Кранальныя фота і відэа з апошняга званка ў Горадні


Белыя галубы, апошні вальс з бацькамі ды слёзы ўжо дарослых дзяўчат.

Перадапошнім травеньскім днём развітальны званок празвінеў і ў гарадзенскіх школах. У Горадні са школай развіталіся больш за 1800 адзінаццацікласнікаў.

Першая гарадзенская гімназія з фізіка-матэматычным ухілам не выключэнне. Установа традыцыйна лічыцца элітнай, што пацвярджаюць дарагія бацькоўскія машыны на паркоўцы і галубы, якія ўзлятаюць з перспектывай на бернардынскі касцёл, а не на які-небудзь школьны стадыён. Усё ж такі, цэнтр гораду.

Месцам збору яшчэ ўчорашніх школьнікаў стаў парк Жылібера. Атракцыёны, кавярні, …адзінае, што без купання ў фантанах гэтым разам. Фантаны па ўсім горадзе надзіва стаялі пустыя і некранутыя, а можа ўсяго толькі ў чаканні выпускных?..

Наперадзе ў маладзёнаў экзамены, а на пятніцу 12 чэрвеня прызначаныя выпускныя балы. Яшчэ праз дзень – пачатак тэстаў і адразу ж тэст па беларускай мове, 14 чэрвеня. Таму – сумаваць няма калі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў