Грошы ў балота: Майра Муора праверыла, як Беларусь развівае экапраекты за кошт Еўразвязу


Майра Муора наведала ўнікальную экасцежку ў Віцебскай вобласці, прыстасаваную для шпацыраў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

На ўласныя вочы кіраўніца Прадстаўніцта ЕЗ у Беларусі пабачыла, на што выдаткоўваюцца еўрапейскія грошы ў Беларусі, прайшоўшыся па экалагічнай сцежцы Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня».

Паўтаракіламетровая экалагічная сцежка ўяўляе сабой драўляны чатырохслойны насціл з асіны і дубу шырынёй паўтара метра. Ёсць на маршруце і так званыя тэматычныя кропкі з інфармацыйнымі стэндамі. На пачатку маршрута на насыпным пагорку стаіць вежа для назіранняў. З 6-метровай вышыні балота быццам бы на далоні. Канчатковая кропка маршруту – балотныя азёры і невялікая зона для адпачынку. На будаўніцтва спатрэбілася 2 гады і моцныя працоўныя рукі. Тэхніка толькі падвозіла працоўныя матэрыял, клалі насціл уручную.

Каб пабудаваць экасцежку, спатрэбілася прыкладна 120 тысяч долараў. Грошы выдаткаваў Еўразвяз і праграма развіцця ААН.

Акрамя гэтага, у межах праекта тэхнічнай дапамогі для развіцця заказніку, «Ельня» атрымаў турыстычны рыштунак, спецтэхніку, абсталяванне ў экалагічны цэнтр, камп’ютары.

Навошта Нямеччыне і Бельгіі інвеставаць у беларускія балоты

«Еўразвяз фінансуе беларускія балоты па простай прычыне: кантынентальная Еўропа, напрыклад Германія і Бельгія, свае балоты знішчылі. Засталіся толькі нязначныя месцы верхавых балот. Па верхавых балотах, у тым ліку і на «Ельні», працуюць нямецкія навукоўцы, якія сочаць за яго жыццём. Бо стан нашых балот уплывае і на экасістэму Нямеччыны», – распавядае Belsat.eu дырэктар заказніку «Ельня» Іван Барок.

Паводле яго словаў, заказнік будзе падаваць заяўку на еўрапейскія гранты, каб атрымаць фінансаванне на дабудову экасцежкі. Дабудова мае зрабіць зручным наведванне «Ельні» для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, ужо цяпер замест прыступкаў на пераходах усталяваныя пандусы, а на першых 150-ці метрах сцежкі зробленыя парэнчы.

«Наступны крок – просьба ў фінансаванні будавання сцежкі ад аўтамабільнай стаянкі да экалагічнай сцежкі. Агульная даўжыня прыкладна 900 метраў. Тады інвалід-вазочнік зможа самастойна, без перашкодаў, дасягнуць драўлянага насцілу. Да таго ж у планах – зрабіць парэнчы на ўсю даўжыню 1,5-кіламетровай экскурсійнай сцежкі. А тэматычныя кропкі з пашыраным драўляным насцілам стануць тэрыторыяй раз’езду і разваротаў інвалідаў-вазочнікаў», – працягвае Іван Барок.

Калі планы дырэктара заказніку рэалізуюцца, то «Ельня» стане адзіным экскурсійным маршрутам у Беларусі, які зможа наведаць і чалавек з абмежаванымі магчымасцямі.

Балоты заказніку «Ельня» называюць «лёгкімі Еўропы, якія паглынаюць вуглякіслы газ і выпрацоўваюць кісларод. Унікальнасць гэтых верхавых балотаў для Беларусі яшчэ і ў расліннасці, якая характэрная для лесатундраў. А тысячы жураўлёў і гусей выкарыстоўваюць балоты заказніку для міграцыйных прыпынкаў падчас восеньскага пералёту.

Марына Яўсейчык, belsat.eu

Стужка навінаў