Спроба скончылася няўдачаю: беларускія памежнікі не заўважылі схаванай жанчыны, у той час як іхныя польскія калегі выявілі жывую кантрабанду.
Мужчыну, які ехаў цягніком Масква-Ніца, затрымалі на пераходзе Тэрэспаль-Берасце. У пасажыра была вялікая валізка, якая і прыцягнула ўвагу польскіх памежнікаў.
Жанчына не мела адпаведных дакументаў для мінання мяжы, паведамляе старонка польскіх памежнікаў.
Паводле прэс-сакратара памежнай службы Дар’юша Сеніцкага, яна магла легальна мінуць мяжу. Нягледзячы на адсутнасць шэнгенскай візы, дзейныя еўрапейскія дырэктывы дазваляюць уязджаць на тэрыторыю Еўразвязу без візы, але ў выпадку суправаджэння сужэнца.
Цяпер абодвум за спробу незаконнага мінання мяжы пагражае пакаранне да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Сёння стала вядома, што пасля інцыдэнту беларускія памежнікі ўзмоцняць кантроль валізак, піша «Еўрарадыё».
Паводле старшыні прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі, памежнікі любой краіны больш пільна працуюць на ўезд грамадзянаў, а не на выезд за мяжу.
«Але гэта нагода нам працаваць больш пільна і на выезд. Гэта як з тайнікамі ў аўтах: любы новы тайнік заносіцца ў нашую базу і потым гэтым тайнікам надаюцца больш увагі. Значыць, цяпер будзем правяраць пільней і валізы. Па гэтым выпадку і наступствах яшчэ будзем разбірацца, я не маю падрабязнасцяў».
ДР, belsat.eu