«Малітваслоў праваслаўнага ваяра» з расейскім арлом прадаецца ў Горадні


Рэлігійнае выданне пры бліжэйшым разглядзе аказалася расейскай патрыятычнай замовай. Святары тлумачаць з’яўленне кнігі ў продажы недальнабачнасцю супрацоўнікаў царкоўнай крамы.

Невялічкі «Малітваслоў», які змясціцца ў нагруднай кішэні вайсковага кіцеля, можна прыдбаць у царкоўнай краме насупраць праваслаўнага сабору ў Горадні. Трыкалор і расейскі герб на чорнай вокладцы адразу кідаюцца ў вочы, аднак на гэтым «патрыятызм» малітваслова не сканчаецца.

«Издавна на Руси, вознося молитвы о русском воинстве, сражающемся «за веру, царя и Отечество»…» (с.49)

«О, всехвальный святий чудотворче Георгие! Умоли Бога (…) да укрепит государство Российское…» (с.12)

«Молим вас, христолюбивии страстотерпцы, споспешествуйте державе Российстей в победе на сопротивныя…» (с.13)

«Да несут Российстии воини страх врагам…» (с.13) і г.д.

Малітваслоў выйшаў у 2014 годзе, калі вайна Расеі з Украінай ужо ішла. Падчас прэзентацыі выдання галоўны рэдактар Выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі протаіерэй Уладзімір Сілоўеў падкрэсліваў у інтэрвю журналістам важнасць малітвы для «вайскоўца, пакліканага для абароны нашай Айчыны». Але якую Айчыну меў на ўвазе протаіерэй? Дакладна не беларускую…

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Belsat.eu звярнуўся па каментар да настаяцеля Барысаглебскай царквы ў Горадні айца Георгія Роя.

«З прычыны вядомых мінулагодніх падзеяў дзяржаўная сімволіка Расеі і Украіны стала вельмі палітызаванай, – падкрэсліў праваслаўны святар. – Яе неабдуманае выкарыстанне ў Беларусі часам можа быць правакацыйным… Таму, канешне, супрацоўнікі царкоўнай крамы павінны былі б прадугледзець гэта і пазбегнуць выстаўлення ў продаж малітвасловаў з такім дызайнерскім аздабленнем. Увогуле лічу, што афармленне малітваслова, нават калі ён «воінскі», павінна быць выключна з выкарыстаннем хрысціянскай сімволікі».

Святар таксама звярнуў увагу на тое, што прысутнасць выразаў «Государство Российское» і «земля Русская» тлумачыцца часам складання малітваслова. А гэта, найбольш імаверна, XVIII-XIX стст., то бок часы Расейскай імперыі. З тых часоў малітвы маглі перадрукоўвацца наагул без рэдактуры.

«Акрамя гэтага, мы праваслаўныя беларусы, – працягвае святар, – сваю беларускую зямлю таксама лічым Рускай зямлёй. Але не ў сэнсе яе залежнасці да сучаснай Расейскай Федэрацыі, а ў сэнсе гістарычным. Дастаткова зазірнуць у беларускія гістарычныя акты XVI-XVIII стагоддзяў і мы ўбачым, што выбітныя постаці нашай культуры і гісторыі гавораць пра сябе як пра «народ рускі», але гэта не азначала, што яны атаясамліваюць сябе з Маскоўскім княствам».

Варта адзначыць, што летась медыі пісалі пра падобныя малітоўнікі ў Берасці. Гэта паказвае, як элементы «русского мира» дайшлі нават да заходніх беларускіх гарадоў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў