Парашэнка паабяцаў прэміі кіроўцам, якія вывелі тэхніку з Дэбальцава


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка наведаў у Арцёмаўску выведзеных з Дэбальцава ўкраінскіх вайскоўцаў.

Парашэнка выказаў падзяку камандзіру 128-й Мукачаўскай горна-пяхотнай брыгады палкоўніку Сяргею Шаптале, якому прысвоіў званне Героя Украіны, ды асабоваму складу «за ўзорнае выкананне баявога задання, за мужнасць і гераізм, прадэманстраваныя цягам 6 месяцаў». «Сёння вамі ганарыцца не толькі Мукачава і Закарпацце, але ўся Украіна», – сказаў лідар Украіны, падае unian.net.

Ён заявіў, што кожнаму механіку-кіроўцу, які вывеў тэхніку з поля бою, будзе выплачана прэмія і падвышаная зарплата, а ўсе часткі, якія выйшлі з Дэбальцава, будуць адпраўленыя на ратацыю.

Камандзір 128-й Мукачаўскай горна-пяхотнай брыгады Герой Украіны Сяргей Шаптала падкрэсліў, што жаўнеры імкнуліся трымаць пазіцыі да апошняга. «Скажу за сваю брыгаду, за кожнага свайго вайскоўца – задачы свае яны выканалі ў поўным аб’ёме. Ніхто з байцоў не адышоў, не пакінуў свае пазіцыі. Лічу, што гэта гераізм кожнага жаўнера« – сказаў камандзір, заўважыўшы, што вайскоўцы сталі перагрупоўваюцца толькі пасля таго, як ім загадаў Генеральны штаб.

Узброеныя сілы Украіны і Нацгвардыя пакінулі Дэбальцава 18 лютага. Напярэдадні частку гораду захапілі прарасейскія тэрарысты.

МЯ, паводле unian.net

Стужка навінаў