Макс Корж выступіць у Крыму. І атрымае забарону на ўезд ва Украіну?


Belsat.eu разбіраецца, якімі наступствамі для беларуса можа скончыцца паездка ў анексаваны Крым.

На афіцыйным сайце Макса Каржа ёсць інфармацыя пра тры канцэрты ва Украіне ў канцы месяца. 25 ліпеня беларус будзе ў Адэсе, 31 ліпеня – у Сімферопалі, 1 жніўня – у Севастопалі. Але выступы на тэрыторыі Крыму могуць абярнуцца для музыкі забаронай на ўезд ва Украіну на бліжэйшыя некалькі год.

Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Адпаведна, у чэрвені Кабінет міністраў зацвердзіў асаблівы парадак уезду на паўвостраў. Замежнікі, а значыць і Макс Корж, патрапіць туды могуць толькі маючы абгрунтаваныя прычыны, сярод якіх «наяўнасць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасці, смерць сваякоў, выкананне дыпламатычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны». Турызм ці канцэртная дзейнасць у спісе дазволеных прычын уезду не значацца. Сам дазвол трэба атрымоўваць у Кіеве.

Для замежнікаў застаецца варыянт ехаць ці ляцець з Расеі. Толькі гэта з’яўляецца парушэннем дзяржаўнай мяжы Украіны і за такое перасячэнне мяжы можна нават трапіць пад крымінальны артыкул – калі яно здзяйсняецца некалькі разоў. Агулам, уезд з тэрыторыі РФ пагражае штрафам ці арыштам на 15 содняў (артыкул 204.1 Кодэксу Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Макс Корж і яго гурт збіраюцца скарыстацца менавіта такім шляхам. Канцэртны дырэктар Руслан Манібаеў зазначае, што неаднаразова ездзіў у Крым з тэрыторыі Расеі і праблемаў не меў. На заўвагі пра тое, што ў выпадку публічнага выступу артыста, пракуратура Украіны можа завесці нават крымінальную справу, Манібаеў адказвае: «Праверым асабіста».

Асабіста правяраў дзеянне ўкраінскіх законаў серб Горан Брэгавіч. У красавіку ўкраінскі МЗС абяцаў забараніць яму ўезд на тэрыторыю краіны. Сербскі музыка выступіў у Крыму і падтрымаў кіраўніцтва Расіі. Невядома, ці сапраўды ён пасля быў абвешчаны персонай нон-грата, але яго наступныя канцэрты ва Украіне былі адмененыя.

«Горан Брэгавіч патрапіў на тэрыторыю Крыму не з украінскага пункту ўезду-выезду. Тым самым ён здзейсніў правапарушэнне. І мы будзем ініцыяваць, каб МУС дало правамернае ацэнку яго дзеянняў », – сказаў тады прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

Паводле яго словаў, музыку пагражаў штраф, адміністрацыйны арышт або забарона на ўезд ва Украіну.

Варта разумець, што ў выпадку звычайнага грамадзяніна Беларусі, паездка ў Крым праз Керчанскую пераправу ці самалётам з Масквы нічым не абернецца. Правахоўныя органы Украіны проста не атрымаюць адпаведнай інфармацыі, а паколькі штампы ў пашпарт расейскія памежнікі наведнікам Крыму не ставяць, то пераймацца няма чаго. Пасля можна ехаць ва Украіну, нічым не рызыкуючы. Толькі ехаць прыйдзецца не з тэрыторыі паўвострава, а спачатку давядзецца выехаць з Крыму праз Расею.

Іван Шыла, belsat.eu

Стужка навінаў