«Музей – гэта модна»


З надыходам лета берасцейскі краязнаўчы музей запусціў новы праект – «Модны чацверг». Яго мэта – пераканаць гараджан у тым, што музей – не толькі цікава, але і модна.

«Кожны жадаючы можа стаць галоўным героем «Моднага чацвярга», галоўнае каб гэта было цікава. Колькі падобных сустрэч і выстаў адбудзецца ў будучым залежыць ад таго, які водгук у берасцейцаў атрымае новы праект», – распавёў «Белсату» супрацоўнік музею Віталь Іваноў.

За чэрвень атрымалася зладзіць усяго дзве. На дэбютнай, 4 чэрвеня, выступілі інструментальны дуэт «Настрой» і лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў узорны дзіцячы інструментальны ансамбль «Вячоркі».

Героем другой сустрэчы, якая адбылася 25 чэрвеня, стаў 14-гадовага берасцеец Аляксандр Салавей, у хлопца адбылася першая ў жыцці выстава, на ёй ён прэзентаваў 140 мініяцюрных мадэляў аўтамабіляў з уласнай калекцыі, якія маладзён збіраў з пяці гадоў.

«Усяго ў маёй калекцыі 300 мадэляў аўтамабіляў, галоўны крытэр па якім я абіраю мадэлі для сваёй калекцыі, гэта каб яны падабаліся мне самаму. Так атрымалася, што спачатку мне гэтым машынкі пачалі дарыць, потым я стаў купляць іх сам, і вось назбіраў столькі, што можна паказаць і іншым. Але апошнім часам мая калекцыя папаўняецца марудна, у Беларусі вельмі складана знайсці сапраўды цікавыя мадэлі», – паведаміў Аляксандр Салавей.

ЖЯ, belsat.eu

Стужка навінаў