Як я атрымаў пашпарт княства, у якім нявестаў падбіралі па вопратцы


«Мы – жыхары княства, таму называемся ксенжакамі. На нашай зямлі самыя прыгожыя дзяўчаты. У адну закахаўся нават Напалеон», – з гонарам падкрэсліваюць жыхары польскага гораду Ловіч.

Даехаць з Варшавы да Ловічу можна менш чым за гадзіну. Штогод у гэты невялікі гарадок прыбываюць натоўпы турыстаў ды пілігрымаў, каб узяць удзел у працэсіі з нагоды каталіцкага свята Божага Цела. Тутэйшыя жыхары адмыслова дзеля гэтай урачыстасці апранаюцца ў традыцыйныя строі з каляровай вышыўкай, характэрнай толькі для гэтага рэгіёну Польшчы.

– Я атрымала свой строй ад бабулі, – дзеліцца пад касцёлам маладая дзяўчына. – Яна ў гэтым адзенні выходзіла замуж, ішла да шлюбу. І цяпер бабуля надта перажывала, каб я на сонцы не стаяла, бо вышыўка можа выліняць.
– Некалі ксянжанкі, гэта значыць жыхаркі Лавіцкага княства, спаборнічалі, у каго больш вышыўкі на бялёнцы (традыцыйнай белай кашулі – аўт.), – распавядае іншая маладзіца. – Лічылася, што чым больш узораў, тым багацейшая дзяўчына, тым яна больш прывабная для жаніхоў.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Ловіч – старэйшы за цяперашнюю польскую сталіцу Варшаву, з гонарам падкрэсліваюць гараджане. З XII стагоддзя селішча разам з навакольнымі вёскамі належала арцыбіскупам з Гнезна, дзе да XIV стагоддзя адбываліся каранацыі польскіх манархаў. Гнезненскі арцыбіскуп меў ганаровы тытул прымаса (primus – першы на лацінскай мове) і ў часы бескаралеўя з’яўляўся кіраўніком краіны. Ловіч, які арцыбіскупы абралі сваёй рэзідэнцыяй, фактычна быў у такія часы сталіцай Польшчы.

З цягам часу Ловіч і наваколле пачалі называць Лавіцкім княствам, паколькі Гнезненскія арцыбіскупы імкнуліся атрымаць тытул князя. Лавіцкае княства як тэрытарыяльную адзінку захавала Прусія, якая захапіла гэтыя землі ў канцы XVIII стагоддзя. Засталася гэтая назва і пазней у Расейскай Імперыі. У 1820 годзе расейскі цар Аляксандр падараваў горад свайму брату князю Канстанціну і ягонай жонцы Яанне, якая атрымала тытул княгіні Лавіцкай. Княства фактычна праіснавала фактычна да І сусветнай вайны. Цяпяр жа яго былая сталіца налічвае каля 30 тыс. жыхароў і з’яўляецца толькі цэнтрам павету.

– Калі нехта і цяпер скажа пра сябе «ксянжак» ці «ксянжанка» – ведайце, што гэта людзі з Ловічу, – адзначае маладая гараджанка.

– Ловіч славіцца таксама сваймі прыгожымі дзяўчатамі, – даводзіць высокая спадарыня ў традыцыйнай вопратцы. – Нават Напалеон знайшоў сабе тут каханку – пані Валеўскую, якая паходзіла з-пад Ловічу. Але ў нас і прыгажэйшыя за яе былі, і дагэтуль ёсць.

З касцёлу ўрачыста выходзіць працэсія. Звіняць званы. Людзі ў стракатых строях – ад старэйшых да тых, каго вязуць у дзіцячых вазках. Трапечуць на ветры харугвы. Грае аркестр. Навокал цэлыя воблакі кадзільнага дыму. Біскуп пад балдахінам і з пазалочанай манстранцыяй у руках, у якой віднее кавалак белага хлеба. «Хлеб стаўся на алтары Божым Целам», – тлумачыць мне як іншаземцу адна з бабуль, укленчваючы. Працэсія мае затрымацца па чарзе каля 4 алтароў, каля кожнага з якіх чытаецца ўрывак аднаго з 4-ох Евангелляў. Натоўпы стаяць паабапал вуліцы, пільна сочачы за ўдзельнікамі працэсіі.

– Глядзіце, там дзяўчаты са Славакіі, – паказвае нехта рукою. – Прыехалі да нас спецыяльна з Татраў.
Шчоўкаюць фотаапараты. Чуюцца розныя мовы, некаторыя з якіх распазнаць вельмі не лёгка. У каляровых строях – цэлыя сем’і. Традыцыйныя лавіцкія ўзоры нават на літургічных шатах святароў. «Лавіцкая княжна – Маці Божая», – віднеецца на некалькіх харугвах.

