, якія падпісаліся за вылучэнне іх кандыдата (пасля таго, як яны ставілі подпіс у лісце).

Таксама гэты друкаваны матэрыял уручаўся ўдзельнікамі пікету і іншым грамадзянам, якія праходзілі побач з пікетам, пры гэтым распаўсюджванне газеты суправаджалася заклікамі паставіць свой подпіс за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты на гэтым пікеце.

Аўтары скаргі адзначаюць, што дзеяннямі пікетоўцаў з ліку прыхільнікаў Лукашэнкі парушаная частка 10 артыкула 61 Выбарчага кодэксу, якая забараняе любое ўзнагароджанне выбарнікаў за ўнясенне подпісаў.

Згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў можна аказваць толькі праз унясенне грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў.

На падставе выкладзеных парушэнняў аўтары скаргі прапануюць Цэнтральнай камісіі вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Лукашэнкі.

МЯ, паводле narodny.org

Стужка навінаў