Заўзятары байкатуюць футбольныя матчы – пратэстуюць супраць самаволі міліцыянтаў


Патрапіць у аўтазак або пад арышт у Беларусі можна за шапку з гербам Пагоня ці звычайную татуіроўку. Заўзятары патрабуюць спыніць беззаконне з боку міліцыянтаў ды байкатуюць матчы нацыянальнай лігі.

Слова «байкот» асацыюецца з апошнімі палітычнымі кампаніямі ў Беларусі. Сівыя грамадскія дзеячы, ахвяры правасуддзя, расчараваўшыся ў дзеяннях ЦВК і МУС, заклікаюць да поўнага спынення зносін з дзяржавай. Спорт – беларуская палітыка маладых. Але праблемы тут тыя ж самыя.

Перад футбольным матчам 13-га тура паміж менскім «Дынама» і «Гомелем» супрацоўнікі АМАПу вывелі са стадыёну заўзятара менскага «Дынама» праз тое, што на ягоным шаліку віднеў герб Пагоня. Паводле закону, на матч не дапускаюцца заўзятары з забароненай сімволікай. Пагоня ж не з’яўляецца забароненай у Беларусі.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«Апошнія хатнія матчы менскага «Дынама» былі азмрочаныя чарговымі неабгрунтаванымі затрыманнямі заўзятараў і фанатаў, а таксама штрафамі і арыштамі на содні. Пасля матчу са «Слуцкам» на вачах у футбалістаў і кіраўніцтва клубу трое дынамаўскіх фанатаў былі неабгрунтавана затрыманыя паводле ўжо «народнага» артыкулу 17.1 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў РБ (дробнае хуліганства – рэд.). Пасля матчу з «Гомелем» каля стадыёну «Трактар» быў затрыманы фанат за звычайную татуіроўку на сваёй руцэ, у выніку чаго з’ехаў на 10 содняў. У сувязі з гэтым мы, актыўныя фанаты, аб’яўляем байкот фанацкаму сектару як на хатніх, так і на выязных матчах у Беларусі!», – паведамляе сайт заўзятараў ZUM.BY.

Цэнтральны абаронца менскага «Дынама» Сяргей Паліцевіч заявіў, што байкот – правільнае рашэнне: «Людзі не хочуць праходзіць праз металашукальнікі, іх можна зразумець».

Пры якіх умовах фанаты менскага «Дынама» гатовыя спыніць байкот хатніх гульняў і вярнуцца на фан-сектар? «На дадзены момант ніякіх каментароў не даем. Дзякуй за разуменне», – адказвае прадстаўнік фанатаў.

Падчас гульні «Слуцк» – «Шахцёр» былі затрыманыя 34 футбольныя фанаты. Пазней на старонцы заўзятараў у «Інстаграме» з’явілася паведамленне:

«У сувязі з апошнімі падзеямі было прынята сумеснае рашэнне – не хадзіць на хатнія гульні. Няхай наш другі дом будзе пуставаць і зачынены для нас цяпер, але рана ці позна мы прыйдзем! Каманда не застанецца без падтрымкі на выязных матчах!».

Як стала вядома, фанаты наваполацкага «Нафтану» таксама прынялі рашэнне адмовіцца ад наведвання хатніх матчаў каманды на нявызначаны тэрмін. Звязана гэта з неадэкватнымі паводзінамі міліцыі на ўсіх хатніх матчах, ператрусамі ў актыўных фанатаў і неабгрунтаванымі затрыманнямі. Пры гэтым, заўзятары абяцаюць падтрымаць каманду на выязных матчах.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

«На сённяшні момант сітуацыю на фан-сектарах змяніць нерэальна, таму і байкатуем, праблема вырашыцца ў сярэдзіне кастрычніка – пасля выбараў, потым і мы вернемся. Спадзяемся, што знікне неабгрунтаваны прэсінг», – кажа прадстаўнік заўзятараў «Нафтану».

Паводле яго, сітуацыю не зменіць і тое, што замест міліцыянтаў на трыбуны будуць пускаць сцюарды: «На маю думку ўвесь кантроль усё роўна будзе ажыццяўляцца праз праваахоўныя органы, сцюарды нічога не зменяць. На «Барысаў-Арэне», здаецца, сцюарды, а міліцыі ўсё адно поўна».

Віцебскія фанаты байкатуюць хатнія гульні сваёй каманды па той жа прычыне – міліцэйскае самавольства. З Першай лігі да байкоту далучыліся фанаты светлагорскага ФК «Хімік».

Тым часам чэмпіянат Беларусі па футболе ўсталёўвае антырэкорды наведвальнасці. У сярэднім кожны матч 14-га тура наведалі 1457 гледачоў. А на гульню «Нафтан»-«Менск» прыйшлі ўсяго 350 аматараў футболу.

Мікіта Семяненка, belsat.eu

Стужка навінаў