Працэсія адыходзіць ад чарговага алтара, упрыгожанага маладымі дрэўцамі. Іх галінкі вернікі спяшаюцца абламаць.
– Навошта ламіце галінкі? – пытаюся.

– Не ведаю, – адказвае маладзён. – Я ўвогуле ў Бога не веру, але мае бацькі ламалі гэтыя дрэўцы, а перад гэтым мае дзяды, – і я ламаю.

Пасля працэсіі людзі разбрыдаюцца па горадзе. Шмат хто ідзе на пляц, на якім гандлююць рэгіянальнымі прадуктамі ды выступаюць мясцовыя калектывы.

– Мы ўрачыста ўручаем вам пашпарт Лавіцкага княства, – звяртаюцца да мяне дзве маладыя дзяўчыны.
– Вялікі дзякуй, а за што мне такі гонар?
– Сёння кожны турыст можа атрымаць гэты дакумент, які пацвярджае тытул «госця Ловічу», – тлумачаць мясцовыя жыхаркі.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Пляц віруе людзьмі. Наўзбоч у цяньку прадае посцілкі, узорыстыя хусткі ды каляровыя спадніцы старэнькая бабуля.
– Вы самі робіце гэтыя рэчы? – пытаюся.
– Не, дзе там мне самой рабіць, застарая я ўжо, – адказвае з ветлівай усмешкай. – Гэта я некалі ў маладосці рабіла. Нешта мама мне мая пакінула. Вось маю хустку, якой больш за 50 гадоў і выглядае як новая, хоць ні разу не мытая. Даўнейшыя людзі шанавалі такія рэчы. Я прадаю, бо маім дзецям гэта не трэба. Яны жывуць у вёсцы, у іх іншыя густы. Як я памру, дык яны выкінуць ці спаляць.
– Дык гэта, можа, вашыя вясельныя рэчы?
– Не, я замуж пайшла за нялюбага, таму не зрабіла сабе строю.
На хвілю спадарыня замаўкае, прызадумваецца, разглядаецца па баках, але, пабачыўшы маю цікавасць, разгаворваецца:

– Мой кавалер павесіўся змоладу. Мы моцна кахаліся, але я была з незаможнай сям’і. Ягоныя бацькі былі супраць, каб ён мяне браў. Хлопец меўся пасля вяселля да мяне пераехаць. Ягоная сям’я не хацела адпускаць, бо не было б каму на гаспадарцы працаваць. Не ведаю, што яны яму казалі, як яго бэсцілі, калі ён са змовінаў вярнуўся… Але ён прапаў вечарам. Пайшоў бацька ў абору, а той вісіць на бэльцы. А хлопец быў высокі – ногі па зямлі шаруюцца.

Спадарыня зноў змаўкае, а на вачах у яе слёзы. Я прыпусціў галаву, разгублены яе нечаканай шчырасцю.
– Як я плакала, як я галасіла, – цягне далей бабуля. – Але бацькі не пусцілі мяне на пахаванне. Сказалі: «Як пойдзеш, то людзі будуць смяяцца. Будуць думаць, што праз цябе павесіўся». У мяне ногі потым адняло з нерваў, я хадзіць не магла. Мяне і маці нарачонага кляла, але потым ён ёй прысніўся і сказаў, што я невінаватая. Ён і мне сніўся – аднаго разу нібы завёў у пакой поўны кветак. Мяне ж сілком аддалі замуж за такога, што не гарыць і не тоне… Да работы ён не хінуўся, подлы быў, фальшывы. Надта я яго не любіла, мучылася з ім, цярпела. Але ён памёр. Я ж на магілку не да яго хаджу, а да таго, каго ў маладосці кахала. Толькі не на Дзяды хаджу ці на свята якое, а ў будні дзень, каб мяне ніхто не пабачыў, а то ж мне жыць не дадуць, смяяцца будуць.

Спадарыня зноў задумалася.
– Можаце пусціць маю гісторыю ў Беларусь, але ў Польшчы яе не публікуйце, бо мяне заядуць суседзі, – папрасіла старэнькая. – Можа, гэта будзе навукай для некаторых, каб не шукалі шчасця для дзяцей у грашах і багацці…
У сталай ксянжанкі задрыжэў голас, закалаціліся рукі. Гэтак Ловіч знаёміў мяне са сваёй гісторыяй.
Старыя хронікі пішуць, што некалі гэты горад дашчэнту абрабавалі ліцвіны. Цяпер жа я, нашчадак жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пабываў там з мірам, але горад шчодра адарыў мяне памяццю сваіх людзей.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў