«Грады», «Тыгры» і «варанкі» для беларускіх дзетак. «Расейскі свет» наступае


Паліцы дзіцячых крамаў у Горадні літаральна ломяцца ад цацак у выглядзе расейскай вайсковай тэхнікі.

Паведамленні пра «Грады» у дзіцячых крамах у розных кутках Беларусі ўсё часцей пачалі з’яўляцца ў сацыяльных сетках. Belsat.eu вырашыў праверыць на наяўнасць расейскай вайсковай тэхнікі гарадзенскі «Дзіцячы свет». Традыцыйна, гэта найбольш папулярная крама цацак для маленькіх у самым цэнтры гораду.

Паліцы аказаліся літаральна застаўленыя мініяцюрнымі вайсковымі цяжкавікамі «Урал» ды «КрАз» з абавязковымі расейскімі сцяжкамі. Тут жа ўсім вядомыя з украінскіх падзеяў ракетныя сістэмы залпавага агню «Град». Ды яшчэ з светлакугавымі эфектамі, удакладняе сімпатычная прадавачка, націскаючы на кнопку, каб машынка пачала міргаць і «страляць» на ўвесь аддзел.

Шмат тэхнікі з адзнакамі расейскай паліцыі ды АМАПу. Ёсць нават новыя бронеаўтамабілі «Тыгр», мадыфікаваныя для АМАПу, з гранатамётнымі ўстаноўкамі – лафетамі – на даху, якія маюць страляць слезацечнымі і светлагукавымі гранатамі. Зразумела, што гэта тэхніка для разгону вулічных пратэстаў.

Для аматараў рэтра – ГАЗ 21, іншымі словамі, «чорная волга» з гербам СССР на пярэдніх дзверцах і надпісам – «КГБ».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«Канешне, каб у нас у краіне ўсё добра было б з культурнай палітыкай, то не было б ніякай небяспекі ў тым, што ў дзіцячых крамах прадаюцца жаўнерыкі ці танкі з сімволікай любой блізкай ці далёкай краіны, – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Гелагаеў. – Аднак у сувязі з тым, што супраць Беларусі працягваецца інфармацыйна-культурная вайна, з мэтай зноў навязаць беларусам масквацэнтрычны погляд на сусвет, нават такія цацкі, няхай і без дрэннай волі некага, прывучаюць дзяцей лічыць расейскую армію «сваёй».

Ці не адзіны смешны момант у дадзенай сітуацыі – вытворца мадэляў. Гэта, канешне ж, Кітай.

Пацікавіліся мы і беларускімі аналагамі. Пасля разгубленай паўзы дзяўчына паказала ўсяго адзін грузавік з маленькай налепкай «ВС РБ» у самым канцы крамы. «Больш няма», – паціскае плячыма.

«Вялікая праблема ў тым, што тыя няроўныя ўмовы, у якія пастаўленыя сярэдні беларускі бізнес, не дазваляюць яму нароўні канкураваць з расейскім і кітайскім шырпатрэбам, у тым ліку з індустрыяй па вытворчасці такіх цацак, – працягвае Гелагаеў. – Таму надзвычай рэдка ў крамах мы можам сустрэць цацачных жаўнераў альбо тэхніку з беларускай сімволікай».

Падобныя гульні з дзіцячай свядомасцю сапраўды маглі б падацца курёзам, каб не вайна ва Украіне і ўсё больш навязлівая расейская вайсковая прысутнасць у Беларусі, якая неймаверным гратэскам адбіваецца на паліцах цацачных крамаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў