Берасцейцы выратавалі кацяня, якое прасядзела на дрэве больш за тыдзень


Ні адна дзяржаўная структура не змагла прыйсці на дапамогу кацяняці, якое прасядзела на дрэве 9 дзён, і толькі дзякуючы дапамозе неабыякавых людзей жывёліну ўдалося выратаваць.

Берасцейка Іна гуляла ў мікрараёне Паўднёвы і выпадкова на сасне на вышыні 20 метраў пабачыла кацяня. Выратаваць жывёліну самастойна не ўдалося, і тады людзі пачалі звяртацца па дапамогу да прадстаўнікоў дзяржаўных установаў, але і яны нічога, на жаль, не змаглі зрабіць. Хаця звярталіся і да МНС, і ў ЖКХ, і да аварыйна-дыспетчарскай службы электрасетак.

Жыццё кацяня выратавалі валанцёры з суполкі «Animalhelp». Яны паклікалі на дапамогу альпіністаў, але і іх першая спроба аказалася не ўдалай, кот узняўся яшчэ вышэй на метраў пяць. На наступны дзень выратавальная аперацыя мела поспех, дзякуючы берасцейскаму альпіністу Дзянісу кацяня апынулася на зямлі.

Кажуць, рыжым шанцуе, вось і нашаму маленькаму герою пашанцавала. Валанцёры адвезлі кацяня ў лякарню, дзе спецыялісты сказалі, што гэта цуд, што пасля такога працяглага тэрміну на холадзе, без ежы і вады кату ўдалося застацца жывым – распавяла «Белсату» валанцёрка Ірына.

Спадарыня Ірына думае, што кацяня на дрэва загналі сабакі, і не памятае падобных выпадкаў. – было, канешне, каб кот залазіў на дах, але каб столькі часу кацяня правяло на дрэве і выжыла – гэта проста неверагодна! – кажа Ірына.

Зараз кацяня знаходзіцца ў валанцёрак і для яго шукаюць гаспадара.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў