Выбух у Харкаве. Пацярпела 12 чалавек


Выбух каля харкаўскага суда прагрымеў пасля таго, як завяршылася судовае пасяджэнне па справе сябра партыі «Свабода».

Як паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» дарадца міністра Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка, у выніку сённяшняга выбуху ля Маскоўскага райсуда ў Харкаве пацярпела 12 чалавек. Цяпер, паводле ягоных словаў, на месцы працуе 8 брыгад хуткай дапамогі, піша segodnya.ua.

Чацвёра чалавек вельмі цяжка параненыя, але іх ужо завезлі ў бальніцу, падае kp.ua. Адна з траўмаваных – 19-гадовая дачка мужчыны, справу якога разбіралі ў судзе.

Паводле папярэдняй інфармацыі, выбух адбыўся пасля таго, як завяршылася судовае пасяджэнне па справе сябра партыі «Свабода» па прозвішчы Сакалоў.

«Ён абвінавачваўся ў тым, што 26 кастрычніка прыйшоў на выбарчы ўчастак са зброяй. На судзе была ягоная група падтрымання. Пасля заканчэння суда яны выйшлі з будынку, і адразу прагучаў выбух. Пакуль рана рабіць якія-небудзь высновы – гэта тэрарыстычны акт або нехта з прыяцеляў абвінавачанага прыйшоў на суд з гранатай», – напісаў Герашчанка.

МЯ, паводле segodnya.ua, kp.ua

Стужка навінаў